Якасная падрыхтоўка тэхнікі – адказная справа

0
276

Здаецца, толькі ў лістападзе ў гаспадарках Петрыкаўшчыны завяршыліся апошнія палявыя работы, пасля чаго сельгасагрэгаты былі пастаўлены на захоўванне, абслугоўванне і рамонт, а ўжо чарговы каляндарны год прыспешвае аграрыяў. З улікам анамальна цёплай зімы, ён, між іншым, можа наступіць ужо ў канцы лютага-пачатку сакавіка. Мы завіталі ў механічныя майстэрні вядучага сельгаспрадпрыемства раёна – “Палессе-Аграінвест”, каб пацікавіцца ходам падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ.

Варта адзначыць, што абслугоўванне і падрыхтоўка тэхнікі да веснавых палявых работ у гаспадарцы арганізавана на высокім узроўні. Ад кіраўніка да механізатара – усе добра разумеюць: несвоечасова ці безадказна падыдзеш да рамонту тэхнікі – паставіш пад пагрозу тэмпы і якасць палявых работ. А рызык у аграрным сектары і без таго хапае: то паводка дадае прычын для хвалявання за будучы ўраджай, то шматмесячная адсутнасць ападкаў. І так штогод.
Галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Гананайка ў час інтэрв’ю адзначыў, што з улікам імпартнай тэхнікі, якая маецца ў гаспадарцы,у гэтым годзе была праведзена грунтоўная работа па своечасовай падрыхтоўцы агрэгатаў да новага сезону. Усе пытанні па закупцы неабходных дэталяў і вузлоў былі адрэгуляваны з улікам магчымых затрымак па дастаўцы, якіх, па факту, удалося пазбегнуць.
– Тэндар на закупку запасных частак, у адпаведнасці з дэфектнымі ведамасцямі, правялі своечасова, што дазволіла ў запланаваныя тэрміны выканаць асноўныя рамонтныя работы. Безумоўна, у першую чаргу ўвага была нададзена тэхніцы, якая задзейнічана на веснавой сяўбе, – пазначыў галоўны інжынер прадпрыемства.
Тое, што рамонт ідзе тут належнымі тэмпамі і па пераважнай большасці пазіцый ужо даўно завершаны, мы пераканаліся на свае вочы.

Якасная падрыхтоўка тэхнікі –  адказная справа
У механічнай майстэрні рамонтам “Хорш Пронта-8”, сеялкі з шырынёў захопу 8 метраў, быў заняты вядучы механізатар гаспадаркі Юрый Лімараў.
Як зазначыў мужчына, неаднаразовы герой нашых публікацый і пераможца працоўных спаборніцтваў па розных відах палявых работ, ён заўсёды рыхтуе да чарговага сельскагаспадарчага сезону замацаванага за ім “сталёвага каня” ўласнымі сіламі. Ведае яго дэталёва, як кажуць, да апошняга вінціка. “Перабірае” ўсе механізмы, дзе трэба – робіць прафілактыку, штосьці замяняе, каб увесь сезон той працаваў як гадзіннік.
– Тэхніка павінна быць у працоўным стане – гэта не толькі залатое правіла, а і, калі хочаце, справа гонару кожнага нашага механізатара. Ды і прадпрыемства падводзіць няма жадання, бо ад зладжанай працы кожнага з нас залежыць ход пасяўной і будучы ўраджай. Сеялка мая комплексная, складаецца з двух частак: бункера, куды засыпаецца насенне зерневых і мінеральныя ўгнаенні, 2-гі вузел – прадпашныя дыскі і высяваючыя сашнякі. Калі неабходна тэхналагічная каляіна, сеялка здольна гэта зрабіць праграмна, тое ж датычыцца і сяўбы. Добрая тэхніка, разумная, – з гонарам пазначае Юрый Пятровіч.
Не замінаем механізатару доўгімі размовамі, разумеем: ранняя вясна прыспешвае мужчыну справіцца з пастаўленай задачай амаль на два тыдні раней.
Працягваем гутарку з вядучым інжынерам СУП “Палессе-Аграінвест”.
– Наш парк – 62 адзінкі трактарнай тэхнікі. У першую чаргу прывялі ў парадак сельгасмашыны, якія будуць удзельнічаць у пасяўной кампаніі. У прыватнасці, гэта 15 энерганасычаных трактараў, гатоўнасць якіх сёння складае 95 %.
Ведаеце, якасная падрыхтоўка сельскагаспадарчых агрэгатаў – даволі адказная справа. Таму не можа не радаваць, што нашы работнікі гэта разумеюць і ставяцца да сваіх абавязкаў з усёй адказнасцю. А значыць, не варта і сумнявацца, што цалкам падрыхтаваная тэхніка своечасова накіруецца на палеткі. На сённяшні дзень на палетках нашага прадпрыемства актыўна ідуць работы па падрыхтоўцы глебы да сяўбы: уносіцца арганіка і мінеральныя ўгнаенні, ідзе перадпасяўная апрацоўка глебы пад збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя культуры, – пазначыў у завяршэнні размовы Уладзімір Гананайка.
Дзякуем за змястоўную гутарку і накіроўваемся на прахадную. На механічным двары сельгаспрадпрыемства назіраем па-гаспадарску выстаўленую на лінейку гатоўнасці тэхніку. Цешаць вока не толькі знешні выгляд, але і ўмовы захоўвання тэхнікі і агрэгатаў. Убачанае і пачутае пераконвае: ад уласнай адказнасці за тэхніку, якасці абслугоўвання, а таксама ўмоў яе захоўвання ў міжсезонне залежаць “працягласць жыцця” тэхнікі, а таксама аб’ём выдаткаў на яе рамонт і тэхнічнае абслугоўванне. У СУП “Палессе-Аграінвест”, дзякуючы гадамі выбудаванай сістэме, у гэтым сэнсе поўны парадак.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о