У Беларусі з мэтай захавання памяці аб ахвярах войн дзейнічае дзяржаўная праграма “Увекавечанне памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады. Як рэалізуецца дакумент, мы даведаліся на прыкладзе Лучыцкага сельскага Савета.

– На тэрыторыі сельскага Савета знаходзіцца шаснаццаць воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны, памятных знакаў, адзіночных магіл, якія не маюць сваякоў. Гэта самы шматлікі па наяўнасці памятных месцаў Савет на Петрыкаўшчыне, – даводзіць інфармацыю старшыня Лучыцкага сельскага Савета Валянціна Ганцэвіч. – У мэтах выканання дзяржаўнай праграмы распрацаваны план мерапрыемстваў па навядзенні парадку, які прадугледжвае розныя віды работ па добраўпарадкаванні такіх месцаў. Сіламі органаў мясцовага самакіравання, працоўных калектываў усе помнікі знаходзяцца ў здавальняючым стане.
Валянціна Уладзіміраўна дзеліцца, што больш за ўсё пахаванняў у вёсцы Хвойня: тры пахаванні мірных жыхароў жыўцом спаленых 26 сакавіка 1942 года. На адным з іх да гэтага часу лічылася 700 ахвяр, а паводле апошніх звестак пракуратуры Петрыкаўскага раёна – 1419 жыхароў, на другім – 407, на трэцім – 252 чалавекі. У дадзены момант сельскім Саветам і Лучыцкім лясніцтвам вядзецца работа па вырабе мемарыяльных дошак з нанясеннем новых дадзеных на надмагільных збудаваннях. Таксама ў Хвойні на брацкай магіле савецкім воінам і партызанам да Дня Перамогі сельскім Саветам была выраблена шыльда з нанясеннем прозвішчаў 10-ці воінаў.
– Трэба адзначыць, што ва ўсіх населеных пунктах, нават у тых, дзе ўжо не пражываюць людзі, землякамі вядзецца праца па ўшанаванні памяці жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як адзін з прыкладаў: на грамадскіх могілках у вёсцы Старына знаходзіцца брацкая магіла партызанам, а таксама памятны знак камандзіру Палескага партызанскага злучэння Ветраву І.Д. У гэтым жа населеным пункце былымі жыхарамі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была высаджана бярозавая “Алея памяці”, над якой шэфствуе Савет. У гэтым годзе да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, дзякуючы архіўна-даследчай рабоце і звесткам старажылаў, у гонар Марыі Іванаўны Лабовіч, пяцёра сыноў якой не вярнуліся з вайны землякамі створана Ландшафтная кампазіцыя “Маці-патрыётка”.


Слова жыхарам Савета. Арцём АНЗІН, навучэнец 10 класа Лучыцкай сярэдняй школы:
– У нашай вёсцы размешчаны памятны знак у памяць аб ураджэнцах Лучыц, якія прайшлі дарогамі вайны і загінулі на фронце, на грамадскіх могілках знаходзіцца магіла Шаркова В.І. За гэтымі святымі месцамі ажыццяўляюць догляд навучэнцы нашай школы. Таксама мы прымаем удзел у розных патрыятычных акцыях, конкурсах і даследчай дзейнасці. Моладзь павінна ведаць праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Гонар за Перамогу заўсёды прысутнічае ў сучаснага пакалення, мы захапляемся мужнасцю продкаў, тых, хто вынес нечалавечыя пакуты.


Аляксандр ХОДЗЬКА, стараста аграгарадка Кашэвічы.
Моц чалавечай памяці пра тых, хто прынёс мір на нашу зямлю – вялікая і бясконцая. У Кашэвічах знаходзіцца брацкая магіла воінаў Чырвонай арміі, брацкая магіла воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак жыхарам, расстраляным нямецкімі акупантамі за адмову ад супрацоўніцтва, магіла камандзіра атрада Капаткевіцкай партызанскай брыгады Маставога І.І. Падумайце толькі – колькі пахаванняў часоў вайны ў адной толькі вёсачцы. Ні да аднаго з іх не зарасла сцежка. Кажуць, калі вайну забываюць, пачынаецца новая. Беларусы зробяць усё, каб не дапусціць новай трагедыі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о