У Гомелі прайшоў I Адкрыты абласны конкурс выканаўцаў на баяне, акардэоне і гармоніку “ГАРМОNiX”. Сярод лаў-рэатаў конкурсу – юныя баяністы Петрыкаўшчыны.
Творчая ініцыятыва выкладчыкаў Гомельскага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага для падтрымкі таленавітай моладзі сабрала ў абласным цэнтры каля 175 удзельнікаў з усяго рэгіёна.
Ацаніць і выбраць лепшых выканаўцаў прыехалі выкладчыкі з музычных каледжаў Мазыра, Гродна і Мінска. Пераможцаў выбіралі па пяці напрамках: баян, акардэон, гармонік, ансамблі інструментаў і аркестр.
У конкурсе прынялі ўдзел навучэнцы ДУА “Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў”. Юныя баяністы выступілі выдатна. І вось вынік: ансамбль “Прыпяцкія музыкі” ў складзе Данііла Шпігановіча, Міхаіла Шпака – педагог Марына Ашарчук, атрымалі дыплом лаўрэатаў 3 ступені.
У намінацыі “Сола”: Данііл Шпігановіч удастоены дыпломам лаўрэата III ступені, Міхаіл Шпак – дыпломам за паспяховае выступленне, – педагог Марына Ашарчук, таксама была ўзнагароджана дыпломам за прафесійнае майстэрства.
Варта адзначыць, што гэта не першы ўдзел юных баяністаў у конкурсах. “Прыпяцкія музыкі” не па чутках ведаюць, што такое сцэна.
– У аснове любой конкурснай праграмы ляжыць прынцып спаборніцтва і да гэтага трэба быць гатовым, але перш за ўсё – гэта свята для дзяцей, якія займаюцца музычнай творчасцю, магчымасць паказаць свае ўменні перад равеснікамі. Такія конкурсы маюць асаблівую значнасць, дапамагаюць захоўваць культурную спадчыну, развіваць музычныя традыцыі і натхняць новае пакаленне музыкаў на творчасць, – адзначыла Марына Пятроўна.
Віншуем таленавітых хлапчукоў і іх настаўніка з годным вынікам! Жадаем не спыняцца на дасягнутым!
Марыя Тамко,
фота з архіва герояў.
Оставить комментарий