На што мы, кліенты, звычайна звяртаем увагу, калі заходзім у банк аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць пенсію ці набыць замежную валюту? За камп’ютарамі сядзяць прыгожыя жанчыны і маладыя дзяўчаты ва ўніформе і выконваюць нейкія аперацыі, незразумелыя пераважнай большасці з нас. А што адбываецца насамрэч у месцы, дзе ўвесь час вядзецца падлік і рух грошай, якая адказнасць ляжыць на далікатных плячах працаўніц і колькі гадзін яны сапраўды праводзяць на працоўным месцы, распавяла ўпраўляючы аперацыйнага аддзела ЦБУ № 320 ААТ “ААБ Беларусбанк” Аляксандра Хальчэня.
Шлях у прафесію Аляксандры Васільеўны быў свядомы і мэтанакіраваны: яна з дзяцінства марыла працаваць у банку. Пасля заканчэння першай гарадской школы Аляксандра паступіла ў Гомельскае вучылішча на кантралёра-касіра. Працоўную дзейнасць пачала ў 1995 годзе ў Капцэвічах, некаторы час працавала ў аддзяленні ў Муляраўцы. Як згадвае наша суразмоўца, на пачатку прафесійнай дзейнасці даводзілася шмат аперацый рабіць уручную: плацяжы, пералічэнні заработнай платы, кантроль і апрацоўка дакументаў. Вельмі ўдзячна Аляксандра Васільеўна вопытным калегам, якія дапамагалі асвойваць прафесію. З 1998 года жанчына працуе ў ЦБУ № 320 райцэнтра. За час станаўлення ў прафесіі скончыла банкаўскі каледж і Палескі ўніверсітэт. Як зазначыла ўпраўляючы аперацыйнага аддзела, таго патрабаваў час, новыя ўвядзенні і пашырэнне спектра паслуг патрабавалі новых ведаў і кампетэнцый, пры гэтым і самой падабалася вучыцца, павышаць кваліфікацыю.
– Ведаеце, нашу працу ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: унутраная і знешняя. Гэта для кліента банк пачынае працаваць з 9 гадзін раніцы, усе ж супрацоўнікі займаюць свае працоўныя месцы загадзя. А ўсё таму, што неабходна прывесці ў парадак працоўнае месца, выдаць кожнаму пэўную суму грошай, праверыць базу дадзеных, адным словам, быць гатовым да абслугоўвання кліентаў, – дзеліцца ўпраўляючы аперацыйнай службай. – Акрамя таго, што наш працоўны дзень пачынаецца значна раней, ён і заканчваецца пазней. Кожны супрацоўнік абавязаны праверыць усю інфармацыю, якая прайшла праз яго за дзень, пералічыць грошы і аформіць усё дакументальна, прытрымліваючыся інструкцыі. Падчас працы нельга адцягваць увагу на тое, што не тычыцца банкаўскіх спраў. Павінна быць поўная засяроджанасць. Мы строга сочым за выкананнем усіх гэтых правілаў, бо супрацоўнікі – твар нашай арганізацыі, яны ствараюць рэпутацыю. Гэта наша ўнутраная праца.
Але, акрамя гэтага, тыя, хто працуюць у банку, павінны не толькі быць знаўцамі правядзення грашовых аперацый, але і тонкімі псіхолагамі. Прывітанне, усмешка, устанаўленне кантакту і кансультаванне – вось, што з’яўляецца нашай першараднай задачай. Людзі бываюць розныя, і банкаўскія служачыі павінны ўмець знайсці падыход да кожнага, і нават у сітуацыі з незадаволеным кліентам мы павінны трымацца ўпэўнена і добразычліва. Гэта нашая праца, і калі мы хочам выканаць яе добра, то павінны не толькі старанна весці ўлік грашовых аперацый, але і выклікаць у людзей жаданне звярнуцца ў наш банк зноў, – пазначыла ў час размовы Аляксандра Васільеўна і дадала: – Мы сёння прапануем мноства паслуг і наша мэта – зразумела і даступна растлумачыць кліенту, што кожная з іх прадстаўляе. Цяпер, напрыклад, вельмі актуальная паслуга страхавання: у любы час можна заключыць дагавор аб страхаванні банкаўскай карткі, дзяцей, маёмасці. У нас заўсёды дзейнічаюць прапановы аб адкрыцці новага рахунку і ўсё гэта суправаджаецца зніжкамі.
На пытанне, наколькі фінансава адукаваныя сёння нашы суайчыннікі, упраўляючы аперацыйнага аддзела пазначыла:
– Наша насельніцтва досыць адукаванае ў фінансавым плане. Гэта вынік і працы дзяржавы ў цэлым, і працы банкаў. Сёння з кожнага тэлевізара расказваюць пра ашуканцаў, і мы ў сваю чаргу таксама стараемся працаваць над фінансавай адукаванасцю людзей.
Зразумела, што ёсць больш уразлівыя пласты насельніцтва – у першую чаргу пажылыя людзі. Мы наведваем тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, сустракаемся з пенсіянерамі, расказваем ім пра новыя схемы махлярства і пра тое, як пазбегнуць страты сваіх назапашванняў, таму што разумеем: на вуду ашуканцаў у першую чаргу трапляюцца менавіта прадстаўнікі старэйшага пакалення. Што да моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, сёння ў нашай краіне большасць з іх добра разбіраюцца ў пытаннях кіравання сваімі фінансамі, карыстаюцца інтэрнэт-банкінгам, гатовы разбірацца і асвойваць новыя банкаўскія прадукты. Больш сталым людзям даводзіцца тлумачыць падрабязней. Справа тут у тым, наколькі пажылыя самі жадаюць у гэтым разабрацца. Ёсць катэгорыя людзей, якія не хочуць асвойваць сучасныя банкаўскія прадукты і тэхналогіі і ніколі нават не спрабавалі. Мы гэта прымаем, бо гаворка пра асабісты выбар кожнага чалавека. Мы не імкнёмся некаму нешта навязаць, проста тлумачым плюсы таго ці іншага банкаўскага прадукту або паслугі.
На пытанне, якім павінен быць чалавек, які жадае працаваць у гэтай сферы, якія якасці і ўменні яму неабходна мець, апроч профільнай адукацыі, Аляксандра Васільеўна з вышыні свайго амаль 30-гадовага стажу ў прафесіі пазначыла:
– У першую чаргу, быць стрэсаўстойлівым. Без гэтай якасці працаўніку банкаўскай сферы сёння не абысціся. Да таго ж, нам часта даводзіцца затрымлівацца на працоўным месцы, і супрацоўнік павінен разумець, што гэта важна, мы не можам пайсці дадому, не выканаўшы рэгламент. У дадатак магу сказаць, што вельмі важна быць акуратным чалавекам, з жаданнем вучыцца, развівацца ў гэтай галіне.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам моцнага здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту, удалых праектаў і новых ідэй!
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий