Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў ­– сапраўдная візітная картка раёна. Славіцца ўстанова сваімі вучнямі і выкладчыкамі: вось ужо 65 гадоў тут “запальваюць”  яркіх зорачак.

“Задача мастацтва – узрушваць сэрцы”

Сваю размову з дырэктарам ДУА “Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў” Святланай Шамолавай мы пачалі ў самым цудоўным месцы школы – канцэртнай зале, дзе нас акружалі белыя крэслы, элегантны раяль.

– Некалі ў гэтай зале выступалі таленавітыя артысты нашай краіны, зараз тут пачынаюць свой творчы шлях дзеці, якія прыйшлі да нас, каб навучыцца новаму і прыгожаму, – пачала гутарку Святлана Фёдараўна. – У свой час і мяне маленькую і няўпэўненую прывяла маці за руку ў гэтую школу, з якой пачаўся і мой творчы шлях. Тут я засвоіла ігру на фартэпіяна і вырашыла звязаць сваё жыццё з музыкай, таму і паступіла ў Мазырскае музычнае вучылішча, пасля чаго вярнулася на працу сюды. З 2008 года з’яўляюся дырэктарам установы.

На сённяшні дзень у школе займаецца 471 вучань, з імі працуюць 36 выкладчыкаў. Дарэчы, некаторыя з іх самі скончылі гэтую школу. Гэта вялікая “армія” таленавітых людзей, якія дакладна ведаюць сваю справу. Пры ўваходзе ва ўстанову на дошцы гонару можна ўбачыць 42 прозвішчы дзетак, якія ўжо маюць значныя творчыя поспехі, гэта цудоўны паказчык  карпатлівай  працы калектыва школы.

На базе школы працуюць яркія творчыя калектывы, два з якіх маюць статус народны: народны жаночы камерны хор, народны ансамбль народных інструментаў. Створаны і духавы аркестр, які толькі пачынае рабіць свае першыя крокі ў творчым жыцці школы. Ведаюць гледачы ансамбль скрыпачоў, дуэт цымбалістаў, вакальны ансамбль “Хлопчыкі і дзяўчата”, вакальнае трыа “Маміны донькі”, харэаграфічны ансамбль “Задорынкі”, вакальны ансамбль “Надзея”.

Асноўныя веды вучні атрымліваюць менавіта на ўроках, бо перш чым прыступіць да практыкі, трэба выдатна ведаць тэорыю. Напрыклад, у музыкантаў гэта ўрокі ігры на інструментах, у мастакоў – малюнкі, жывапіс, кампазіцыя.

– За час сваёй працы мне давялося сутыкнуцца з рознымі дзеткамі і паўдзельнічаць у іх творчым станаўленні, – працягвае дырэктар школы. – Мы дапамагаем кожнаму знайсці сваё прызначэнне ў жыцці, не пакідаем выхаванцаў і пасля заканчэння школы, калі яны ўсё ж такі вырашылі звязаць і далей сваё жыццё з мастацтвам. Наша школа цесна супрацоўнічае з Мазырскім музычным каледжам, таму кожны год 4-5 вучняў пасля ўступных экзаменаў паступаюць у каледж, вучацца там выдатна і з задавальненнем. Хацелася б выразіць словы ўдзячнасці адміністрацыі ДУА “Петрыкаўская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні” за магчымасць супрацоўнічаць з вучнямі гэтай школы. Разам мы робім добрую справу: нашы творчыя заняткі дамагаюць дзеткам развівацца і ўбачыць новыя старонкі жыцця.

Калектыў установы заўсёды імкнецца да новых вышынь, але пры гэтым захоўвае традыцыі школы, якія ствараліся на працягу доўгіх гадоў. Заўсёды прыслухоўваюцца выкладчыкі да ветэранаў працы, калег і не забываюць пра моладзь, якая сваёй актыўнасцю і запалам дапамагае школе рухацца наперад, адкрываць для сябе нешта новае і да гэтага часу невядомае.

– Мы заўсёды прымаем удзел у раённых, абласных мерапрыемствах, нашы вучні і выкладчыкі старанна рыхтуюцца і паказваюць сябе годна, чым мы вельмі ганарымся, – дадала Святлана Фёдараўна. – Наш калектыў не можа зрабіць нешта дрэнна, так як мы заўсёды знаходзімся навідавоку ў нашых землякоў, нас ведаюць з маленькіх крокаў, таму мы стараемся прыкласці ўсе намаганні і зрабіць нашы творчыя нумары на вышэйшым узроўні.

Карпатлівая праца работнікаў установы, безумоўна, прыносіць цудоўныя “плады” ў выглядзе нашых таленавітых дзетак, якія ў будучым будуць радаваць кожнага жыхара нашай краіны, а можа і не толькі нашай.

Анастасія КІСЕЛЁВА. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о