З першых дзён масавага жніва хлебаробы ААТ “Чалюшчавічы” дэманструюць лідзіруючыя пазіцыі. Раённы каравай фарміруюць задзейнічаныя на жніве камбайнеры, вадзіцелі, механізатары. А самы важкі ўклад робяць тыя, хто першым намалаціў альбо перавёз тысячу тон самага каштоўнага грузу. Тым, каму скараецца гэты рубеж, – асаблівая пашана. У канцы мінулага тыдня на палеткі сельгаспрадпраемства павіншаваць камбайнёраў з такім вынікам прама ў поле прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў, дырэктар прадпрыемства Сяргей Ракіцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Блінец, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Усціновіч-Насека, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Алена Галеня.

З віншаваннямі да хлебаробаў

У сваім прывітальным слове кіраўнік раёна адзначыў: каля 35 % караваю Петрыкаўшчыны – уклад ААТ “Чалюшчавічы”.

– Здавалася б, нічога незвычайнага героі сённяшняй урачыстасці не здзяйсняюць. Проста выконваюць сваю штодзённую працу. Але робяць гэта так, што іх стараннасць трэба ставіць у прыклад іншым, – адзначыў Аляксандр Аляксандравіч. – Я ганаруся, што ў нашым раёне ёсць такія шчырыя, адданыя сваёй справе людзі. Дзякуючы такім працавітым землякам, і далей будзе багатым і шчодрым  стол беларусаў. Жадаю вам здароўя і добрага настрою, без страт і паломак дайсці да фінішу жніва.

Старшынёй райвыканкама за добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства і дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы ураджаю 2024 года Падзякай, кветкамі і грашовай узнагародай ад Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны камбайнер Мікалай Марціновіч і памочнік камбайнера Аляксей Манееў, якія разам убралі 375 гектараў плошчы і намалацілі 1125 тон збожжа; камбайнер Уладзімір Акульчык і памочнік камбайнера Анатоль Сярапін, якія разам убралі 353 гектары плошчы і намалацілі 1085 тон збожжа; вадзіцелі на адвозцы зерневых і зернебабовых культур Сяргей Саўчанка, які перавёз 1142 тоны збожжа і Андрэй Несцярчук, які перавёз 1005 тон збожжа; аператар зернесушыльнага комплексу Аляксандр Яцук, які дапрацаваў 1350 тон збожжа.

Павіншавалі камбайнераў з уручэннем грашовай дапамогі дырэктар прадпрыемства,   старшыня прафсаюза работнікаў АПК, адзначыўшы: калі ў калектыве ёсць вось такія работнікі – умелыя, неабыякавыя да справы, то ў гаспадаркі ёсць будучыня. Віталі хлебаробаў работнікі раённага Дома культуры. Пад песні Капаткевіцкіх артыстаў па ініцыятыве кіраўніцтва гаспадаркі віноўнікам урачыстасці былі паднесены беларускія стравы: хлеб, квас і духмяныя пачаткі кукурузы.

Трэба адзначыць, што гэта не першае ўрачыстае мерапрыемства па палях ААТ “Чалюшчавічы”. На мінулым тыдні нівы гаспадаркі наведваў дырэктар упраўляючай кампаніі холдынгу “Беларуськалій-Агра” Андрэй Янчэўскі. Андрэй Уладзіміравіч, звяртаючыся да працаўнікоў палёў, адзначыў: “Мінулы год выдаўся для сельгаспрадпрыемства сціплым на вытворчыя паказчыкі. Канешне, і зараз мы бачым куды расці, але нельга не заўважыць істотны прагрэс, які складае больш за 200% да ўзроўню леташняга, дзякую за гэтую працу”.

З віншаваннямі да хлебаробаў
Уладзімір Акульчык атрымлівае ўзнагароду ад Андрэя Янчэўскага

Прадстаўнік холдынгу ўручыў перадавым экіпажам узнагароды і сімвалічныя кепкі хлебаробаў-тысячнікаў.

Святлана СОБАЛЕВА, Арцём ГУСЕЎ, фота аўтараў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о