Пэўна, не багата знойдзецца ў раёне людзей, якія не ведаюць Леаніда Алехніка. Гаспадар аграсядзібы, блогер, выдатны вакаліст, грамадскі актывіст: гледзячы на мужчыну, хочацца хоць крыху пазычыць у яго энергіі і пачуцця любові да жыцця. Разам з тым, ваенны кіцель і мноства ўзнагарод падказваюць, што лёс у мужчыны складаўся не гладкаю сцяжынаю. Пра прызванне чалавека ў пагонах, дарогі Афганістана і покліч Радзімы мы і пагутарылі з Леанідам Мікалаевічам.

З чаго пачынаецца Радзіма– Нарадзіўся я ў вёсцы Перунова, што на Лунінеччыне. Як і ўсе вясковыя дзеці я быў з малых гадоў прывучаны да працы і дысцыпліны, улетку з пятай гадзіны ранку дапамагаў бацьку на сенажаці, займаўся справамі па гаспадарцы, але поруч са мной заўсёды быў свет літаратуры. Я выхоўваўся на ваенных аповесцях аб партызанах і франтавіках, крыху пазней захапляўся прыгодніцкай літаратурай. Пэўна, людзі майго пакалення добра разумеюць гэтую прагу да чытання. Не магу не выказаць сваю ўдзячнасць настаўнікам, бо асабліва ў старэйшых класах адчуў сапраўднае ўзрастанне, як асобы. Словам, вырашыў стаць ваенным, – згадвае Леанід Алехнік.

Паступіць з першай спробы не атрымалася і юнак быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Але ўсё ж малады чалавек стаў курсантам Сімферопальскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча і пасля паспяховага заканчэння навучальнай установы быў накіраваны ў Ленінградскую ваенную акругу.

– Працягвалася вайна ў Афганістане і я адчуваў, што як ваенны чалавек павінен быць там. Але майму рапарту не далі ход, казалі, што ваенныя патрэбны не толькі ў зоне баявых дзеянняў. Неўзабаве ў падраз-дзяленне прыйшла разнарадка і я, пасля медыцынскай камісіі і мноства арганізацыйных працэдур, накіраваўся на Усход, – з задуменнем і глыбокім позіркам прамовіў суразмоўца.
Дарэчы, 20 лютага споўнілася 37 гадоў, як ваенны паветраны борт даставіў Леаніда Мікалаевіча на афганскую зямлю.
Урэшце наш суайчыннік заняў пасаду намесніка камандзіра мотастралковага палка, а потым і батальёна. Яго падраздзяленне ахоўвала паўночны бок перавалу Саланг – стратэгічнага шляху па забеспячэнні савецкіх войск.

Пасля Афганістана Леанід зноў вярнуўся на былое месца службы, але развал СССР імкліва змяніў адчуванне тагачаснага жыцця: некалі адзіная краіна хутка ператварылася ў шэраг замежных дзяржаў.

– І на вайне, і ў час мірнага жыцця заўсёды з цеплынёй успамінаў сваю Радзіму, марыў вярнуцца ў родныя мясціны пасля службы. Пісаў рапарт у Міністэрства абароны Беларусі, але прыйшоў адказ, што вакансій няма, бо ў першай палове 90-х гадоў насамрэч у нашай краіне было багата ваенных. Сябры ў Ленінградзе знайшлі мне ўжо нядрэнную работу, але я вырашыў, што жадаю жыць на роднай зямлі – пакінуў прапанову прэстыжнай працы і трохпакаёвую кватэру ў Паўночнай сталіцы і накіраваўся на Радзіму.
Калі быў у гасцях у сябра на Петрыкаўшчыне, пабачыўшы мясцовыя краявіды, вырашыў, што пра гэты куточак і марыў усё сваё жыццё. 22 гады таму я купіў тут маленькую, патрабуючую рамонту хатку, і пачаў абжывацца, адкрыў аграсядзібу, – дзеліцца Леанід Алехнік.

Мы не маглі не запытаць у чалавека, што так імкнуўся да роднай зямлі, з чаго пачынаецца Радзіма?
– З самога нараджэння… З першых крокаў, з бацькоў, сашколы і таварышаў. Гэтыя рэчы здаюцца простымі, нібы самі сабой зразумелымі. Але здаецца, то не ўсе маладыя людзі гэта ўсведамляюць. Таму, я лічу вельмі правільным, што ў апошнія часы надаецца вялікая ўвага менавіта патрыятычнаму выхаванню, бо гэта і ёсць тая сувязь паміж пакаленнямі, той агульны грамадскі досвед, які і робіць нас сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, бо Радзіма ў нас адзіная.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о