На базе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Петрыкаўскага райвыканкама прайшло пасяджэнне міжведамаснага савета па правах інвалідаў.
Адно з вынесеных на парадак дня пытанняў: аб рабоце, якая праводзіцца з інвалідамі аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Петрыкаўскага ТЦСАН. Як адзначыла загадчык аддзялення Таццяна Голуб, установу наведваюць 59 выхаванцаў, з якімі працуюць пяць спецыялістаў. У рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі прымяняюцца розныя віды адаптацыі. У сценах установы наведвальнікі набываюць бытавыя навыкі: вучацца гатаваць ежу, прыбіраць свае працоўныя месцы, апранацца, абувацца, несці дзяжурства. Для сацыяльнай адаптацыі здзяйсняюцца мэтавыя прагулкі, з дапамогай якіх наведвальнікі аддзялення вучацца рабіць пакупкі і набываць білеты ў касе аўтавакзала.
У рамках сумеснага праекта з цэнтрам занятасці было створана адно часовае працоўнае месца – працоўная майстэрня па спецыялізацыі “Клейшчык паперы, кардона і вырабаў з іх”. Усяго інвалідам трэцяй групы будзе адрамантавана больш за тысячу кніг, якія потым вернуцца ў гарадскую бібліятэку.
Раскрыццю творчага патэнцыялу садзейнічае культурна-масавая работа ў аддзяленні: лячэбная фізкультура, камп’ютарная граматнасць, рукадзелле, танцавальнае і акцёрскае майстэрства. У аддзяленні рэалізуюцца сацыяльныя праекты “Дарога да храма”, “Сацыяльны турызм”, гуманітарны праект “Пясочная фантазія”. Акрамя вышэй пералічанага аддзяленне прадастаўляе такія сацыяльныя паслугі як арганізацыя работы гуртка на даму, гасцініца выхаднога дня, паслуга персанальнага асістэнта.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о