Сёлетняй зімой насельнікам лясоў даводзіцца няпроста. Мароз, снегапады – пракарміцца ў такіх умовах дзікім жывёлам без дапамогі чалавека вельмі складана. У такія марозныя дні, як ніколі, патрэбна дапамога братам нашым меншым.
На гэтым тыдні карэспандэнт ”ПН” на свае вочы ўбачыла, як адбываецца падкорм дзікіх жывёл Петрыкаўскага лясгасу егерамі.

Пакуль неабыякавыя землякі развешваюць кармушкі, клапоцячыся пра птушак, у гэты час у заснежаных лясах раёна адкрыты дзясяткі лясных сталовых. Лясніцтвы гатуюць для дзікіх жывёл сапраўдны шведскі стол.

Рабочы дзень егераў Васілія Еўдакімчыка і Аляксандра Ракіцкага пачынаецца з прагрэву рухавіка УАЗа – па заснежаным лесе больш лёгкая тэхніка, на жаль не прой-дзе. Што ж, разам з работнікамі Петрыкаўскай міжраённай інспек-цыі аховы жывёльнага і расліннага свету, інжынерам па паляўнічай гаспадарцы Антонам Волкавым і егерамі адпраўляемся ў снежнае падарожжа. Машына натужна ўгрызаецца ў гурбы снегу.

– У маім вядзенні 8 падкормачных пляцовак для казуль і аленяў, кармушкі павінны быць заўсёды поўныя, інакш звяры могуць не перажыць зіму, – распавядае Аляксандр Мікалаевіч па ходзе руху. – Глядзіце ўважліва, напэўна атрымаецца ўбачыць статак казуль або аленя.

Наогул, у звычайны час жывёлы аддаюць перавагу карміцца па начах. Так больш бяспечна, фактар турботы мінімальны. Але толькі не гэтымі днямі. Капытныя харчуюцца пераважна падножным кормам – травой, ягаднікамі (выключэнне складае лось, які аддае перавагу кустам і дрэўцам). Здабыць харч з-пад глыбокага снегу няпроста, вось і шукаюць звяры, дзе б падсілкавацца.

Мы пад’язджаем да ўрочышча на тэрыторыі Навасёлкаўскага лясніцтва. Апошнія дзвесце метраў ідзем пешшу. На лясной паляне заўважаю некалькі пабудоў – назіральную вышку, кармушкі. Побач сховішча корму. Егеры адчыняюць дзверы, дэманструюць стратэгічныя запасы збожжа і саланца. Поўная скрыначка! Насыпаем корм у мяшкі, цягнем іх да кармушкі, частку высыпаем туды, рэшткі – на зямлю, каб жывёлы падбіралі яго, як у дзікіх умовах.

– Калі капытных проста карміць, яны становяцца практычна ручнымі, – тлумачыць інжынер па паляўнічай гаспадарцы. –Дапусціць гэтага ні ў якім разе нельга, бо жывёлы, прывучаныя не баяцца чалавека, становяцца лёгкай здабычай браканьераў. Наша задача – ненадакучліва дапамагчы ім перажыць складаны перыяд.
Да месцаў выкладкі кармоў жывёлы прыходзяць круглыя суткі, адзначае Антон Сяргеевіч. Устаноўленыя фотапасткі фіксуюць, напрыклад, казуль і днём, і ноччу (на фота). Плошча тэрыторыі, якую абслугоўвае лесапаляўнічая гаспадарка лясгасу, складае 75.5 гектараў, на якіх размешчана 73 кармушкі, 8 падкормачных пляцовак, 90 саланцоў.

Далей пераязджаем ва ўрочышча Камаровіцкага лясніцтва. УАЗ пакідаем на дарозе, егер Васілій Іванавіч выцягвае з багажніка мяшок са збожжам, узвальвае на плячо. Рушым у глыб лесу. Егеры расстаўляюць кармушкі ў тых месцах, дзе заўважана найбольшая канцэнтрацыя звера. А гэта самыя недаступныя для чалавека ўчасткі лесу. Тут стандартная падкормачная пляцоўка. Пакідаем у “сталовай” і спрасаваную соль, якая жыццёва неабходна дзікім жывёлам. Брыкеты ўкладваем у спецыяльныя аддзяленні кармушак. Частку солі жывёлы зліжуць, частка са снегам і дажджамі сцячэ на зямлю, але не прападзе.

Каб лясныя жыхары не стваралі аварыйныя сітуацыі на дарозе супрацоўнікі лясгаса сочаць за іх зімовым падкормам.
Снежнае падарожжа карэспандэнта заканчваецца, а егерам яшчэ трэба праехаць і прайсці пешшу не адзін дзясятак кіламетраў…


Марыя ТАМКО, фота аўтара.





