Напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на гарадской плошчы адбылося ўрачыстае абяцанне акцябрат і піянераў, уручэнне членскіх білетаў грамадскага аб’яднання «Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі» і прысяга вернасці падрастаючага пакалення дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.
Павіншаваць пакаленне будучыні са святам і знакавай падзеяй наведаліся старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько, старшыня райсавета дэпутатаў Віталій Пілер, прадстаўнікі адміністрацыі раёна і сілавых структур, лідары грамадскіх аб’яднанняў, актывісты працоўных калектываў і моладзь Петрыкаўшчыны.
Загучаў дзяржаўны гімн. Правам падняць сцяг Рэспублікі Беларусь былі ганараваны пераможцы заключных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, навучэнцы гімназіі Ганна Ганчар і Кірыл Адамоўскі.
Да прысутных звярнуўся з прамовай старшыня раённага выканаўчага камітэту Аляксандр Кохан: “Мала каму гісторыя ўгатавала такі драматычны лёс, як беларускаму народу. Па запаветнай зямлі пракацілася шмат войнаў і набегаў. Але нашыя продкі годна адбівалі атакі іншаземцаў.
Колеры дзяржаўных сімвалаў звязаны з духоўнымі вытокамі нашага народа, у гербе Беларусі закладзены ідэі працы, урадлівасці нашай зямлі, свабоды і незалежнасці. Няхай нашая атрыбутыка і маладая, але яна ўвасабляе вызначаныя беларусамі спрадвечныя каштоўнасці, галоўная з якіх – мір на зямлі.
Будучыня любой краіны, гэта вы – дзеці і моладзь. Кожнае новае пакаленне ўпісвае новыя годныя старонкі ў агульны летапіс. Няхай жа гэтае свята будзе адзначана радасцю і добрым настроем. Няхай лунаюць слаўныя сцягі і асвятляюць наш шлях Дзяржаўныя герб і гімн краіны”.
Павіншавала рабят са святам дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько: “У нашых дзяржаўных сімвалах атаясамліваецца духоўная спадчына продкаў і нацыянальнае багацце. Сёння адбываецца знакавая падзея ў вашым жыцці: першыя будуць прынятыя ў акцябраты, другія стануць піянерамі, больш дарослыя папоўняць шэрагі актывістаў “БРСМ”, але вы разам павінны захоўваць і зберагаць нашыя традыцыі. Будзьце прыкладам у паводзінах, вучобе, працы, будзьце лідарамі!”.
Да мікрафона была запрошана старшыня райсавета грамадскага аб’яднання “БРПА” Ксенія Коль, якая чытала словы абяцання, а будучыя акцябраты гучна і згуртавана вымаўлялі “Абяцаю”. Ганаровыя госці мерапрыемства прышпілілі кожнаму маленькаму грамадзяніну нашай краіны значкі акцябрат. За тым сваё абяцанне далі піянеры і ім былі павязаныя чырвона-зялёныя гальштукі.
На плошчу былі запрошаныя юнакі і дзяўчыны, якім Аляксандр Васільевіч уручыў членскія білеты Беларускага Рэспубліканскага Саюзу Моладзі. Маладыя людзі з усмешкамі атрымлівалі дакументы, дзякавалі за віншаванні і запаветы старэйшага пакалення. У завяршэнні дзеці і падлеткі прамовілі прысягу вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь. Пасля гэтага на плошчы разгарнулася харэаграфічная пастаноўка, за якую дзеці аддзячылі юным артыстам шчырымі авацыямі.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий