Для прыцягнення і замацавання кадраў у вёсцы, аказання дадатковай падтрымкі беспрацоўным грамадзянам, якія прыцягваюцца на работу ў сельскую мясцовасць, пры перасяленні ў сельскую мясцовасць аказваецца фінансавая падтрымка. Хто можа разлічваць на падобныя прэферэнцыі ад дзяржавы – распавёў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама Мікалай СЕМЯНІЦКІ.

Па інфармацыі суразмоўцы, разлічваць на пад’ёмныя могуць тыя, хто афіцыйна зарэгістраваны ў службе занятасці як беспрацоўны, заключыў трохбаковую дамову з органам па працы, занятасці і сацабароне і наймальнікам аб перасяленні ў сувязі з пераездам на працу ў іншую мясцовасць.
“Пад’ёмныя” складаюць дзевяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму, устаноўленага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, які дзейнічае на дату працаўладкавання – цяпер гэта 4 163,22 рубля. Выдзеленай сумай можна распарадзіцца па сваім меркаванні.
Калі і муж, і жонка выканалі ўсе ўмовы (былі зарэгістраваны як беспрацоўныя і заключылі трохбаковы дагавор), то сума падвоіцца. Дарэчы, пераязджаць можна не толькі з горада, а з вёскі ў вёску, выконваючы ўмовы праграмы.
Тыя, хто скарыстаўся падтрымкай, абавязаны адпрацаваць на новым працоўным месцы мінімум год.
– Звесткі пра падобныя вакансіі можна атрымаць на інфармацыйным партале Дзяржаўнай службы занятасці http://gsz.gov.by, укладка “Суіскальніку”. Пры неабходнасці можна задаць “Пашыраны пошук” і пазначыць параметры пошуку, у тым ліку наяўнасць жылля.
Парадак перасялення беспрацоўных і членаў іх сем’яў на новае месца жыхарства і работы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку і ўмовах аказання садзейнічання ў перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем’яў у сувязі з пераездам у іншую мясцовасць, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2024 №10, – пазначыў Мікалай Семяніцкі.
Падрабязную інфармацыю пра перасяленне беспрацоўных можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гогаля, кабінет 16, тэлефон 5-37-15.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о