З тых даўніх часоў…

0
37

15 жніўня ў шэрагу краін постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, сваё прафесійнае свята адзначаюць археолагі. Гэты дзень яшчэ з савецкіх часоў з’яўляецца неафіцыйным, але прадстаўнікі, бадай, самай рамантычнай прафесіі ставяцца да яго паважліва – не забываюць павіншаваць калег, жадаючы ім здароўя, натхнення, спрыяльнага надвор’я і багатага археалагічнага “ўраджаю”.

Вядомы даследчык бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі
М. М. Крывальцэвіч

Так ужо склалася, што цікавасць грамадскасці да працы археолагаў абуджаецца ў летні сезон, падчас раскопак, калі даследаванні навукоўцаў навідавоку. Экспедыцыі папаўняюць валанцёры, наведваюць краязнаўцы, журналісты, настаўнікі, неабыякавыя да мінуўшчыны дарослыя і дзеці. А з заканчэннем цёплых дзён работа спецыялістаў, што знаходзяць рэчы сівой даўніны ў нетрах зямлі, нібы прыпыняецца. На самой справе ўсё не зусім так – менавіта ў гэты час і робяцца галоўныя адкрыцці: даследчыкі апрацоўваюць знойдзены матэрыял, палявую дакументацыю, накіроўваюцца ў лабараторыі, каб з дапамогай спецыяльнага абсталявання дак-ладна вызначыць часы стварэння некаторых знойдзеных рэчаў, састаў пэўных матэрыялаў і даць знаходкам другое жыццё на вітрынах музеяў. Атрыманая інфармацыя асэнсоўваецца, абагульняецца і публікуецца спачатку ў навуковых і навукова-папулярных артыкулах, а потым – у манаграфічных і калектыўных выданнях і падручніках. Неўзабаве настае чарговы палявы сезон і археолагі зноў выпраўляюцца ў чарговае прыгодніцкае навуковае падарожжа да неспазнаных пакуль таямніц.
З нагоды прафесійнага свята хочацца згадаць навукоўцаў, якія даследавалі археалагічную спадчыну нашага раёна, бо гісторыя Петрыкаўшчыны пачынаецца не з першай згадкі горада ці вёсак у пісьмовых крыніцах, а нашмат раней, яшчэ ў самую старажытную эпоху – каменным веку.

Гузік-зашпілька XVII стагоддзя, якую перадаў музею адзін з наведвальнікаў

Самыя першыя вядомыя археалагічныя раскопкі на Петрыкаўшчыне правеў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя граф Яўхім Тышкевіч, але пра гэтыя даследаванні засталіся вельмі сціплыя звесткі – вядома толькі, што цікавілі навукоўца курганы на правым беразе Прыпяці, якіх ён раскапаў некалькі дзясяткаў. На жаль, сабраныя Тышкевічам рэчы да нашага часу не захаваліся.
Далей наш край з навуковай місіяй наведаў прафесар Кіеўскай духоўнай акадэміі Уладзімір Завітневіч, які выявіў шэраг помнікаў археалогіі на Петрыкаўшчыне, а ў 1889 годзе правёў самае буйное археалагічнае даследванне каля вёсак Міцуры, Ванюжычы, Камаровічы, мястэчка Капаткевічы, даследаваўшы больш за паўсотні курганоў.
За савецкім часам археалагічныя даследаванні сталі сістэматычнымі і навукова арганізаванымі. Новае пакаленне вучоных ставіла перад сабой задачу дэталёвага пошуку аб’ектаў даўніны і іх картаграфавання. Поруч з археолагамі многія кіламетры шляхоў па пясчаных дзюнах сярод балот, па высокіх берагах уздоўж рэк праходзілі краязнаўцы, настаўнікі мясцовых школ. Адным з такіх аматараў гісторыі Бацькаўшчыны быў Аляксандр Рынеўскі, які выявіў шмат помнікаў розных часоў: стаянак, селішчаў, гарадзішчаў, могільнікаў старажытных людзей на паўночнай частцы Петрыкаўшчыны. Яго справу ў пасляваенны час працягнуў настаўнік гісторыі Навасёлкаўскай школы Міхаіл Селех.
Не абышлі бокам наш край і нястомныя даследчыкі Акадэміі Навук Аляксандр Ляўданскі і Аляксандр Каваленя. Між іншым, шляхі вывучэння гістарычнай спадчыны былі розныя: навукоўцы не толькі збіралі артэфакты на пясчаных дарогах і ўзараных палетках. Шырока распаўсюджаная ў тыя часы была практыка апытання насельніцтва з наступным пазначэннем інфармацыі ў спецыяльных картках.

Каменная сякера эпохі бронзавага веку

Калі краіна пачала аднаўляцца пасля гадоў ваеннага ліхалецця, археалагічныя пошукі на тэрыторыі раёна працягнулі вядомы беларускі вучоны Уладзімір Ісаенка, які вывучаў паселішчы каменнага веку, маскоўскія даследчыкі Юрый Кухарэка, Вольга Мельнікоўская і Валянцін Сядоў, што сканцэнтравалі сваю ўвагу на помніках жалезнага веку і ранняга сярэднявечча.
Складана пераацаніць працу ў вывучэнні нашай гістарычнай спадчыны на сучасным этапе кандыдатаў гістарычных навук Мікалая Крывальцэвіча і ўраджэнкі Петрыкава Валянціны Вяргей. На працягу дзесяцігоддзяў гэтыя археолагі працавалі ў розных кутках Петрыкаўшчыны, адкрыўшы мноства новых помнікаў бронзавага веку і ранніх славян адпаведна.
Між іншым, Мікалай Мікалаевіч і ў гэтым годзе мае намер зноў наведацца ў нашыя мясціны, а справу Валянціны Сяргееўны працягвае прадстаўніца маладога пакалення археолагаў Алена Касюк.
Але чым адметнае Палессе і калі чалавек аблюбаваў наш край? Людзі здаўна і да апошняй пары сяліліся выключна паблізу ад вады. Таму большая частка археалагічных помнікаў і знаходзіцца каля рэк. Абжыванне рэгіёна пачалося ў сярэднім каменным веку – мезаліце з 10 па 5 тысячагоддзе да нашай эры і ішло ўверх па цячэннях Прыпяці і Пцічы. Самыя даўнія стаянкі гэтага часу выяўлены каля вёсак Дарашэвічы, Ляскавічы і Макарычы.
У 5 тысячагоддзі да нашай эры ў паўднёвай Беларусі пачаўся новы каменны век – неаліт. Неалітычныя стаянкі выяўлены каля вёсак Дарашэвічы, Галубіца, Мардзвін, Вышалаў, Навасёлкі, Ляскавічы.
На рубяжы 3-2 тысячагоддзяў да нашай эры пачаўся бронзавы век. Навакольныя ўмовы і ступень развіцця ведаў чалавека спрыялі далейшаму засваенню новых земляў і больш шчыльнаму засяленню мясцовасці. З гэтай прычыны стаянкі чалавека бронзавага веку раскінуліся амаль па ўсім раёне. Тут выяўлена звыш двух дзясяткаў археалагічных помнікаў таго часу.
Раскопкі, на вялікі жаль, на іх не праводзіліся, але паверхневыя зборы далі багаты матэрыял для археолагаў. Па назве эпохі зразумела, што чалавек карыстаўся вырабамі з бронзы, але, з-за адсутнасці медных руд у Беларусі, знаходкі з бронзы траплялі сюды з іншых рэгіёнаў шляхам шматлікіх натуральных абменаў. Такія рэчы былі вельмі каштоўнымі і дарагімі, адпаведна, і колькасць прадметаў з медных сплаваў была мізэрнай. Але ў нашым раёне знойдзена некалькі ўнікальных рэчаў – старажытныя завітыя бранзалеты, знойдзеныя ва ўрочышчы Жукоўшчына механізатарам Аляксандрам Загорцам на свежаўзаранай раллі, бліз вёскі Навасёлкі.

Курыльная трубка XVII- XVIII стагоддзяў

З VІІІ-VІІ стагоддзях да нашай эры пачалася новая эпоха – жалезны век, які працягваўся крыху больш за тысячагоддзе. Жалеза ў старажытныя часы выраблялі з балотных руд, адкладамі якіх багата Петрыкаўшчына. Руда на Палессі залягае неглыбока, нават выходзіць на паверхню зямлі каля вёсак Аголіцкая Рудня, Бабунічы, Баклань, Ільіч, Капаткевічы, Конкавічы, Ляскавічы, Рубча і Петрыкава. Аднак самае буйное радовішча балотнай руды зафіксавана археолагамі каля вёскі Ільіч. Тут пласт балотнай руды займаў плошчу ў 20-30 гектараў. Яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі існавалі невялікія жалезаробчыя заводы, якія выплаўлялі метал.
З цягам часу людзі пачалі сяліцца ў цяжкадаступных месцах сярод балот і лясоў, умацоўваць свае паселішчы землянымі валамі і равамі. З тых даўніх вякоў на Петрыкаўшчыне захавалася шмат гарадзішчаў, адно з якіх вы пабачыце, прагульваючыся па парку горада Петрыкава. Да гэтага часу ў раёне існуе вёска Гарадзішча (праўда, населены пункт быў перанесены ў мінулым стагоддзі са свайго былога месца), а ўрочышчаў з адпаведнай назвай можна налічыць з дзясятак. Балотныя гарадзішчы выяўлены пад вёскамі Хвойня, Навасёлкі, Івашкавічы, бліз Багрымавічаў, каля Петрыкава, але адно з самых буйных – Рымшава гара, недалёка ад Навасёлак.

Удзельнікі экспедыцыі па вывучэнню археалагічнага комплексу Снядзін, 2005 год. У другім радзе злева –
амерыканскі даследчык Волд Трымер, справа – ураджэнка Петрыкава, кіраўнік экспедыцыі Валянціна Вяргей

Пачынаючы з VІ стагоддзя па тэрыторыі Еўропы пачынаюць сяліцца славяне, умацаваныя паселішчы якіх адыгрывалі ролю рэлігійных і эканамічных цэнтраў, месцаў сходу дружын. Не выключна, што і Петрыкаў быў такім цэнтрам. Тут адкрыта нямала паселішчаў. Крыху пазней, каля тысячы год таму, фарміруецца племянное аб’яднанне дрыгавічоў. Дрыгавіцкія помнікі захаваліся каля вёсак Брынёў, Ванюжычы, Камаровічы, Капцэвічы, Лучыцы, Міцуры, Малыя Сяляцічы, Снядзін, Фаставічы. Напластаванні Х-ХІІІ стагоддзяў на тэрыторыі Петрыкава прасочваюцца на мысе ў парку, дзе зараз велічна ўзвышаецца помнік воінам-вызваліцелям.
Ці можна назваць акрэслены спіс помнікаў поўным? Пэўна, археолагі б адказалі на пытанне адмоўна. Здаецца, найстаражытнейшая гістарычная спадчына раёна вывучана нядрэнна, але ёсць яшчэ шэраг участкаў, якія застаюцца для даследчыкаў зямлёй пакуль што невядомай. З высокай верагоднасцю можна меркаваць, што спецыялісты, якія адзначаюць гэтымі днямі сваё прафесійнае свята, зробяць на петрыкаўскай зямлі яшчэ шмат адкрыццяў.

Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага музея.
Фота з архіву музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о