Сёлета турыстычны патэнцыял краіны для шырокага кола айчынных і замежных спажыўцоў паслуг штомесяц прэзентуецца па адным з абраных накірункаў. Так, студзень у Беларусі праходзіў пад знакам рэлігійнага турызму, а люты – аздараўленчага і медыцынскага. На Петрыкаўшчыне гэты від турыстычных паслуг прадстаўлены ў КУП “Дзіцячы аздараўленча-рэабілітацыйны цэнтр “Пціч”.
Днямі наш карэспандэнт наведала цэнтр і пацікавілася, чым жыве медыцынская ўстанова, якія планы і перспектывы мае.
Пра гісторыю і сучаснасць
Больш за 30 гадоў таму на базе Пціцкага санаторыя-прафілакторыя для лячэння і аздараўлення дзяцей, пражываючых на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, быў створаны КУП ДРАЦ “Пціч”. Першапачаткова аздараўленчая ўстанова была разлічана на 100 месцаў. Цяпер жа ў заезд, працягласць якога складае 21 дзень, аздаравіцца і атрымаць санаторна-курортнае лячэнне можа адначасова 290 чалавек. Што да лічбаў статыстыкі за мінулы год, то яны ўнушальныя. Так, па інфармацыі дырэктара Аксаны Кайтанавай, у 2024 годзе ў КУП ДРАЦ “Пціч” адпачылі 4644 чалавекі, з якіх 3697 – гэта дзеці і 947 – дарослыя.
– З агульнай колькасці рэалізаваных пуцёвак і курсовак, 3754 – па Чарнобыльскай праграме. Таксама ў нашай установе ў мінулым годзе прайшлі лячэнне і аздараўленне 183 замежнікі, – дадала кіраўнік.
Суразмоўца з гонарам пазначыла, што магутнасць цэнтра на сённяшні дзень складае 65 нумароў на 290 месцаў, у тым ліку для пражывання інвалідаў разлічаны 5 нумараў, якія размешчыны ў пабудаваным у 2016 годзе аддзяленні для аслабленых дзетак, якія праходзяць аздараўленчыя працэдуры разам з бацькамі.
Пры адсутнасці заявак ад гэтай катэгорыі, пуцёўкі рэалізуюцца для дарослага насельніцтва краіны і блізкага замежжа. Ізаляванае месцазнаходжанне домікаў робіць адпачынак дарослых у дзіцячым цэнтры камфортным. Ды і наведванне лячэбных і аздараўленчых працэдур магчыма без накладак і чэрг: пакуль дзеці вучацца, дарослыя на працэдурах.
За 2024 год сярэдняя загрузка цэнтра склала 93,1 % пры рэспубліканскім паказчыку 84,5%.
Пра экспарт паслуг, планы і перспектывы
– Што да такога важнага для функцыянавання і развіцця нашай установы паказчыка як экспрарт паслуг, то ў мінулым годзе ён склаў рэкордную суму ў 102,2 тысячы долараў. Мы забяспечылі рост у параўнанні з 2023 годам на 1277,5%. Такога выніку мы дасягнулі ў большай ступені дзякуючы аздараўленню ў нас на працягу двух летніх месяцаў дзіцячай дэлегацыі з Магаданскай вобласці, – пазначыла ў час размовы Аксана Васільеўна.
Не застаюцца без увагі кіраўніцтва гаспадарчыя пытанні. Так, на добраўпарадкаванне выдаткавана каля 160 тысяч рублёў. Шмат зроблена ў мінулым годзе па забеспячэнні безбар’ернага асяроддзя: усё большая колькасць тэрыторыі цэнтра абсталявана тактыльнай пліткай, набыты два пад’ёмнікі – для вуліцы і басейна. Ёсць планы і на гэты год.
