У Дзень абаронцаў Айчыны на Петрыкаўшчыне адбылася важная культурная падзея: райцэнтр наведаў калектыў Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа з пастаноўкай “Выпадак у бальнічнай палаце”.

Наш Палескі тэатр вядомы сваімі яркімі і запамінальнымі спектаклямі. Прыезд калектыву на Петрыкаўшчыну заўсёды знаходзіць шчыры водгук у сэрцах жыхароў раёна. І лепшым пацвярджэннем гэтаму – адсутнасць пустуючых месцаў у зале.
Перад пачаткам пастаноўкі старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Галіна Казак павіншавала мужчын са святам. Лідар грамадскай арганізацыі пажадала моцнай палове чалавецтва здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця, падкрэсліўшы важнасць іх ролі ў абароне Айчыны, захаванні міру, бяспекі і парадку.
З першых хвілін яркая, лёгкая, дынамічная камедыя захапіла ўвагу публікі сваімі нечаканымі паваротамі сюжэту і выдатнай акцёрскай ігрой. “Выпадак у бальнічнай палаце”– гэта гісторыя, якая, нягледзячы на сваю, здавалася б, простую назву, напоўненая жыццёвай мудрасцю і тонкім гумарам. Карціна высмейвае заганы сучаснага грамадства: карупцыю, падман, здрады.

“Выпадак у бальнічнай палаце” – пастаноўка галоўнага рэжысёра тэатра Рамана Цыркіна па п’есе сучаснага маскоўскага драматурга Аляксандра Каровіна “Палата бізнес-класу”.

Творчы калектыў Мележаў-скага тэатра ў чарговы раз даказаў сваё ўменне ствараць запамінальныя вобразы і дарыць гледачам непаўторны святочны настрой. Акцёры з неверагоднай энергіяй пераўвасабляліся ў сваіх персанажаў. Асабліва варта адзначыць іх майстэрства ў стварэнні гумарыстычных сітуацый. Спектакль быў багаты на вострае слоўца і камічныя моманты, якія выклікалі хвалі шчырага смеху ў зале.
Сустрэча стала для петрыкаў-чан прыемным падарункам да свята, які надоўга застанецца ў памяці.
Мы з нецярпеннем чакаем новых сустрэч з Мазырскім калектывам, які здольны дарыць незабыўныя ўражанні і пазітыўныя эмоцыі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.






Оставить комментарий