Для выпускнікоў устаноў адукацыі  надыходзіць час выбару прафесіі. Нягледзячы на тое, што большасць  юнакоў і дзяўчат ужо вызначыліся з далейшым шляхам, ёсць такія, хто яшчэ заходзіцца ў роздуме. Падлеткам у выбары дапамагаюць педагогі, бацькі, таварышы. На дадзеным этапе моладзі карысна будзе пачуць пра ўласны вопыт прыходу ў прафесію, думкі і парады сваіх маладых землякоў.

Месцам для сустрэчы з карэспандэнтам раёнкі, галоўны заатэхнік ААТ “Курыцічы” Віктар Мароз абраў тэрыторыю МТК “Комплекс”. Растлумачыў так: і ён ад працы адарвецца ненадоўга, і будзе магчымасць пазнаёміць гасцей з вытворчасцю.

З якімі думкамі жыве і працуе малады заатэхнік у вёсцы

– Выбар прафесіі быў у мяне свядомы. Ведаеце, некаторыя гавораць: сельская гаспадарка сёння моладзь не прываблівае. Я наконт дзейнасці ў дадзенай галіне меў сваё меркаванне яшчэ ў школе, не памянялася яно, калі пайшоў на першае месца працы, – пачынае размову герой.

Сярэднюю адукацыю Віктар Сяргеевіч атрымаў у роднай Мышанскай школе. Атрымаўшы атэстат, паехаў паступаць у Калінкавічы на заатэхніка. Не хавае, што ў навакольных узнікала пытанне: чым жа прывабіла яго гэтая прафесія? Сёння моладзь, на жаль, імкнецца збегчы з вёскі, а ён – наадварот. Такія роспыты ўспрымаў спакойна. Адказваў: любіць жывёл і праца ў сельскай  гаспадарцы яго не пужае.

Вучоба ў аграрным каледжы аказалася  цікавай і прадуктыўнай. З другога года навучання пачаў больш увагі надаваць асаблі-васцям работы з буйной рагатай жывёлай. Установа, па словах юнака, дае ўсе неабходныя веды. Трэба толькі не ленавацца і выкарыстоўваць прапанаваныя магчымасці.

Першае працоўнае месца задае настрой усёй прафесійнай дзейнасці. Часам здараецца, што пасля няўдалага вопыту маладыя людзі расчароўваюцца ва ўласным выбары. З маладым спецыялістам такога не здарылася. Яго працоўныя будні ў ААТ “Курыцічы” пачаліся з прызначэння на пасаду галоўнага заатэхніка, а значыць, дапускаць памылкі было нельга.

– Прызнаюся шчыра, было страшна без вопыту прымаць на сябе такую адказнасць. Але паступова ўцягнуўся, – прызнаецца суразмоўца. – Не стала нейкім стрэсам і адаптацыя ў калектыве. Зразумела, што да кожнага  чалавека трэба было знайсці падыход, каб ён цябе пачуў, зразумеў. Займець павагу вопытных, старэйшых па ўзросце цяжка.

Па словах Віктара Сяргеевіча, у работнікаў малочна-таварнага комплексу ёсць усе складнікі для выніковай працы, а гэта значыць – і нядрэннай заработнай платы. А калі праца належным чынам аплочваецца, у калектыве знаходзіш паразуменне, то чаму не працаваць?

– Да ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд гаспадарка падрыхтавана, – дзеліцца заатэхнік.  На МТК “Комплекс”, МТФ “Забалацце”, ферме “Карзуны” нарыхтавана пяць сіласных ям, чатыры сянажныя. Ёсць у наяўнасці лекі, вітаміны, соль, усё для падсцёлу кароў і цялят, ёсць зерневыя, якія перапрацоўваюцца ў гаспадарцы на корм.

Віктар Сяргеевіч праводзіць нас па тэрыторыі комплексу. Адчуваецца, з якой цеплынёй ён адносіцца да жывёл, з веданнем справы расказвае пра магчымасці аб’екта, дзеліцца планамі.

– Калі прыйшоў на працу, кіраўніцтва прапанавала жыллё ў Курыцічах, але маючы ўласны аўтамабіль езджу да бацькоў у Мышанку, – працягвае спецыяліст. – Звычайна, у сем раніцы ўжо на працы. Першай справай аглядаю гаспадарку, затым агульная планёрка, пасля яе кантралюю раздачу кармоў, каб усе кароўкі былі сытыя, не хварэлі. Гаспадарка вялікая –  на сённяшні дзень 1413 галоў і даводзіцца сутыкацца з рознымі выпадкамі. Пагэтаму, каб быць усебакова падкаваным,  атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Як кажуць, досвед лішнім не бывае.

Пра тое, якой ён бачыць сваю будучыню, зямляк шчыра кажа: “Хачу застацца ў прафесіі”.

–Тым, хто зрабіў свой выбар на карысць працы ў сельскай гаспадарцы, мая парада: не трэба баяцца і адступаць ад уласных планаў. А будучыя калегі, якія хутка прыйдуць на першае месца працы, павінны не забываць: калі атрымаў прафесію, трэба ёй адпавядаць. Галоўнае – упартасць, цярплівасць і жаданне. І ўсё атрымаецца!

 Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о