На фінальнай стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта “Добраўпарадкаванне тэрыторый з абсталяваннем спартыўных пляцовак”. Сёлета плануецца ўвесці аб’ект у эксплуатацыю. Дарэчы, фінансаванне сучаснага спартыўнага аб’екта ідзе за кошт абласнога бюджэту.
Пра калектыў
– Кадры ў нашай справе, без перабольшання, вырашаюць калі не ўсё, то вельмі многае. Працаваць з людзьмі, якія маюць аслабленае здароўе, трэба з пачуццём вялікай увагі і клопату. Па стане на 1 сту-дзеня ў цэнтры працуе 140 чалавек. Сярод іх 30% – медперсанал і 65% – абслугоўваючы персанал. Наш калектыў – сапраўдная каманда аднадумцаў і прафесіяналаў, аб’яднаных агульнай справай, – распавяла кіраўнік цэнтра.
Пра лячэнне, аздараўленне і вольны час
– У ДРАЦ “Пціч” сёння аказваецца шырокі спектар сучасных медыцынскіх паслуг. Пералік фізіятэрапеўтычных працэдур і сучаснага абсталявання айчыннай і імпартнай вытворчасці, якія мы маем, дае магчымасць лячыць любое саматычнае захворванне. У цэнтры індывідуальна падыходзяць да сваіх пацыентаў з улікам узросту, асноўнага захворвання і спадарожнай паталогіі. Пры аздараўленні перавага аддаецца немедыкаментозным метадам лячэння, – адзначыла дырэктар цэнтра.
Ва ўстанове працуе сучасны фізіятэрапеўтычны кабінет, у якім праводзіцца электра- і святлолячэнне, кабінет цеплалячэння, дзе прымяняюцца парафінавыя і азакерытавыя аплікацыі, кабінет водалячэння з шырокім спісам карысных ваннаў і душавых працэдур. Карыстаецца попытам у адпачываючых кедравая бочка, кабінет ручнога і апаратнага масажаў.
Працуе інгаляторый і кабінет ароматэрапіі з паветрана-бурбалкавай трубкай, кабінет галатэрапіі і шэраг іншых сучасных працэдурных кабінетаў, дзе аказваюцца сучасныя медыцынскія паслугі.
Не менш важным накірункам санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення з’яўляецца арганізацыя паўнавартаснага харчавання. Шасціразовае харчаване па двух збалансаваных комплексах з наяўнасцю чатырнаццацідзённых перспек-тыўных сезонных меню, распрацаваных на зімова-веснавы і летне-восеньскі перыяд, робіць наведванне сталовай прыемнай часткай адпачынку і аздараўлення. Амаль 23 гады на тэрыторыі цэнтра функцыяніруе бювет мінеральнай вады, якая па сваім хімічным складзе лячэбна-сталовая, хларыдная натрыевая, малой мінералізацыі.
Што да арганізацыі вольнага часу, то, як паведаміла Аксана Кайтанава, ва ўстанове маецца ўсё неабходнае для правядзення цікавага, пазнавальнага і забаўляльнага адпачынку. Так, сучаснай светлавой і музычнай апаратурай абсталявана актавая зала. Маецца, без перабольшання, добра ўкамплектаваная бібліятэка з чытальнай залай і сховішчам, дзе прадстаўлены багаты выбар мастацкай іпраграмнай літаратуры. У цэнтры дастатковая колькасць разнастайных гульнявых пакояў з вялікай колькасцю настольных і развіваючых гульняў, працуюць творчыя клубы і гурткі. Спартыўная зала, вулічныя трэнажоры і басейн – карыстаюцца попытам у аматараў актыўнага адпачынку.
Для кожнай змены адпачываючых арганізуюцца экскурсійныя паездкі ў райцэнтр, нацпарк “Прыпяцкі”, Мазыр, Тураў.
Сапраўды, размешчаны на ўлонні шыкоўнай прыроды ДРАЦ “Пціч” сёння з’яўляецца цудоўным месцам для адпачынку і аздараўлення дзяцей і дарослых.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий