Хто з нас не любіць праводзіць свой вольны час на ўлонні прыроды: на дачы, у бацькоўскім доме, як мага далей ад гарадскіх клопатаў і шуму?
Родны куточак вабіць нас сваім спакоем, утульнасцю, а дома заўсёды чакаюць родныя людзі.
Жыццё ідзе, час мяняецца. Дзеці вылятаюць з роднага гнязда, а бацькі, на жаль, не становяцца зноў маладымі. І вось бацькоўскі дом патрабуе большай увагі ад сваіх жыхароў.
Вядома, не заўсёды дзеці маюць магчымасць часта наведваць родныя мясціны, а некаторыя дамы і ўвогуле застаюцца без гаспадароў і аўтаматычна набываюць статус “закіданых”. Зламаны дах, парушаныя сцены, разбітыя вокны, пашкоджаная падлога – час пачынае “браць верх” і разбураць некалі жылыя дамы. А гаспадароў так і не знаходзіцца.
Тут размова ідзе не столькі пра знешні выгляд, колькі ўжо пра бяспеку. Часта побач з такімі дамамі знаходзяцца і жылыя тэрыторыі, якім такое суседства можа дастаўляць пэўныя клопаты. Напрыклад, летам вёскі заўсёды поўняцца вялікай колькасцю дзяцей як мясцовых, так і тых, якія прыехалі на канікулы да сваіх бабуль і дзядуль. Таму закіданыя ўчасткі становяцца месцам і для гульні, так як многім цікава, што ўтойвае дадзенае месца.
Не менш важнай праблемай становіцца і размнажэнне паўзуноў, якія нярэдка запаўзаюць на тэрыторыі жылых дамоў ці на дарогу, каб пагрэцца на сонейку. І вось ужо цяжка ўявіць, што гэтае месца некалі поўнілася людскімі галасамі, а жыццё тут не стаяла на месцы.
Наша краіна робіць усё магчымае, каб “закіданых” дамоў станавілася як мага менш. Пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да 1 базавай велічыні. Таму кожны чалавек можа набыць ва ўласнасць дом і стварыць для сябе і сваёй сям’і той утульны куточак, куды захочацца прыязджаць зноў і зноў.
Гэта наша спадчына, наша памяць пра бесклапотнае і шчаслівае дзяцінства. Наўрад ці чалавек зможа знайсці яшчэ адну такую мясціну. Прыйдзе час, і многія змогуць сабе сказаць: “Як добра, што некалі я змог захаваць часцінку майго жыцця – бацькоўскі дом” .
У магчымасцях кожнага з нас з забытага некалі месца зрабіць той самы вугалок, дзе некалі і нашы дзеці і ўнукі пражывуць свае самыя шчаслівыя моманты ў жыцці.
Анастасія КІСЕЛЁВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий