Слупкі тэрмометраў гэтай зімой стабільна трымаюцца ніжэй за нуль, часам апускаюцца да экстрэмальных значэнняў. У такіх умовах на першы план выходзіць бесперабойная праца жыццёва важных сістэм. Аднымі з тых, хто ў гэтыя дні працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці, з’яўляюцца работнікі электрасетак.
Карэспандэнт “ПН” наведала Петрыкаўскі ўчастак РЭС, каб даведацца, як энергетыкі ва ўмовах маразоў спраўляюцца з выклікамі надвор’я.
– У перыяд паніжэння тэмпературы калектыў электрычных сетак перайшоў на кругласутачны ўзмоцнены рэжым працы: акрамя аператыўна-выязных брыгад сфарміравана і рамонтная брыгада, якая абсталявана перасоўнымі электрастанцыямі, – дзеліцца кіраўнік арганізацыі Раман Ядроў.
ПАРАДЫ АД ЭНЕРГЕТЫКАЎ
Што рабіць пры раптоўным адключэнні святла.
Галоўнае – не панікаваць! Неадкладна звяжыцеся з аварыйна-дыспетчарскай службай па нумарах тэлефонаў 144, 115.
Важна даць максімальна дакладную і поўную інфармацыю: няма святла толькі ў вашай кватэры/доме, ці ж электрычнасць адсутнічае на ўсёй вуліцы, у вашым раёне. Калі вы заўважылі абарваныя правады, іскрэнне, дым ці іншыя бачныя пашкоджанні электрасетак, абавязкова паведаміце пра гэта. Не набліжайцеся да абарваных правадоў: трымайцеся на бяспечнай адлегласці і папярэдзьце пра небяспеку дзяцей і іншых членаў сям’і. Не спрабуйце самастойна рамантаваць лічыльнік ці праводку. Ва ўмовах адключэння электраэнергіі, асабліва ў мароз, бяспека павінна быць вашым галоўным прыярытэтам. Пры неабходнасці выкарыстоўвайце альтэрнатыўныя крыніцы святла: свечкі, ліхтарыкі ці партатыўныя зарадныя прылады для тэлефонаў. Крыніцамі цяпла паслужаць цёплая коўдра, спальныя мяшкі, тэрмабялізна, ваўняныя абутак. Калі ў вас ёсць камін ці печ, пераканайцеся, што ў вас ёсць запас дроў ці вугалю.
Чакайце прыезд аварыйнай брыгады.
Са слоў Рамана Дзмітрыевіча, з паніжэннем тэмпературы на Петрыкаўшчыне праца электрасетак вядзецца ў штатным рэжыме. Больш за 30 чалавек персаналу, 20 адзінак спецтэхнікі пры неабходнасці гатовы прыступіць да ліквідацыі наступстваў стыхіі.
– Такіх здарэнняў, якія маглі б паўплываць на электразабеспячэнне цэлых участкаў або аб’ектаў, у гэты зімовы перыяд не назіралася. З населеных пунктаў паступалі званкі па прычынах перанапружання сеткі, мігцення святла ў хаце. Спецыялісты выязджалі да насельніцтва, выпраўлялі сітуацыю, праводзілі тлумачальную работу.
Як адзначыў кіраўнік, у мінулым годзе энергетыкамі раёна была праведзена вялікая праца, накіраваная на забеспячэнне надзейнасці функцыянавання электрасетак. Гэта і высечка лесу паблізу ліній электраперадач, замена зношаных правадоў, прывядзенне ў належны стан трансфарматарных станцый, што, несумненна, паўплывала на трываласць электрасетак у зімовы перыяд.
У 2025 годзе Петрыкаўскім РЭС была праведзена рэканструкцыя электрычных сетак у вёсках Муляроўка і Малыя Навасёлкі. На баланс прыняты сеткі чыгуначных шляхоў населеных пунктаў Капцэвічы, Муляроўка, Пціч. Праведзе-ны капітальны рамонт на 38 аб’ектах. Працягласць адрамантаваных ліній склала 137,502 кіламетра.
Са слоў суразмоўцы, для эфектыўнай працы энер-гетыкаў, акрамя спраўнасці інфраструктуры, вялікую ролю адыгрывае і надзейнасць тэхнікі. Аўтапарк раённых электрычных сетак рэгулярна праходзіць тэхнічнае абслугоўванне, каб быць гатовым да працы ў любых, нават самых складаных, умовах.
Тым не менш, існуюць і “кропкі рызыкі”, якія патрабуюць асаблівай увагі. Да іх, напрыклад, адносяцца забалочаныя месцы, прысыпаныя снегам. У такіх умовах нават самая сучасная тэхніка можа сутыкнуцца з цяжкасцямі. Пераадоленне гэтых прыродных перашкод патрабуе ад энергетыкаў сапраўднага прафесіяналізму.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.







Оставить комментарий