На пошту “Петрыкаўскіх навін” дасылаюць лісты жыхары сельскіх населеных пунктаў, у якіх расказваюць пра жыццё вяскоўцаў.
На мінулым тыдні ліст прыйшоў з аграгарадка Конкавічы ад нашага пастаяннага чытача Аляксея Міцуры. Аляксей Іванавіч не першы раз піша ў рэдакцыю пра сваіх землякоў, і заўсёды яго словы цёплыя, напоўненыя любоўю і павагай.
Я чалавек не маладых гадоў і ўсё сваё жыццё з любоўю ставіўся да малой радзімы і людзей, якія пражываюць на ёй. Мой сённяшні аповед пра конкавіцкіх артыстаў, якія радуюць жыхароў аграгарадка сваёй творчасцю.
У час апошняй канцэртнай праграмы, якая была прысвечана выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да гледачоў выйшла загадчыца Дома культуры Галіна Худая і сказала: “Добры дзень, дарагія сябры! Мы радыя бачыць вас у зале. Я хачу ва ўвесь голас заявіць: дарагія землякі не будзьце абыякавыя да сваёй Радзімы, нашай любімай Беларусі”. Калектывам мастацкай самадзейнасці, у складзе якога Тамара Яцкавец, Валянціна Новік, Валянціна Дыба, Тамара Пырко, Валянціна Жогла – кіруе Анастасія Грыгор’ева. Усе яны таленавітыя пявунні.
Але якая песня без баяна? У калектыве працуе баяніст Мікалай Галота. Мужчына не толькі цудоўна валодае музычным інструментам, але і прыгожа спявае. У яго выкананні “Домік ля дарогі” заўсёды вітаецца гледачамі. Трохі слоў пра рэпертуар калектыва. “Беларусь мая”, “Метут снега”, “Вёсачка мая”, “Белая Русь” – кампазіцыі былі выкананы так, што прымушалі людзей шчыра радавацца. А як прыгожа выглядаюць конкавіцкія артысты ў нацыянальных беларускіх касцюмах! Асабліва гарачымі апладысментамі землякі праводзілі ўдзельнікаў самадзейнасці, якія выступалі на беларускай мове. І я чуў, як незнаёмы мне мужчына, сказаў свайму суседу: “Не думаў, што ў правінцыі ёсць такія артысты”.
Радуе і той факт, што на сцэну выходзілі педагогі, навучэнцы мясцовай школы, якія жывуць і працуюць у цеснай звязцы з установай культуры. Маладыя зямлячкі Галіна Грыгор’ева, Анжаліка Паўтаран, Ганна Васілец радавалі жыхароў сваёй творчасцю. Удзел падрастаючага пакалення ў такіх мерапрыемствах, выхоўвае ў іх павагу да нацыянальнай культуры, гісторыі, працы.
Словы глыбокай падзякі выказваю работнікам культуры за іх уменне дарыць радасць людзям, педагогам школы, якія вучаць дзяцей выразнаму слову. Такія вось людзі жывуць на Конкавіцкай зямлі – таленавітыя, добрыя, шчырыя.
Оставить комментарий