Ордэнам Маці сёлета ўзнагароджана матуля пецярых дзяцей, жыхарка райцэнтра Анжаліка Пятрова. Высокую дзяржаўную ўзнагароду шматдзетнай матулі падчас свайго нядаўняга візіту на Петрыкаўшчыну ўручыў Упраўляючы справамі прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў.
Пасля ўрачыстасці Анжаліка Сяргееўна шчыра прызналася:
– У час цырымоніі ўзнагароджання адчувала прыемнае хваляванне і гонар. Атрыманне ордэна – падзея важная і хвалюючая для ўсёй нашай вялікай сям’і, родных, блізкіх і сяброў. Я столькі віншаванняў пачула гэтымі днямі, столькі цёплых і шчырых пажаданняў!
Так, атрымаць Ордэн Маці – вялікі гонар і адказнасць. І ўсё ж галоўнай узнагародай лічу шчаслівыя ўсмешкі сваіх дзетак.
Да ордэна дакладна ніколі не імкнуліся з мужам, а вось мець вялікую сям’ю хацелася. Я была адзіным дзіцям, у сям’і мужа было трое дзяцей. Сёння я цвёрда пераканана: гэта так добра, калі ёсць з кім пагаварыць, параіцца, паспадзявацца на каго, калі праблема якая.
Сваё жаночае шчасце Анжаліка Сяргееўна знайшла ў другім шлюбе. Канстанцін стаў сапраўдным бацькам для яе старэйшых дзяўчынак: любячым і клапатлівым, і ў той жа час строгім і патрабавальным.

Старэйшай Ганначцы ўжо васямнаццаць, яна працуе. Шаснаццацігадовая Ксюша вучыцца на настаўніка ў каледжы імя Выгоцкага ў абласным цэнтры. Аляксандры – адзінаццаць і яна вучаніца першай гарадской школы. Шасцігадовая Уладзіслава сёлета рыхтуецца стаць першакласніцай. Малодшы трохгадовы Арцёмка – адзіны сыночак у сям’і, ходзіць у дзіцячы садок. Дзеці актыўныя і творчыя, заўсёды радуюць бацькоў сваімі дасягненнямі.
– У нас так павялося ў сям’і з самага пачатку: старэйшыя дзеці з меншымі – адзін за аднаго. Апошнім падзеляцца. Былі такія выпадкі ў дзіцячым садку, у школе: салодкі стол, дзень нараджэння. Яны ў розных групах, класах, але прынясуць цукерку ці пячэнне дадому – не будуць есці, хоць патрошкі, але пачастуюць адзін аднаго. З дзяцінства ў кожнага свае абавязкі: няма такога – вось, маўляў, я ўчора гэта рабіў, а сёння не буду. Прыйшлі са школы, пераапрануліся, паабедалі, калі трэба памыць посуд – памыюць, збегаць у краму – збегаюць, вынесці смецце – вынясуць.
У нашай сям’і самы аўтарытэтны чалавек – бацька: строгі, любіць, каб усё было “па палічках”, а матуля, ведаюць, што накрычыць і адразу ж пашкадуе. Мне трэба іх абняць, прытуліць да сябе.
Анжаліка Сяргееўна лічыць, што ў гэтым і ёсць мацярынскае шчасце: любіць, шкадаваць, аберагаць, падтрымліваць, супакойваць. А яшчэ заўважае:
– Каб не было такой падтрымкі з боку нашага Прэзідэнта, не было б, можа, і маёй такой дружнай, вялікай сям’і! Не рызыкнулі б на пецярых – спыніліся б на траіх. Прыемна, што дзяржава не забывае шматдзетныя сем’і і аказвае нам неабходную падтрымку, а мы, у сваю чаргу, будзем старацца выхаваць нашых дзяцей годнымі грамадзянамі краіны.
На пытанне: што дае сілы выхоўваць пяцёра дзяцей і жыць штодня іх клопатамі і марамі, мая суразмоўца адказала, што і яна, і муж Канстанцін заўсёды хацелі вялікую і дружную сям’ю, таму ніколі не ўспрымаюць дзяцей як цяжар. Ды і дзеці ў іх спакойныя, паслухмяныя і працавітыя. Старэйшыя заўсёды дапамогуць з няхітрымі хатнімі клопатамі, прыгледзяць за малодшымі.
– Дзеці – мая радасць і шчасце, я імі вельмі ганаруся і зраблю ўсё, каб яны выраслі добрымі і сумленнымі. Да таго ж бабулі Галіна і Таісія заўсёды побач. Адным словам, мець вялікую сям’ю – гэта сапраўднае шчасце для любой жанчыны-маці, – пазначыла Анжаліка Сяргееўна.
Слухаючы шчыры і пранікнёны аповед сваёй гераіні, не аднойчы спаймала сябе на думцы: сям’я Пятровых – месца, дзе жыве простае шчасце людское, дзе смачна пахне абедам, гучыць дзіцячы смех, на сямейнай нарадзе вырашаюцца важныя пытанні, дзе дарослыя за дзяцей, а дзеці за дарослых.
Гераіня ў час размовы неаднойчы паўтарыла: сям’я – самае каштоўнае, што ёсць у яе жыцці, а дзеці – вялікае шчасце, светлая надзея і сэнс жыцця. Для іх Канстанцін і Анжаліка жывуць, працуюць, стараюцца. Мараць, каб у іх было ўсё добра, каб у будучым яны выраслі працавітымі і спагадлівымі людзьмі.
Што да мары шматдзетнай маці, то і тут усё надзвычай проста і зразумела: каб дзеці выраслі сапраўднымі людзьмі і знайшлі сябе ў жыцці, каб яны былі здаровымі і жылі пад мірным небам.
У завяршэнні размовы Анжаліка Сяргееўна пажадала ўсім матулям Петрыкаўшчыны моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнай цеплыні, утульнасці, штодзённых усмешак, запалу ў вачах, спакою на душы і простага мацярынскага і жаночага шчасця.

 

Галіна КАЗАК, фота аўтара, з сямейнага архіва сям’і Пятровых.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о