Яны служаць лесу, каб лес служыў нам

0
129

У райцэнтры з’явіўся мурал прыродаахоўнай тэматыкі

Па ініцыятыве кіраўніцтва лясгаса ў Год добраўпарадкавання, з мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да пытання беражлівага стаўлення да прыроды і папулярызацыі галіны лясной гаспадаркі, адну са шматпавярховак райцэнтра ўпрыгожыў сучасны арт-аб’ект – мурал прыродаахоўнай тэматыкі.

Выява размясцілася на тарцавой сцяне 5-павярховага жылога дома па вуліцы Камуністычнай. На прылягаючай да яго тэрыторыі, па словах намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Дзегцяра, плануецца высадзіць алею з клёнаў, якія ў будучым будуць дапоўнены іншымі раслінамі і элементамі добраўпарадкавання.

На самым жа мурале намаляваны работнік лясной гаспадаркі, які трымае за руку дзяўчынку – сімвал пераемнасці пакаленняў. За іх спінамі – вялікі і магутны лес, наперадзе – толькі што высаджаныя маладзенькія дрэўцы. Малюнак вянчае эмблема Міністэрства лясной гаспадаркі, пад якой размешчаны радкі: “Мы служым лесу, каб лес служыў людзям!”.

– Мурал – знакавы аб’ект, – падкрэсліў у размове нашаму карэспандэнту дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іван Торчык. – Гэта не проста даніна модзе, а ў першую чаргу даніна павагі людзям, якія самааддана працуюць, мацуючы эканамічны дабрабыт, ствараючы прыгажосць і ахоўваючы нацыянальнае багацце на 40 працэнтах тэрыторыі нашай краіны. Лес, без перабольшання, з’яўляецца нашым нацыянальным набыткам і візітнай карткай краіны, а таксама экалагічным, эканамічным і сацыяльным патэнцыялам. Праз мурал мы імкнемся ў чарговы раз падкрэсліць значнасць прафесіі працаўніка лясной гаспадаркі. Госці, якія будуць прыязджаць на аўтавакзал райцэнтра, будуць бачыць прыгожую карціну, якая яшчэ раз нагадае ім пра неабходнасць беражліва ставіцца да нашых лясных багаццяў.

Па словах Івана Торчыка, мурал – гэта яшчэ і свайго роду элемент прафарыентацыі і папулярызацыі прафесіі работніка лясной гаспадаркі. У гэтым накірунку ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” праводзіцца вялікая работа: кіраўніцтвам актыўна падтрымліваецца развіццё экалагічнага напрамку выхавання ва ўстановах адукацыі, у шэрагу ўстаноў створаны школьныя і дашкольныя лясніцтвы.

– Я ўпэўнены, што гэтыя дзеці ў будучыні самі не зробяць шкоды прыродзе і лесу, і іншым не дазволяць. У гэтым і заключаецца асноўная мэта нашай акцыі, – рэзюмаваў Іван Мікалаевіч.

Галіна КАЗАК, фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о