У кожным населеным пункце Петрыкаўшчыны жывуць таленавітыя жанчыны-рукадзельніцы.

Сваім майстэрствам яны ствараюць не толькі прыгожыя рэчы, але і напаўняюць жыццё сваіх родных і землякоў радасцю, цяплом і пазітыўным настроем. Адной з такіх майстрых з’яўляецца Валянціна Васільцова, жыхарка вёскі Мышанка.
Шлях Валянціны Васільцовай да свету алмазнай мазаікі быў нечаканым: усё пачалося з яе ўнучкі, якая пачала асвойваць гэты цікавы занятак на аб’яднанні па інтарэсах. Назіраючы за тым, як дзяўчынка з захапленнем выкладвае бліскучыя стразы, Валянціна Мікалаеўна вырашыла паспрабаваць сама. І, як аказалася, гэтае хобі зацягнула яе з галавой!
Алмазная мазаіка – гэта не проста выкладванне малюнка з маленькіх празрыстых страз. Гэта сапраўднае мастацтва, якое патрабуе цярпення, уважлівасці і добрага густу. Кожны маленькі каменьчык, які мае сваю форму і колер, становіцца часткай вялікай карціны, напаўняючы яе бляскам і жыццём. На сённяшні дзень калекцыя работ Валянціны Васільцовай ужо налічвае больш за сорак карцін. Гэта самыя разнастайныя сюжэты: ад велічных пейзажаў і мілых жывёл да яркіх кветак і абстрактных кампазіцый.
“Кожная работа – гэта  вынік шматгадзіннай працы, але галоўнае – гэта ўкладзеныя ў яе душэўнае цяпло і любоў”.
Гераіня нашай гісторыі родам з Мышанкі. Яе прафесійнае жыццё звязана са свінагадоўчым комплексам СУП “Палессе-Аграінвест”. Тут, на малой радзіме, яна знайшла сваё прызванне, прысвяціўшы сябе адказнай і нялёгкай працы.
Кожны дзень, аддаючы свае сілы і веды, яна ўносіць годны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі, у забеспячэнне харчовай бяспекі нашай краіны. Гэта праца патрабуе
не толькі фізічнай вынослівасці, але і адказнасці, любові да справы, якой займаешся. І наша гераіня з гонарам выконвае свае абавязкі, з’яўляючыся прыкладам для многіх.
А вольны час Валянціна Мікалаеўна прысвячае свайму хобі, каб адпачыць і аднавіць сілы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о