Тэрапеўтычнае аддзяленне №1 Цэнтральнай раённай бальніцы прызнана адным з лепшых працоўных калектываў ў 2024 годзе.
На далікатных жаночых плячах трымаецца самае вялікае аддзяленне Петрыкаўскай ЦРБ (разлічана на 40 ложкаў), якое мае як тэрапеўтычны, так і неўралагічны профіль. Пасля капрамонту ўсе памяшканні аддзялення сталі светлымі, зручнымі і ўтульнымі.
Сустракае нас былы загадчык (на дадзены момант урач-эксперт) – усмешлівая прыгажуня, выдатны спецыяліст з дзевяцігадовым медыцынскім стажам Яна Сцепаненка. Жартаўліва аддаўшы загад калегам неад-кладна падфарбаваць вусны для калектыўнай фатаграфіі, яна знаходзіць хвілінку для інтэрв’ю і пачынае аповед.
–У сям’і ў нас ніколі не было лекараў, але я з дзяцінства марыла пра гэтую прафесію. Таму не думаючы паступіла ў Сімферопальскі медыцынскі ўніверсітэт.Малая радзіма маёй матулі – Петрыкаў, таму я пераехала сюды пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2015 годзе і з чэрвеня прыступіла да работы, – распавядае Яна Вячаславаўна. – З самага першага дня інтэрнатуры і па сённяшні дзень я працавала толькі ў Петрыкаве. З 2-га студзеня 2017 года стала загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення №1, інтэрнатуру таксама праходзіла ў тэрапеўтычным аддзяленні, дзе маім настаўнікам стаў загадчык аддзялення, цудоўны чалавек Канстанцін Ісакавіч Лапета, які мяне многаму навучыў, быў вельмі добры і ветлівы. Я ўбачыла чалавека, які цалкам “раствораны” ў працы, прафесіянала, які не баіцца цяжкасцяў і заўсёды падставіць плячо. Калектыў быў вельмі добры, спагадлівы. І ўсё склалася такім чынам, што Канстанцін Ісакавіч перадаў мне аддзяленне. Фактычна да 17 лютага 2025 года я была загадчыцай. У гэтым годзе мне прапанавалі перайсці на медыцынскую экспертызу і я вырашыла паспрабаваць. Што тычыцца аддзялення, то мы абслугоўваем даволі шырокі спектр захворванняў. У асноўным сардэчна-сасудзістую паталогію (інфаркты, хранічная сардэчная недастатковасць, арытмія), гэтак жа і неўралагічныя захворванні. Трэба прызнацца – не ўсе гатовы працаваць у напружаных умовах фізічна і псіхалагічна. У асноўным нашы ўрачы,медсёстры і санітаркі – гэта людзі, якія працуюць працяглы час. Многае ў руках сярэдняга медыцынскага звяна. Пагадзіцеся, ніводны лекар, нават самы прафесійны, не абыдзецца без надзейнага тылу – медсёстры, санітаркі. Праца гэтых жанчын, на першы погляд, непрыкметная, але годная і прызнання, і ўзнагарод.
Фактычна больш за 30 гадоў свайго жыцця ў тэрапеўтычным аддзяленні працуюць Іна Пятроўна Патоцкая, Аксана Віктараўна Налецька, Галіна Мікалаеўна Галота. Людзі з досведам, касцяк аддзялення. Без перабольшанняў хочацца адзначыць, што ў першай тэрапіі вельмі добразычлівы, прыемны калектыў. У аддзяленні на сённяшні дзень працуюць тры доктара: тэрапеўт – Аймеле Сулейманаўна Алабердзіева, неўролаг – Анастасія Аляк-сандраўна Новік, неўролаг на замене – Вікторыя Міхайлаўна Пічкар.
– Гледзячы на сваіх калег, магу сказаць, што ў медыцыну абыякавыя людзі не прыходзяць. Мы займаемся любімай і важнай справай, ад гэтага і ўласнае жыццё становіцца па-сутнасці значным і каштоўным.
Калектыў тэрапеўтычнага аддзялення верныя сваёй прафесіі, ва ўсіх прысутнічае добразычлівае стаўленне да пацыентаў і шчырае жаданне ім дапамагчы. – Мы бачым “цяжкіх” пацыентаў, бачым чужое гора, трывогу і страх іх сваякоў, перажыванні за сваіх блізкіх. Калектыў гэта адчувае і большасць вельмі спагадліва да гэтага ставяцца, – адзначыла Яна Вячаславаўна.
– Вядома ж, ёсць фактар прафесійнага выгарання, таму што шмат працы, але ў цэлым гэтая спагадлівасць і жаданне дапамагчы – ляжыць у аснове. Мала мець досвед, веды і навыкі, трэба мець матывацыю іх ужываць і наша аддзяленне менавіта такое. Кожны ў калектыве знаходзіцца на сваім месцы. Мы адчуваем сябе запатрабаванымі, патрэбнымі людзям, і гэта вялікае шчасце, – адзначыла суразмоўца.
Дзякуй Вам за штодзённую працу, за вашае старанне, за любоў да абранай прафесіі. Жадаем невычэрпнай энергіі, падзякі пацыентаў і моцнага здароўя.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий