Днямі мы завіталі на збожжаток ААТ “Пціч-Агра”, бліз вёскі Млынок, дзе шчыруюць, апрача супрацоўнікаў сельгаспрадпрыемства, і падлеткі з лагера працы і адпачынку “Ударнік” Пціцкай сярэдняй школы.

За справу ўзяўся юны “Ударнік”

Як паведамілі выхавацелі лагера, настаўнікі ўстановы адукацыі Анастасія Семяніцкая і Святлана Говін, на аб’екце працуе 11 падлеткаў ва ўзросце ад 14 гадоў, што перайшлі ў 9-10 класы. Дзень у лагеры вучняў пачынаецца ў 8:45 са сняданку, а ў 9:20 яны ўжо прыступаюць да працы на збожжатоку. Работы, на якіх занятыя дзеці, розныя – гэта і прасейванне насення траў, і праца з зернем, і шэраг іншых гаспадарчых заняткаў. Праца на сельгаспрадпрыемстве заканчваецца ў 13:10, пасля чаго дзеці бавяць час удзелам у выхаваўчых і прафілактычных мерапрыемствах, а таксама працуюць на тэрыторыі школы: займаюцца праполкай, уборкай тэрыторыі і падрыхтоўкай кабінетаў да навучальнага года.

Пачуўшы пытанне, ці складана даводзіцца на збожжатоку, хлопцы хіба не ў адзін голас адказалі, маўляў, мы – дзеці вясковыя, да работы прывучаныя, таму асаблівых цяжкасцей не адчуваем.

Соф’я Шчука, вучаніца 10-га класа падзялілася: “Працую ў лагеры пры школе я ўжо другі год. Летась бацькі маю ідэю падтрымалі, заўважыўшы, што так я буду занятая ў летнія дні, зведаю, што такое праца, буду мець уласныя грошы і менш часу буду надаваць гаджэтам.

За справу ўзяўся юны “Ударнік”

Мне спадабалася так праводзіць канікулы, тым больш, што ўсе адзін аднаго добра ведаем, таму сёлета я зноў запісалася ў лагер. На перапынках мы абмяркоўваем апошнія навіны, дзелімся, як бавім вольны час, згадваем вясёлыя гісторыі. Пра школу пакуль гаворым мала, але ўжо заўважаецца, што па занятках і перапынках усе паспелі засумаваць”.

Мы не маглі не пацікавіцца ў Соф’і, як яна плануе скарыстацца заробленымі грашыма, на што дзяўчына адказала: “Я пакуль яшчэ пра гэта не задумвалася, але мяркую, што пэўная частка сродкаў пойдзе на падрыхтоўку да школы”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о