Днямі мы пагутарылі з старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі райаддзела ўнутраных спраў Максімам Белакурам. Нагод для бяседы было некалькі, бо сёння малады чалавек ужо працуе на адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці, а літаральна ўчора ён быў курсантам Акадэміі МУС. Пра выбар прафесіі чалавека ў пагонах, курсанцкія гады і аператыўную службу і быў аповед Максіма.
Са слоў суразмоўцы, выбар прафесіі быў прадвызначаны прыкладам бацькі: “Яшчэ з дзяцінства я штодзень пазіраў на свайго тату, Васіля Мікалаевіча, які з’яўляецца для мяне прыкладам сапраўднага мужчыны. Бацька ўсё сваё працоўнае жыццё служыў у крымінальнай міліцыі, быў першым намеснікам начальніка Петрыкаўскага РАУС, начальнікам Жыткавіцкага райаддзелу.
З работы ён вяртаўся па форме, часцяком стомлены і нярэдка занадта пазней, чым завяршаўся яго працоўны дзень. Але я добра разумеў, якую важную работу ён робіць і яшчэ будучы хлопчыкам вырашыў, што таксама стану праваахоўнікам і, па магчымасці, буду займацца аператыўнай работай”.
Каб паступіць сёлета ў Акадэмію МУС у Мінску ці Інстытут МУС в Магілёве, трэба звярнуцца ў Петрыкаўскі РАУС не пазней за 15 красавіка бягучага года. Але лепей рабіць гэта загадзя, каб паспець прайсці медыцынскі агляд і сабраць патрэбныя дакументы. Потым здаць Цэнтралізаваны экзамен, Цэнтралізаванай тэсціраванне па рускай ці беларускай мове, грамадазнаўстве і замежнай мове. Летась сярэдні прахадны бал для асоб мужчынскага полу ў Акадэмію МУС складаў ад 190-та да 260-ці балаў, у Інстытут МУС – ад 198-мі да 210-ці балаў.
Максім абраў для паступлення факультэт крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС. “Навучанне наша адрознівалася ад студэнцкіх гадоў выхаванцаў грамадзянскіх ВНУ. Але адзначу, што спазнаваць навуку было вельмі цікава. Па-першае, вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў маюць самы высокі ўзровень выкладчыкаў з навуковымі ступенямі кандыдата ці доктара навук. Па-другое, істотная колькасць навучальнага часу адводзілася на практыку, што дадавала цікавасці. Варта адзначыць, што курсанты забяспечваюцца рэчавай маёмасцю і грашовым сродкамі, стыпендыя складае каля 560-ці рублёў пры поўным дзяржаўным забеспячэнні. Дарэчы, харчаванне ў выхаванцаў Акадэміі аналагічнае харчаванню ў элітных вайсковых часцях Беларусі.
Магчыма, некаторых юнакоў, што зараз яшчэ навучаюцца ў школе, будзе непакоіць перспектыва пражывання ў казарме першыя два гады навучання. Але звярну ўвагу, што ўмовы там створаны вельмі прыдатныя – паўсюдны сучасны рамонт, магчымасць наведвання трэнажорнай залы якіх, між іншым, у Акадэміі тры.
У вольны час кожны знаходзіць сабе занятак па інтарэсах: нехта ўдзельнічае ў самадзейнасці, іншыя займаюцца ў навуковых таварыствах, створаных пры кафедрах. Усё гэта таксама не праходзіць незаўважна – за паспяховую вучобу ці дасягненні ў навуковай, грамадскай ці спартыўнай дзейнасці курсанты заахвочваюцца кароткатэрміновымі водпускамі, апрача таго адпачынку, які прадугледжаны пасля зімовай і летняй сесіі. Ну, а апошнія паўтары гады жыцця ў горадзе па-за казармай па сутнасці не адрозніваюцца ад ладу жыцця студэнтаў грамадзянскіх навучальных устаноў”, – расказаў Максім Васільевіч.
Тры з паловай гады праляцелі хутка і малады чалавек накіраваўся ў Петрыкаў для праходжання практыкі. Калегі яго сустрэлі добра, заўсёды адчувалася падтрымка і дапамога з боку старшых таварышаў. Таму, калі атрымаўшы дыплом, Максім Белакур накіроўваўся на малую радзіму служыць у міліцыі, пачуцці ў маладога спецыяліста былі самыя станоўчыя: за тры месяцы практыкі калектыў праваахоўнікаў стаў для яго сваім.
Усім выпускнікам Акадэміі і Інстытута выдаюцца дыпломы дзяржаўнага ўзору па спецыяльнасці “правазнаўства”, з прысваеннем звання “лейтэнант міліцыі”. Адной з пераваг міліцэйскіх ВНУ з’яўляецца палітыка размеркавання: калі большасць навучальных устаноў размяркоўваюць выпускнікоў у рамках вобласці, будучыя афіцэры размяркоўваюцца ў РАУС, ад якіх яны накіроўваліся на вучобу. Практыку яны праходзяць у сваіх жа райаддзелах, што дазваляе практычна з пачатку працоўнай дзейнасці атрымліваць добрыя паказчыкі службовай дзейнасці.
Не так даўно былі падведзены вынікі работы аддзелаў міліцыі за мінулы год. У сваёй катэгорыі работа групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі была прызнана лепшай у вобласці. Максім Васільевіч гаворыць пра гэты паказчык сціпла: “Трэба ра-зумець, што я працую на пасадзе каля паловы года, таму, у значнай ступен,і высокая адзнака была абумоўлена і працай папярэдняга калегі. Акрамя гэтага прызнаюся шчыра: сітуацыя ў сферы абароту наркотыкаў у малых гарадах значна больш кантралюемая і не такая вострая, у параўнанні з вялікімі гарадамі. З іншага боку, было б няправільна думаць, што мы працуем толькі на нейкую лічбу ці паказчык: калі сітуацыя ў рэгіёне спакойная, галоўнае – утрымаць яе на існуючым узроўні. Акрамя гэтага мы кантралюем і законны абарот наркатычных сродкаў ва ўстановах аховы здароўя, пільна назіраем за людзьмі, што злоўжывалі забароненымі рэчывамі раней. Асобны напрамак маёй дзейнасці – супрацьдзеянне гандлю людзьмі.
У завяршэнні нашай гутаркі хацеў бы засяродзіць увагу: часцяком даводзіцца чуць – што праца наркакур’ерам прыносіць лёгкія і вялікія грошы. Гэта не зусім так. Звычайна, так званыя “закладчыкі” маюць непрацяглы “працоўны стаж” – я не ведаю кур’ераў, што пратрымаліся б у гэтай дзейнасці больш за некалькі тыдняў, пераважная іх колькасць адказвае перад законам пасля адной-дзвюх закладак. Лічыце самі: за адну закладку “гаспадары” плацяць сваім паплечнікам 12-15 рублёў, а пакаранне па наркатычным артыкуле можа дасягаць 20 гадоў пазбаўлення волі. Атрымліваецца, што ўладальнікі такога “бізнесу” ацэньваюць жыццё кур’ера менш чым рубель за год зняволення. І прапаноўваючы “працу” адным маладым людзям, яны ўжо шукаюць другіх, бо ведаюць, што новага кур’ера ўсё роўна зловяць і пасадзяць, – адзначыў Максім Белакур.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий