У Петрыкаве прайшла відэаселектарная нарада па ўборачнай кампаніі ў вобласці
Удзел у нарадзе прыняў кіраўнік справамі Прэзідэнта, упаўнаважаны па Гомельскай вобласці Юрый Назараў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, па відэасувязі з Гомеля – старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Ход уборачнай кампаніі і сельскагаспадарчых работ знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы. Таму горача гэтымі днямі не толькі на палетках, але і ў майстэрнях, кабінетах, навуковых лабараторыях. І калі перад аграрыямі стаіць задача без страт сабраць ураджай 2024 года, то перад кіраўнікамі і навукоўцамі – спланаваць культуры і плошчы пад будучы ўраджай.
Пра ход уборачнай кампаніі на Гомельшчыне далажыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі:
– У вобласці 364 тысячы гектараў збожжавых каласавых культур. Па дадзеных на раніцу 25 ліпеня, убрана звыш 60% плошчаў. Штодня аграрыі ўбіраюць каля 12 тысяч гектараў. Максімум 12 пагодлівых дзён – і плануем завяршыць уборку. У лік дзяржзаказу пастаўлена 20 % ад плана. Пастаўленую задачу выканаем да 15 жніўня.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў, што ўзятыя абавязацельствы будуць выкананы.
Юрый Назараў пацікавіўся, ці дастаткова ў АПК працоўных і тэхнічных рэсурсаў. Па інфармацыі губернатара вобласці, у рэгіёне на ўборцы задзейнічана звыш тысячы камбайнаў, на адвозцы збожжа – больш за 900 адзінак тэхнікі.
На нарадзе акцэнт быў зроблены і на падрыхтоўцы да азімай сяўбы, у прыватнасці рапсу.
– Неабходна вытрымаць аптымальныя тэрміны і тэхналогіі ад і да. Кожны павінен разумець – зараз закладваем ураджай наступнага года, – падкрэсліў Юрый Назараў.
Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў таксама нацэліў аграрыяў на няўхільнае выкананне тэхналогіі вырошчвання рапсу. Паводле яго слоў, у шэрагу гаспадарак трэба актывізаваць работу па ўборцы саломы з палёў. Пасля сяўбы азімага рапсу на чарзе – азімыя ячмень і пшаніца.
Губернатарам вобласці Іванам Крупко пастаўлена задача – да 25 жніўня сяўба азімага рапсу павінна быць завершана.
Разглядаўся комплекс пытанняў, якія датычацца наяўнасці механізатараў, угнаенняў, паліва, вызвалення і падрыхтоўкі плошчаў пад сяўбу. Адзначалася, што ўсё складваецца нядрэнна, зараз галоўнае кантраляваць працэс.
– У вобласці сітуацыя кантралюемая. Ёсць агрэхі, але яны ёсць заўсёды. Галоўнае – правільна расстаўленыя арыенціры, – рэзюмаваў па выніках селектарнай нарады кіраўнік справамі Прэзідэнта.
У рамках рабочага візіту Юрый Назараў азнаёміўся з работай вядучага сельгаспрадпрыемства раёна “Палессе-Аграінвест”. У ліку наведаных аб’ектаў – збожжаток.
– У планах наступнага года мадэрнізацыя сушыльнай гаспадаркі. Разглядаецца варыянт набыцця зернесушыльнага комплексу вытворчасці “Амкадор”. Ён уключае непасрэдна сам комплекс, бункеры для захоўвання збожжа аб’ёмам 18 тысяч тон, лінію ачысткі і падрыхтоўкі насення, лінію пратручвання. Разлічваем, што навінка дасць магчымасць не толькі павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі збожжа, але і рабіць гэта хутка і якасна, – падзяліўся планамі кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Верамееў.
Удзельнікі нарады наведалі таксама палі гаспадаркі, якія размешчаны на снядзінскім беразе ракі Прыпяць. Як адзначыў дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест”, рака дзеліць палеткі гаспадаркі на часткі дзвюма паромнымі пераправамі. Па тэхнічных і тэхналагічных прычынах, збожжавую групу сеюць на правым беразе, левая адведзена пад кармавую базу, якая фарміруецца за кошт травы, зёлкавых, бабовых. Ураджайнасць збожжавых сёлета вышэй за ўзровень мінулага года, але з-за поймы, вялікага разліву і позняй сяўбы не ўдаецца ў пойнай меры дасягнуць жаданага выніку.
Па тэмпах уборкі гаспадарка падыходзіць да 50 % і на працягу двух тыдняў плануецца завяршыць жніво.
Дакладам кіраўніка і ўбачаным упаўнаважаны Прэзідэнта па Гомельскай вобласці застаўся задаволены.
– Есць разуменне спраў, планы на перспектыву. У гаспадарцы і ўраджай адносна добры, і ўсё гэта дзякуючы таму, што дакладна выбудавана праца. Гэта вельмі важна, – адзначыў Юрый Назараў.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий