З цялятка пачынаецца статак

0
208

Днямі карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” наведалі МТФ “Курыцічы”. Там і адбылося знаёмства з нашай працавітай зямлячкай, цялятніцай Аленай Ярыга.

– Сказаць па праўдзе, пасля заканчэння школы не думала працаваць у сельскай гаспадарцы. Падалася ў Гомель, дзе атрымала спецыяльнасць закройшчыцы і краўчыхі, пасля працавала па спецыяльнасці ў Мазыры. Але праз час пацягнула на малую радзіму, – дзеліцца жанчына. – У Курыціцкай гаспадарцы ўсё жыццё адпрацавалі мае бацькі, тут на трактары шчыраваў мой будучы муж. Падумала – і вярнулася ў вёску, дзе ўсё знаёма і зразумела. Згулялі з суджаным вяселле.

Гаспадарка прадаставіла жыллё, з цягам часу нарадзіліся ў нас дзве дачкі. Адным словам, – усё склалася добра.

У сельскай гаспадарцы Алена Міхайлаўна працуе крыху больш за шаснаццаць гадоў. Апошнія дзевяць – даглядае цялят.

На сённяшні дзень у полі яе адказнасці каля сотні цялят ад нараджэння за трох месяцаў. Гэта самы складаны ўзрост для жывёлы.

Гераіня дзеліцца:
– Калі прыходжу на ферму ў першую чаргу аглядаю сваіх падапечных, прыкмячаю, як яны сябе адчуваюць, які ў іх настрой. Пасля ўсё па звыклым алгарытме: папаіць, пакарміць, падаслаць. Калі нешта не так, іду да ветурача.

Сваю “выхавальніцу” маладыя жывёлы пазнаюць адразу.
– Мая праца патрабуе ранняга пад’ёму, умення любіць жывёл, быць адказнай і дысцыплінаванай. Але лёгкай працы не бывае, – працягвае жывёлавод. – Ведаеце, за гады працы на ферме навучылася бачыць стан жывёлы з першага позірку і нават па вачах разумець, здаровае цялятка ці не.

Толькі добрыя словы можна пачуць у адрас нашай герані і ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Алена Міхайлаўна вельмі адказны работнік. За яе ўчастак можна не хвалявацца. Такія як яна, шчырыя, сумленныя, старанныя – прыклад у працы, трапяткіх адносін да роднай зямлі!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о