У першы дзень кастрычніка сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды мы завіталі да спецыялістаў, прызванне якіх – клапаціцца пра людзей сталага ўзросту, адорваць іх пяшчотнай і аказваць патрэбную дапамогу.

Былы дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, які адлічвае сваю гісторыю з 1963 года, з ліпеня атрымаў новы статус – “Капаткевіцкі сацыяльны пансіянат “Палессе”. Гэта значыць, што пашыраецца і пералік паслуг, якія аказваюцца ва ўстанове. Пражываючыя атрымліваюць тут належны догляд і лячэнне, але, што не менш важна, жыццё іх поўніцца цікавым і карысным адпачынкам, насычана яскравымі падзеямі і, нават, незабыўнымі падарожжамі.

Дырэктар пансіянату Людміла Гошка адзначае: “У нашым калектыве медыцынскае абслугоўванне пражываючых ажыццяўляюць урач агульнай практыкі, урач псіхіятр, 2 фельчары, 11 медыцынскіх сясцёр, зубны фельчар і малодшы медыцынскі персанал. Калі ёсць патрэба ў дапамозе вузкімі спецыялістамі, мы прыцягваем урачоў з устаноў аховы здароўя Петрыкава, Калінкавіч, Мазыра, Гомеля і нават Мінска.

Вядома, працоўны калектыў рэгулярна праходзіць навучанне, курсы павышэння кваліфікацыі і штогадовую праверку ведаў”.
Зараз у “Палессі” працуюць аддзяленне для грамадзян, якія знаходзяцца на агульным ложкавым рэжыме, аддзяленні псіханеўралагічнага профілю, суправаджаемага пражывання і дзённага знаходжання.

“Што да арганізацыі вольнага часу, то адпачынак нашых пражываючых, канешне, не абмяжоўваецца тэрыторыяй установы. Мы ладзім турыстычныя паездкі – часцей за ўсё, асабліва ў навагоднія святы, наведваем Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Сёлета, з нагоды 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наведалі мемарыяльны комплекс у Азарычах. Зараз група пражываючых праходзіць аздараўленне ў ДРАЦ “Пціч”, – паведаміла Людміла Мікалаеўна.

Пэўна, кожны, хто хоць раз праязджаў поруч з капаткевіцкім пансіянатам, звяртаў увагу на ўзорны парадак, які тут пануе. Але гаспадарчыя працы па добраўпарадкаванні тут працягваюцца: сёлета выкананы рамонт асфальтавага пакрыцця, фасаду будынку, каранціннага аддзялення, памяшкання раздачы ежы. Праводзіцца рамонт жылых пакояў, санітарных вузлоў, лесвічных клетак і ўжо праведзены работы па замене бальнічнага ліфту.

З увагай, клопатам  да людзей паважанага ўзросту
У трэнажорнай зале на велатрэнажоры мы сустракаем падцягнутага выгляду мужчыну. Гэта Аляксандр Нікіфараў (на фота), які не без гонару адзначае, што яму ўжо 70-т гадоў. “Сам я родам з Латвіі, але працаваў у Мазыры настаўнікам фізічнай культуры. Маю званне кандыдата ў майстры спорту па валейболе і мотакросе. Амаль штодня зараз займаюся на трэнажорах, а пачынаю свой дзень з прагулкі па тэрыторыі пансіяната. Тут я адчуваю сябе цудоўна, балазе і ўмовы створаныя ва ўстанове не толькі для спакойнай старасці, але і для паўнавартаснага актыўнага ладу жыцця і заняткаў спортам. Словам, рэкамендую фізічную культуру ўсім, а асабліва людзям, якія выйшлі на заслужаны адпачынак і маюць больш часу, каб займацца сабой”, – выказаў меркаванне мужчына.
З увагай, клопатам  да людзей паважанага ўзростуЕва Сіненькая і Вольга Буднік нарадзіліся ў 1938 годзе. Ева Іванаўна прыбыла ва ўстанову ра-зам з сваім мужам з Івашкавіч каля 10 гадоў таму. “З гэтага часу мяне ніколі ніхто тут не пакрыўдзіў. Наадварот, да кожнай маёй просьбы адносяцца ўважліва, а калі бачаць, што я засумую па мужу, які не так даўно адышоў у іншы свет, абавязкова пагутараць. Ведаеце, тут такія людзі працуюць, што нават словам лечаць”, – падзялілася Ева Сіненькая.

“А я, як то кажуць, навасёл – знаходжуся тут год і яшчэ трошкі. Адчуваю я сябе вельмі добра, увагай не абдзеленая, а гэта самае галоўнае для чалавека сталага веку. Пытаеце, як тут нас забаўляюць? Я сама ўсё жыццё ўсіх забаўляла, так і тут удзельнічаю ў мастацкай самадзейнасці, спяваю, а я яшчэ вершы ды байкі расказваю. Дарэчы, і Ева раней наведвала наш вакальны калектыў”, – адзначыла Вольга Сцяпанаўна.

  • Аддзяленне дзённага знаходжання было арганізавана ў мінулым годзе і паслугі тут аказваюцца да 5 разоў на тыдзень з 8-мі да 20-ці гадзін у форме паўстацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання для грамадзян з медыцынскімі паказаннямі на бясплатнай аснове. На платных умовах прадстаўляецца харчаванне да 4-ох разоў на дзень. Для заключэння дагавора на аказанне паслуг у аддзяленні дзённага знаходжання неабходна звярнуцца ў адміністрацыю пансіяната па нумары тэлефона 9-56-02.

Нам жа застаецца шчыра падзякаваць супрацоўнікам пансіяната “Палессе” за тую цеплыню і ўвагу, якую яны дораць усім сваім пражываючым. Няхай так будзе і надалей, бо з вашай дапамогай людзі атрымліваюць не толькі належны догляд і патрэбнае медыцынскае абслугоўванне, але і адчуваюць сябе не забытымі і патрэбнымі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о