У Беларусі зацверджаны новыя правілы добраўпа-радкавання прыватных зямельных участкаў за невыкананне якіх прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
За тлумачэннем заканадаўчай нормы і алгарытма дзеяння адказных службаў па кантролі належнага ўтрымання ўчасткаў, мы звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Дзягцяра.
Зразумела, што ў Год добраўпарадкавання тэма навядзення парадку на зямлі павінна гучаць даволі выразна. Зыходзячы з зацверджаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь абноўленых нормаў ўтрымання тэрыторый, з 2025 года на грамадзян ускладзены дадатковыя абавязацельствы. Цяпер уладальнікі прыватных зямельных участкаў абавязаны падтрымліваць парадак не толькі ў межах сваіх уладанняў, але і на прылягаючых тэрыторыях.
– Дзіўна, канешне, аднак некаторым землякам даводзіцца слушна і неаднаразова нагадваць пра тое, што будынкі, гаспадарчыя пабудовы і агарожды на тэрыторыі іх домаўладанняў павінны мець належны стан і выгляд. Так, яны павінны быць пафарбаваны, адрамантаваны, а пашкоджаныя элементы і канструкцыі неабходна своечасова рамантаваць ці замяняць, – пазначыў у час размовы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр. – Вельмі часта даводзілася чуць просьбы ад суседзяў такіх вось гора-гаспадароў прымусіць апошніх навесці парадак. Калі раней мы “адпрацоўвалі” такія адрасы і прызывалі гаспадароў да сумлення, то цяпер іх абавязкі па належным утрыманні тэрыторый рэгламентаваны заканадаўчымі нормамі. Упэўнены, што гэта зрушыць з мёртвай кропкі тэму “суседскага недабрабыту”.
Не менш праблемнай тэмай для нашага райцэнтра, па словах намесніка старшыні райвыканкама, з’ўляецца пытанне размяшчэння будаўнічых матэрыялаў на прыдамавых тэрыторыя, уздоўж узбочын дарог. Цяпер жа, згодна адноўленых нормаў утрымання тэрыторый, будаўнічыя матэрыялы дазволена захоўваць толькі на тэрыторыі ўчастка ў акуратна складзеным выглядзе.
– Яшчэ адна даволі актуальная сезонная тэма – абкоска прыдамавых тэрыторый. Звяртаем увагу ўладальнікаў прыватных сядзіб на тое, што неабходна абавязкова стрыгчы травяную расліннасць на прыдамавых тэрыторыях пры дасягненні ёй вышыні 20 сантыметраў, а таксама прыбіраць сухастоі, будаўнічыя адыходы і іншае старонняе смецце, – засяродзіў увагу намеснік старшыні райвыканкама.
Як пазначыў наш суразмоўца, рэгламентаваны адноўленымі нормамі і межы пасадкі дрэў і кустоў адносна сумежных зямельных участкаў. Так, высакарослыя расліны, якія дасягаюць у вышыню больш за 3 метры, павінны размяшчацца не менш за 3 метры ад мяжы ўчастка. Сярэднерослыя (да 3 метраў) – не менш за 2 метры. Што да нізкарослых, якія не дасягаюць 2 метраў у вышыню, абмежаванне для іх – не менш за 1 метр ад суседняга зямельнага надзелу. У мятровай зоне да мяжы ўчастка дазволена размяшчэнне газона і раслін вышынёй да аднаго метра.
Дзеля захавання добрасуседскіх адносін, раім пры планаванні пасадкі раслін улічыць дзеючыя нормы.
– Спецыялістамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ўжо распачата работа з гаспадарамі ўчасткаў, якія не ўтрымліваюцца ў належным стане. Уладальнікам выдаюцца апавяшчэнні з пералікам выяўленых недахопаў, дзе таксама пазначаны тэрмін на іх ухіленне. Таксама землякі папярэджваюцца: у выпадку невыканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку, на іх будзе састаўлены пратакол. А гэта ўжо адміністрацыйнае правапарушэнне, якое цягне за сабой пакаранне.
За невыкананне пералічаных вышэй нормаў утрымання прыватных зямельных участкаў уласнікам пагражае штраф. Так, прыватныя асобы могуць атрымаць штраф у памеры да 25 базавых велічынь, індывідуальныя прадпрымальнікі могуць быць аштрафаваны на суму ад 10 да 50 базавых велічынь. Юрыдычныя асобы рызыкуюць атрымаць штраф ад 20 да 100 базавых велічынь, – пазначыў у завяршэнне размовы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Дзягцяр.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий