Забяспечваючы дабрабыт у грамадстве

0
431

У другую нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі падатковых органаў. Пра надзённую працу падаткоўцаў нам расказала намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення па працы з падаткаплацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне Марына Асташова.

Забяспечваючы дабрабыт у грамадстве

– Марына Паўлаўна, раскажыце, калі ласка, пра задачы, якія штодня выконваюць супрацоўнікі падатковай службы.
– Асноўнай нашай задачай з’яўляецца ажыццяўленне налічэння і кантроль за выплатай падаткаў. Акрамя гэтага мы праводзім пастаянную інфармацыйна-тлумачальную работу, займаемся вяртаннем дзяржпошліны, выдаем неабходныя даведкі.
Калі казаць моваю лічбаў, то толькі фізічных асоб сярод падаткаплацельшчыкаў на Петрыкаўшчыне налічваецца 18,5 тысяч, а таксама 432 індывідуальныя прадпрымальнікі і 406 арганізацый. Аднаго падаходнага падатку землякі заплацілі ў бюджэт за мінулы год 19 мільёнаў 988 тысяч рублёў.
– Ці вялікі калектыў абслугоўвае падатковыя патрэбы нашага раёна?
– У нашым упраўленні працуе 6 чалавек. Што да ўзросту, то самаму маладому супрацоўніку 25 гадоў, а самаму сталаму – 48. Разам з тым, усе спецыялісты з вопытам. На рабоце мы падтрымліваем добразычлівую атмасферу, ніколі не адмаўляем адзін аднаму ў парадзе ці дапамозе, таму кожны добра ведае не толькі сваю справу, але і справу калег, што дазваляе забяспечыць узаемазамяняльнасць спецыялістаў, калі ў гэтым ёсць неабходнасць.
Зрэшты я, як кіраўнік, стараюся так арганізаваць працоўны працэс, каб кожны адчуваў сябе камфортна і ўспрымаў калектыў як другую сям’ю.
Што тычыцца падаткаплацельшчыкаў, заўважу: у свядомасці нашых грамадзян, пачынаючы са станаўлення сістэмы падаткаабкладання ў суверэнны перыяд у 90-я гады, адбыліся істотныя змены разумення ролі падаткаў у грамадскім жыцці. Зараз людзі ўсведамляюць, куды ідуць грошы плацельшчыкаў, і якасныя змены ў краіне відавочныя. На-дзейна працуе галіна адукацыі, істотную дзяржаўную падтрымку атрымліваюць усе, хто мае ў гэтым патрэбу, медыцынскія паслугі застаюцца даступнымі і якаснымі, у той час, як, напрыклад, адзін выклік брыгады хуткай дапамогі каштуе дзяржаве каля 140 рублёў.
Увогуле, мяркую, што асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, дзякуючы моцнай уладзе, парадак стаў яшчэ большай нормай жыцця беларусаў. Таму дысцыплінаванасць і законапаслухмянасць з’яўляюцца, пэўна, ужо ментальнай рысай грамадзян нашай краіны.
– Пра якія новаўвядзенні падатковага заканадаўства варта ведаць нашым чытачам?
– Перш за ўсё, хацелася б у чарговы раз нагадаць, што падатковае заканадаўства не можа быць статычным, яно змяняецца, каб адпавядаць рэаліям і запытам часу. Таму заўсёды варта сачыць за зменамі, пра якія нашыя супрацоўнікі інфармуюць землякоў праз сайты райвыканкама, раённага выдання “Петрыкаўскія навіны”. Усю неабходную інфармацыю кожны жадаючы можа знайсці на партале Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.
Што тычыцца змяненняў, то хацелася б звярнуць увагу, што з гэтага года фізічныя асобы выплачваюць адзіны маёмасны падатак. Калі раней грамадзяне плацілі падаткі асобна за зямельны ўчастак, нерухомую маёмасць і транспартны сродак, то зараз гэтыя падаткі аб’яднаныя ў адзін плацёж. Разам з тым, у апавяшчэнні абавязкова пазначаецца не толькі агульная сума выплаты, але і сумы па кожным падатку. Такая мера, вядома, значна спрашчае выплату падаткаў для грамадзян і эканоміць іх час.
Акрамя гэтага варта памятаць, што апошнія два гады фізічныя асобы па вышэйадзначаных падатках выплачвалі авансавыя плацяжы па 50 %. У гэтым годзе грамадзяне будуць выплачваць поўную суму плацяжу за 2023 год.
Таксама з 1 ліпеня было ўведзена абавязковае прадстаўленне дэкларацый у электронным выглядзе для індывідуальных прадпрымальнікаў. У наступным годзе будуць адноўленыя патрабаванні да касавых апаратаў, таму варта ўжо зараз азнаёміцца з гэтымі новаўвядзеннем, каб не прамарудзіць час.
– Чаго б вы хацелі пажадаць калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Жадаю моцнага здароўя, поспехаў на працы, шчасця і дабрабыту ў асабістым жыцці. Няхай праца прыносіць задавальненне, бо ўсе мы аб’яднаным грамадствам служым мэце развіцця нашай краіны!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота з архіва ўпраўлення па
працы з падаткаплацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о