Гераіні сёняшняга матэрыялу – нашы зямлячкі, якія прысвяцілі свой працоўны шлях сельскай гаспадарцы. Яны – перадавыя цялятніцы МТК “Боркі” ААТ “Навасёлкі”, працуюць адказна, з душой і заўсёды з добрым настроем. Праца, якую абралі жанчыны – не для кожнага. Ад гэтага іх жыццё заслугоўвае асаблівых слоў падзякі.
Ці ёсць розніца паміж цяляткам і дзіцем? Здаецца, смешнае пытанне – вядома ж, ёсць. Але ёсць і тое, што іх аб’ядноўвае – неабходнасць у пастаянным клопаце і апецы, асабліва ў першыя месяцы жыцця. Гэта добра ведае і разумее цялятніца Таццяна Штык, у абавязкі якой уваходзіць догляд за нованароджанымі цялятамі.
– Галоўнае, з першых жа гадзін жыцця забяспечыць жывёліне належныя ўмовы ўтрымання і кармлення, – распавядае Таццяна Анатольеўна. – Адразу ж, як толькі цяля з’явілася на свет, яго неабходна старанна абсушыць, у першыя дзве гадзіны жыцця цялушачка або бычок атрымліваюць малодзіва ад мамы-каровы. Ніякія лекавыя прэпараты не заменяць паўнавартаснае малодзіва пры своечасовым і правільным яго скормліванні.
Зараз пад апекай цялятніцы знаходзяцца 85 “немаўлят” ва ўзросце да 21 дня. Гэта найважнейшы этап у жыцці цялят, калі закладваюцца асновы для далейшага росту і развіцця. Таму строгаму выкананню ўсіх ветэрынарных і гігіенічных патрабаванняў, рэгламенту выпойвання, якаснага падсцілу, жывёлавод надае шмат увагі.
Любоў да жывёл, адказнае стаўленне да справы ў жывёлавода закладзена з дзяцінства. Сама жанчына з мясцовых. Бацькі ў свой час працавалі ў гэтай жа гаспадарцы, іх праца, годная для пераймання, была для яе ўзорам заўсёды. Пасля заканчэння Камаровіцкай школы паступіла ў Горацкую сельгасакадэмію на спецыяльнасць “Агранамія”. Атрымаўшы дыплом, прыехала ў родную вёску і ўжо больш за дваццаць гадоў аддана працуе на зямлі. Прызнаецца, што адчувае падтрымку калег, кіраўніцтва. Тут усё роднае, знаёмае, акружаюць блізкія і сардэчныя людзі. Калі ў сям’і гераіні здарылася няшчасце – згарэў дом, сельгаспрадпрыемства не засталося ўбаку і выдзеліла жыллё работніцы.
Таццяна Анатольеўна маці траіх ужо дарослых дзяцей і бабуля траіх унукаў. З сельскай гаспадаркай сваё жыццё звязаў толькі старэйшы сын – працуе на льнозаводзе ў Віцебскай вобласці. Суразмоўца гаворыць, што, магчыма, працоўную дынастыю сяльгаснікаў працягнуць унукі.
Перадавая цялятніца Марыя Дамасевіч пры знаёмстве аказалася чалавекам вельмі сціплым. Суразмоўца была здзіўлена, за што ёй такая ўвага, лічачы, што нічога асаблівага не робіць.
– Проста сумленна выконваю свае абавязкі. Люблю жывёл, якіх у мяне на апецы 235 і прыкладаю ўсе намаганні, каб яны не захварэлі, – пачынае размову Марыя Мікалаеўна. – Бо і здароўе, і настрой “маіх” цялят напрамую залежыць ад мяне.
Больш за пятнаццаць гадоў кожны дзень з раніцы да вечара жанчына сочыць за цялятамі ад трох да шасці месяцаў, каб былі чыстымі, накормленымі і здаровымі. Па тым, як цягнуцца да цялятніцы жывёлы, як аблізваюць ёй рукі, зразумела: чалавечая ласка для іх не рэдкасць.
– Сваіх падапечных я ўжо падкормліваю камбікормам, прывучаю да сена, у рацыён уключаны іншыя дабаўкі. Мая задача – перадаць іх далей здаровымі і моцнымі, – працягвае размову гераіня. – Праца, вядома, у нас не лёгкая, але нічога, спраўляемся. Калектыў тут дружны, працуем весела, адно аднаму заўсёды дапамагаем.
У адрозненне ад сваёй калегі, Марыя Мікалаеўна родам са Століншчыны. У 2001 годзе прыехала ў Камаровічы на заробкі на пераборку бульбы. Аднаму з мясцовых хлопцаў адразу спадабалася працавітая, спагадлівая дзяўчына. Пачуцці былі ўзаемнымі, што і прывяло да стварэння сям’і. Маладыя абсталяваліся на радзіме мужа, гаспадарка прапанавала жыллё. Марыя Мікалаеўна, маці пецярых сыноў, двое з якіх працуюць разам з ёю ў гаспадарцы: ветэрынарным урачом і вадзіцелем. І гэты факт жанчыну радуе – бо дзеці выбралі годныя прафесіі.
Праца на ферме кіпіць і не спыняецца да позняга вечара. Так, у звычайнай сялянскай мітусні пад акампанемент мыкання цялят праходзяць дні і гады нашых гераінь – добрых, клапатлівых і працавітых. Мы захапляемся іх майстэрствам, бяром прыклад жыццёвай устойлівасці і стаўлення да роднага краю. Здароўя вам, дабра і міру!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий