Заявіць пра сябе ва ўмовах высокага суперніцтва і канкурэнцыі

0
230

Прыемная навіна. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, старшакласнікі Петрыкаўшчыны атрымалі пяць дыпломаў. Лідарамі алімпіяднага руху сталі дзяржаўныя ўстановы адукацыі “Гімназія горада Петрыкава, “Сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава”, “Курыціцкая сярэдняя школа”.

Героі нашага матэрыялу – пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, дзесяці-класнікі гарадской гімназіі і іх настаўнікі, якія паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі, прадэманстраваўшы глыбокія веды, логіку, эрудыцыю, высокі прафесіяналізм.

Заявіць пра сябе ва ўмовах  высокага суперніцтва і канкурэнцыі
– Захапляюся рускай мовай і літаратурай з чацвёртага класа. Менавіта мая першая настаўніца Наталля Віктараўна Добаш зацікавіла мяне гэтым прадметам, а калі ў сярэднім звяне я трапіла на ўрокі Людмілы Арсеньеўны Мчэдлавай, то асаблівыя адносіны да “великого и магучего” я адчула шматразова, – пачынае размову ўладальніца дыплому I ступені па вучэбным прадмеце “Русская мова” і “Руская літаратура” Аляксандра Булава. – Людміла Арсеньеўна, настаўнік, з якім хочацца займацца і ў час урокаў, і пасля. Мне імпануе яе манера даносіць матэрыял, уменне мець зносіны з вучнямі, яна заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы. Адзначу, што мая настаўніца строгая і патрабавальная, але гэтыя якасці больш праяўляюцца ва ўрочны час. У пазаўрочны – Людміла Арсеньеўна мой класны кіраўнік, яна наш першы памочнік і дарадца.

Аляксандра часта з настаўніцай застаецца пасля ўрокаў, каб больш паглыблена вывучаць прадмет. Іх цесны тандэм – “настаўнік – вучань” доўжыцца гады. Гэта цяжкая праца для абедзвюх, але прыносіць свае вынікі не першы год: гімназістка ў мінулым годзе прывезла на малую радзіму перамогу рэспубліканскага ўзроўню.

Заявіць пра сябе ва ўмовах  высокага суперніцтва і канкурэнцыіСа слоў нашай наступнай гераіні, любоў да беларускай мовы прывіла таксама настаўніца пачатковых класаў. І так, як яны з Аляксандрай аднакласнікі – то гэта – Наталля Віктараўна Добаш. Маргарыта Жукавец – уладальніца дыплому II ступені па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” тлумачыць выбар прадмету для паглыбленага вывучэння так: “Наша родная мова мілагучная, непаўторная і блізкая нам – як ёю не захапляцца?”. Дарэчы, размову з юнай зямлячкай мы вялі на “матчынай” мове і слухаць дзяўчыну было адно задавальненне.

Зразумела, што ў такога ўзроўню абласных мерапрыемствах удзельнічаюць лепшыя з лепшых вучняў, хто змог выбудаваць творчую і адваротную сувязь з педагогам. У Маргарыты з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Аленай Уладзіміраўнай Трухановіч склаўся трывалы саюз.

– У сярэднім звяне ў маім жыцці з’явіўся настаўнік, які адкрыў прыгожы свет беларускай мовы, – дзеліцца гімназістка. – Спачатку былі спробы пад яе кіраўніцтвам удзелу ў конкурсах, школьных алімпіядах. Праз пэўны час адзначыла для сябе, што чакаю дадатковых сустрэч з Аленай Уладзіміраўнай, што хочацца даведацца больш, спраўляцца з цяжкімі заданнямі. Алімпіядны рух мяне “зацягнуў”. Дарэчы, дыпломы абласнога ўзроўню атрымлівала ў чацвёртым і сёмым класах.

Вучаніца не хавае, усім навучэнцам, хто ўдзельнічае ў алімпіядах любога ўзроўню, для дасягнення жаданага поспеху патрэбна шмат працаваць. Але калі гэтыя старанні прыносяць вынік – эмацыянальны ўздым проста неверагодны!

Заявіць пра сябе ва ўмовах  высокага суперніцтва і канкурэнцыі

Высокая адзнака на алімпіядзе – дыплом I ступені па вучэбным прадмеце “Англійская мова”, заслуга дзесяцікласніка Глеба Бурміча і яго настаўніцы Рагалевіч Ірыны Міхайлаўны. Гэта той выпадак, калі педагог дае якасныя веды вучню, а той іх з удзячнасцю прымае.
– Сур’ёзна я зацікавіўся англійскай мовай у класе сёмым. Заўсёды з зайздрасцю слухаў людзей, якія без цяжкасцяў размаўляюць на замежнай мове. Дапамагае мне ў дасягненні такога ўзроўню валодання замежнай мовай настаўнік Ірына Міхайлаўна.

Вучань разважае, што добрае веданне адной з замежных моў адкрывае маладым лю-дзям у будучыні дадатковыя перспектывы. Хто можа выключыць, што некалі будучая прафесія “не патрабуе” мець зносіны з замежнымі партнёрамі? Ці давядзецца пабываць за мяжой, дзе без ведання англійскай мовы прыйдзецца цяжка? “У любым выпадку: той досвед, які я атрымліваю на дадатковых занятках з настаўнікам, удзел у алімпіядах і конкурсах – ён у жыцці спатрэбіцца. Гэта рух наперад, новыя веды, эмоцыі, знаёмствы – упэўнены юнак.

Глеб дзеліцца, што ўдзел у абласным этапе патрабаваў ад удзельнікаў не толькі ведаў, але і камунікабельнасці, умення выходзіць з няпростых сітуацый, арыентавацца ў незнаёмых умовах. Усяму гэтаму гімназіста вучыць Ірына Міхайлаўна, якую ён паважае, і запасу ведаў якой не перастае здзіўляцца. Яна для яго прыклад таго, што чалавек заўсёды павінен ісці наперад, адкрываць для сябе новыя гарызонты. Дарэчы, у час наведвання гімназіі Ірына Міхайлаўна знаходзілася ў Мінску, дзе асвойвае яшчэ адну замежную мову – кітайскую, што дэманструе мэтанакіраванасць педагога.

Алімпіядны рух у нашай краіне з’яўляецца яркай старонкай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Дзяржава надае вялікую ўвагу і стварае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Але галоўная задача па выяўленні адораных дзяцей, арганізацыі работы з імі, стаіць перад установамі адукацыі. Ад сістэмы работы з матываванымі вучнямі, пераемнасці пачатковага і сярэдняга звяна і залежыць будучы поспех. Гісторыя нашых герояў – сведчанне таго, што ва ўстанове адукацыі, якую яны наведваюць, дадзеная работа пастаўлена на належны ўзровень.

Аляксандра, Маргарыта і Глеб вельмі матываваныя вучні. Яны таленавітыя, актыўныя, удумлівыя. Поспех маладых людзей на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды – агульны поспех вучняў, настаўнікаў, якія захапілі сваім прадметам, бацькоў – хто заўсёды побач са сваімі дзецьмі.

Зусім хутка гімназісты будуць прадстаўляць Гомельшчыну на Рэспубліканскім узроўні. Пажадаем ім поспеху!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о