Краіна адсвяткавала Дзень Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Для беларусаў гэта свяшчэннае свята, даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам. Тэма Перамогі – адна з галоўных у павестцы дня ў нашым грамадстве. Трагедыя навучыла нас, беларусаў, свята берагчы памяць пра тыя страшныя падзеі – пра гэта і іншае ў нашай падборцы па выніках святочных сустрэч.
Андрэй ЛЯВОНЧЫК, пракурор Петрыкаўскага раёна:
– Каб захаваць памяць аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі вайны і пасляваенны перыяд, у 2021 годзе Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана і цяпер расследуецца крымінальная справа па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, а ў студзені 2022 года прыняты Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”.
У рамках крымінальнай справы праводзіцца адпаведная работа і на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна. Страшным пацвярджэннем зверстваў фашыстаў з’яўляюцца вынікі правядзення пошукавых работ, у тым ліку раскопак у месцах масавага знішчэння насельніцтва. Работнікамі пракура-туры Петрыкаўскага раёна былі апытаныя сведкі злачынстваў, праведзены раскопкі і пры аналізе сабраных фактаў устаноўлены шаснаццаць раней невядомых месцаў пахавання ахвяр вайны. У бягучым годзе дадзеная работа будзе праведзена на тэрыторыі аграгарадка Навасёлкі.
Галіна ТРУХАНОВІЧ, дырэктар Петрыкаўскага краязнаўчага музея:
– У летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараняў Радзіму. У першыя дні Вялікай Айчыннай з нашага раёна на фронт былі прызваны больш сямі тысяч чалавек, падчас акупацыі замучаны і растраляны каля пяці тысяч землякоў, у раён прыйшло больш шасці тысяч пахаванак. На нашай малой радзіме сем населеных пунктаў падзялілі лёс Хатыні. Былі спалены жыхары вёсак Людзвіноў – 125 чалавек, Малыя Нівы – 79, Доўгія Нівы – 18, Хвойня і бліжэйшых хутароў – 1412, Зарэчка – 127, Вялікія Сялюцічы – 387, Беразнякі – 168. Фашысцкімі акупантамі разрушана 95 населеных пунктаў, сем з якіх знішчаны поўнасцю.
На тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ў перыяд акупацыі былі арганізаваны зборна-перасыльныя пункты і лагеры: ў Петрыкаве, Капцэвічах, Макарычах, Рубчы, Слабадзе, Навасёлках, Аголіцкай Рудні, Лучыцах. За гады вайны тысячы жыхароў раёна сагнаны ў нямецкае рабства, многія з іх загінулі ад невыносных умоў эксплуатацыі.
Яна МАМРОВА, загадчык сектара культуры Петрыкаўскага райвыканкама:
– Свае пачуцці да Дня Перамогі землякі ў поўнай меры выказалі праз творчасць і добрыя справы.
Адносіны да тых далёкіх дзён, гераізму продкаў падрастаючае пакаленне прадэманстравала праз актыўны ўдзел у патрыятычных акцыях і праектах “Пасланне ветэрану”, “Связующая нить поколений”, “Памяць пакаленняў – мы памятаем і ганарымся”, “Юныя героі – героі войны”. Актыўныя ўдзельнікі падзеі работнікі устаноў культуры Петрыкаўшчыны. Раённы краязнаўчы музей падрыхтаваў віртуальны праект “Лісты Перамогі”, перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы – пра гэта “гаварылі” работнікі галіны праз агляд-конкурс “Вялікі поступ Перамогі”, эстафету “Песні ваенных гадоў”, акцыю “Окна Победы”.
Патрэбна адзначыць, ва ўсіх арганізацыях і прадпрыемствах адчуваўся адпаведны настрой. “Алеі Памяці”, “Салдацкая зорачка”, “Насустрач Перамозе” – цяжка пералічыць увесь спіс мерапрыемстваў, якія агарнулі Петрыкаўшчыну перад знакавым днём.
Іван ВЕРАШЧАКОЎ, вучань 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”:
– Для мяне 9 мая – гэта дзень гонару за нашых продкаў. Магчымасць у чарговы раз сказаць “дзякуй” людзям, якія ваявалі і здзейснілі амаль немагчымы подзвіг.
Вайна прайшла праз кожную сям’ю былога савецкага Саюза. Асабіста ў нашай сям’і прыбліжалі Перамогу два мае прадзеды, і памяць пра іх перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я лічу, што сённяшняе пакаленне школьнікаў павінна шанаваць здзейснены нашымі продкамі подзвіг, не даваць растаптаць яго вялікую цану. Мы стараемся быть годнай іх зменай, бо ў нас закладзены ген доблесці і мужнасці продкаў.
Святлана ТАРАСЕВІЧ, жыхарка аграгарадка Навасёлкі:
– Самае страшнае, што можа абрынуцца на чалавецтва, безумоўна – вайна. Цяжка ўявіць, што б адбылося, калі б планы Гітлера ў тыя далёкія саракавыя гады здзейсніліся. Але на яго шляху ўсталі савецкія людзі і коштам велізарных ахвяр і страт адстаялі свабоду і незалежнасць краіны.
Лічу, што мы павінны яшчэ больш, і не толькі з нагоды, расказваць маладому пакаленню аб Вялікай Айчыннай вайне, аб яе героях, прывіваць маладым пачуццё гонару і павагі за свой народ.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий