Заўтра медыцынская супольнасць краіны адзначыць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні ўрачыстасці мы сустрэліся з Вольгай Сяровай, памочнікам урача-гігіеніста санітарна-эпідэміялагічнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Вольга Валянцінаўна распавяла пра свой шлях у прафесію і будні гігіеніста.

Фактычна да выпускнога вечара наша гераіня марыла стаць настаўнікам, аднак, закончыўшы Чалюшчавіцкую школу, “за кампанію” з сяброўкамі-аднакласніцамі паехала паступаць у Гомельскі медыцынскі каледж. Па іроніі лёсу з кампаніі аднакласніц студэнткай медустановы стала толькі Вольга. Гады вучобы наша суразмоўца ўспамінае не толькі як час набыцця неабходных для добрага спецыяліста грунтоўных тэарэтычных і практычных ведаў, але і як перыяд усведамлення важнасці і значнасці абранай прафесіі.
– З кожнай парай, з кожным практычным заняткам я усё больш пераконвалася ў правільнасці свайго прафесійнага выбару. Час вучобы праляцеў вельмі хутка. Будучы мэтавіком, я размеркавалася ў родны раён, у РЦГіЭ, і з таго часу я тут. Па прашэсці 22 гадоў працы ў РЦГіЭ нічога не змянілася – я вельмі люблю сваю прафесію, лічу яе надзвычай важнай і патрэбнай, – падзялілася Вольга Валянцінаўна. – Мы, як і нашы калегі з ЦРБ, стаім на варце жыцця і здароўя землякоў. Што да складанасцяў працы, то, па словах нашай гераіні, складана заўсёды сутыкацца з сітуацыяй, калі існуе пагроза не толькі здароўю, але і жыццю чалавека. Аднак, дзякуючы прафесійнай зладжанай рабоце каманды, калектыў РЦГіЭ з пастаўленымі задачамі і выклікамі спраўляецца.
За два дзесяцігоддзі працы ў РЦГіЭ Вольга Валянцінаўна набыла каласальны вопыт, адпрацаваўшы пэўны час ў эпідэміялагічным аддзеле, пасля адказвала за гігіену харчавання, была лабарантам, інструктарам-валеолагам, давялося нават выконваць абавязкі сакратара і спецыяліста аддзела кадраў. Па словах суразмоўцы, падабалася працаваць па фарміраванні ў жыхароў раёна здаровага ладу жыцця і адказваць за гігіену дзяцей і падлеткаў. Кола абавязкаў заўсёды заставалася вялікім, адказнасць – сур’ёзная, але любоў да прафесіі медыка не дазваляла адчуваць цяжкасці. Наадварот, прыносіла задавальненне.
– Гэта ж цудоўна весці сярод насельніцтва раёна работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Тут і асабістая гігіена, і здаровае харчаванне, і заняткі спортам, і спосабы пазбаўлення ад шкодных звычак. Дарэчы, у сваёй сям’і, а ў мяне трое дзетак, мы з мужам імкнемся прытрымлівацца ЗЛЖ. Лічу, што сёння здаровым быць модна.
Вольга Валянцінаўна вядзе цеснае супрацоўніцтва з медыкамі раённай бальніцы. Разам ладзяць акцыі, рэалізоўваюць прафілактычныя праекты. А яшчэ наша гераіня заўсёды добрым словам падбадзёрыць чалавека, настроіць на пазітыў. Вядома, на гэта трэба ўменне і вытрымка. Але ўсё да яе прыйшло з практыкай. Бо ў медыцыне яна не навічок.
Напярэдадні прафесійнага свята Вольга Сярова адрасуе калегам найлепшыя пажаданні: міру, згоды ў сям’і і калектыве, плённай працы, спакою і дабрабыту.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о