Залаты поступ ветэранаў

0
148

Прайшла VII Абласная спартакіяда, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі

Пасля правядзення раённай спартакіяды ветэранаў фізічнай культуры і спорту, якая прайшла на базе ФОЗа ў красавіку бягучага года пачалося фарміраванне зборнай каманды раёна, перад якой стаяла задача абараніць свой чэмпіёнскі тытул двух папярэдніх залатых поспехаў на V і VI абласных спартакіядах.
У першы дзень спаборніцтваў 25 красавіка ў нас у скарбонцы было ўжо 5 узнагарод: тры золата, адно срэбра, адна бронза.
Першае золата для нашай каманды заваявала адна з дэбютантаў Галіна Клапаць, работнік ГА «Алангандаль».
Другое золата заваяваў Уладзімір Літаш і гэта яго першая высокая ўзнагарода ў такіх спаборніцтвах.
Варта заўважыць, што Уладзімір Аляксеевіч, які мае за сваёй спіной 71 год жыцця, з’яўляецца пастаянным актыўным удзельнікам ветэранскіх спаборніцтваў.
Яшчэ адна дэбютантка Ірына Купрэй перасягнула ўсе не толькі нашы чаканні, але і свае – у спаборніцтвы па дартсе яна выбіла рэкордныя 429 ачкоў.
Яна «перастраляла» другога прызёра больш чым на 200 ачкоў.
Срэбра і на гэты раз выйграў наш шашыст Юрый Юніцкі – ён паўтарыў вынік леташняй спартакіяды.
Бронзавы медаль літаральна «вырвала» ў саперніцы наша Раіса Будзіловіч. У чатырох удзельнікаў пасля папярэдніх гульняў быў абсалютна роўны вынік і патрабаваліся дадатковыя гульні для выяўлення прызёра.
У першы дзень была відавочным лідарам у настольным тэнісе наша Алена Цярэня Нацыянальны парк «Прыпяцкі», таксама дэбютантка нашай зборнай. Яна выдатна справілася з суперніцай з Хойніцкага раёна і стала ўладальнікам залатога медаля. Зямлячка не прайграла ніводнай партыі 6-ці сваім суперніцам, выйграўшы з лікам 2:0.
Другі дзень спаборніцтваў мы былі ў чаканні станоўчых вынікаў. У нашай камандзе былі правераныя і надзейныя ўдзельнікі: Аксана Скрабец – Сярэдняя школа №1 г. Петрыкава, Сяргей Маёрчык – ДРАЦ Пціч, абодва прызёры папярэдніх спартакіяд. Праграма складаная: бег, сілавая гімнастыка, скачок у даўжыню з месца, плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне на высокай перакладзіне.
Нашы ўдзельнікі справіліся цудоўна, кожны ў сваёй катэгорыі. Аксана Іванаўна – уладальніца бронзавага медаля, Сяргей Іванавіч – сярэбранага.
Заставаліся яшчэ два віды: настольны тэніс сярод мужчын. І яшчэ адзін дэбютант Сяргей Корж – Петрыкаўскае ЦРБ. Барацьба была складанай, у кожнай гульні спартсмен змагаўся па максімуме. Вынік – 5-е месца з 6-ці. У більярдзе – Віктар Іваноў, гэтак жа спыніўся на гэтай лічбе ў выніковым пратаколе. Абодва ўнеслі свой ўклад у скарбонку зборнай каманды.
У трэці раз запар каманда Петрыкаўскага раёна стала чэмпіёнам VII Абласной спартакіяды.
Членам каманды ўручаны дыпломы і медалі ад Упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, а за камандную перамогу – кубак і дыплом першай ступені ад вышэйшага спартыўнага органа Гомельскай вобласці.
Гэтая перамога для каманды вельмі каштоўная, таму што яна была здабытая ў вельмі складаным, канкурэнтным суперніцтве.
Хачу выказаць ад усіх членаў зборнай раёна словы падзякі загадчыцы сектара спорту і турызму райвыканкама Зінаідзе Беламутавай, дырэктару ДЮСША Валянціне Урбанчык за аказаную дапамогу па падрыхтоўцы, фінансаванні мерапрыемства. Кіраўніцтву УП «Палессе-Аграінвест» за прадастаўленне транспарту.
Мы верылі ў свае сілы. Перамагчы першы раз – гэта можа быць выпадковасць, перамагчы ў другі раз – супадзенне, ну а ў трэці раз – заканамернасць. І вядома ж вера ў нашу каманду, якая выходзіла пад лозунгам «Мы разам, мы адзіныя, а таму і пераможам!»

Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня грамадскага аб’яднання
«Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна».

Фота Галіны КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о