Якасць вады – іх клопат

0
37

Для павышэння якасці пітной вады, што падаецца спажыўцам, і дзеля развіцця сістэм вадазабеспячэння і водаадвядзення, у нашай краіне ў межах Дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” рэалізуецца падпраграма “Чыстая вада”, якая разлічана на 2021-2025 гады. Напярэдадні прафесійнага свята хімікаў мы завіталі ў цэх водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Петрыкаўскага раёна філіяла Калінкавічыводаканал” КВУП “Гомельводаканал”. А калі быць больш дакладнымі, то ў выпрабавальную лабараторыю філіяла.
Намеснік начальніка выпрабавальнай лабараторыі Вольга Леўшунова распавяла пра калектыў і спецыфіку работы лабараторыі па забеспячэнні якасці пітной вады для спажыўцоў.

 

– Дзейнасць нашай выпрабавальнай лабараторыі падпарадкавана рэалізацыі падпраграмы “Чыстая вада”, задача якой – забеспячэнне спажыўцоў водазабеспячэннем пітной якасці, забеспячэнне насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення, павышэнне якасці ачысткі сцёкавых вод і надзейнасці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, – пачала свой аповед наша гераіня. – Для вырашэння пазначаных задач прадугледжваецца ў тым ліку і будаўніцтва станцый абезжалезвання – збудаванняў, якія ачышчаюць ваду да належнай якасці.


Як паведаміла суразмоўца, на сённяшні дзень на Петрыкаўшчыне пабудавыны і ўведзены ў эксплуатацыю 22 станцыі, з іх 5 – гэта міні-станцыі, якія знаходзяцца ў вёсках Ільіч, Міхедавічы, Славінск, Смятанічы і Дземенка. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю станцыі ў Муляраўцы і Курыцічах, на 4 квартал запланавана рэканструкцыя станцыі ў Ляскавічах. Забеспячэнню насельніцтва якаснай пітной вадой спрыяе і той факт, што горад Петрыкаў і 26 населеных пунктаў раёна падключаны да існуючых цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой пітной якасці, у рабочым стане падтрымліваецца 44 артэзіянскія свідравіны, аналіз вады ў якіх праводзіцца штоквартальна па 17 паказчыках, і 21 напорная вежа. Усе гэтыя крокі, як пазначыла Вольга Віктараўна, дазваляюць істотным чынам палепшыць якасць вады і спрыяюць рэалізацыі падпраграмы.

– Што непасрэдна да нашай дзейнасці па забеспячэнні выканання падпраграмы “Чыстая вада”, то лабараторыяй ажыццяўляецца правядзенне аналіза проб вады, адабраных пасля прыбора ўліку вады, з 45 кантрольных кропак размеркавальнай сеткі горада і раёна. Калі ўсе станцыі працуюць у штатным рэжыме, то праверка вады па розных абагульненых паказчыках ажыццяўляецца два разы на месяц у райцэнтры, Капаткевічах і Мышанцы. У астатніх населеных пунктах 1 раз у квартал. Раней такія пробы мы бралі штотыдзень. Канешне, пры неабходнасці праверка ажыццяўляецца па-за графікам у любы час.

Штат у нас невялікі: за якасць вады ў Петрыкаўскім раёне адказвае 4 чалавекі: тры лабаранты 4 разрада і я. Сваім невялікім калектывам мы праводзім хімічны аналіз проб пітной вады, сцёкавай і паверхневай. Два лабаранты працуюць з пітной вадой і адзін на водаадвядзенні са сцёкавай.

Работа ў нас надзвычай адказная: ад пільнасці лабарантаў хіміка-бактэрыялагічнага аналізу водазабора залежаць якасць вады ў нашым водаправодзе. Аднак, дзякуючы высокаму ўзроўню прафесіяналізму, шматгадоваму вопыту працы на вытворчасці маіх калег – Алена Сямёнаўна Сярапіна і Ірына Фёдараўна Кумарытава амаль два дзясяткі гадоў адпрацавалі на маслазаводзе – з пастаўленымі задачамі мы спраўляемся, – не без гонару пазначыла Вольга Віктараўна і дадала: – За мінулы год агульны аб’ём пад’ёма вады склаў 671033 кубічных метраў, а аб’ём водаадвядзення 417832 кубічных метраў. Гэта даволі высокія паказчыкі і каштоўна тое, што істотных заўваг і нараканняў на якасць вады ад землякоў мы не атрымліваем – гэта і ёсць галоўны паказчык нашай работы.

Далёка не ўсе ў школе любілі хімію, аднак той, хто здолеў у ёй разабрацца, – абраў правільны шлях, упэўнена наша гераіня. Дзякуючы хіміі мы жывем долей, лепш і камфортней. Гэта навука заснавана на эксперыментах. Галоўнае, каб ты іх не баяўся, і тады яны абавязкова будуць паспяховымі і прынясуць задавальненне і радасць.

– Карыстаючыся выпадкам, ад усёй душы віншую сваіх калег-хімікаў з прафесійным святам! Жадаю ўсім новых творчых дасягненняў і годных вытворчых перамог у імя росквіту нашай любімай Беларусі. Здароўя, міру, шчасця і дабрабыту вам і вашым блізкім, – дадала ў завяршэнне размовы наша гераіня.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о