На Петрыкаўшчыне поўным ходам ідзе пасяўная кампанія. Перад механізатарамі пастаўлена задача: якасна і ў тэрмін ўнесці ўгнаенні, засеяць культурамі палеткі, падкарміць азімыя. Практычна з раніцы да вечара трактарысты, механізатары шчыруюць на палях. Зразумела, калі гаспадаркі плануюць атрымаць годны вынік сваёй працы, то для аграрыяў варта ствараць належныя ўмовы, у тым ліку – забяспечыць іх паўнавартасным гарачым абедам. Неабходна адзначыць, што на Петрыкаўшчыне ва ўсіх гаспадарках гэтае пытанне вырашана станоўча і своечасова.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў і карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” праманіторылі арганізацыю харчавання падчас вясенне-палявых работ.
Святлану Кавальчук, кухара ААТ “Навасёлкі”, мы засталі перад ад’ездам з гарачымі стравам на палеткі. “ Сёння я прыгатавала каля трыццаці порцый, якія мы развязём па месцах працы нашых работнікаў, – дзеліцца Святлана Геннадзьеўна. – Чым кормім нашых аргарыяў ? Меню разнастайнае: баршчы, супы, катлета, падліўка, кашы, бульба – гэта не поўны спіс. Абавязкова да гарбаты або кампоту падаём хлебабулачныя вырабы. Усе прадукты закупляем ў мясцовай краме, што знаходзіцца побач са сталоўкай.
Жанчына дзеліцца, што мяню зацвярджаецца напярэдадні, увечары. Раніцай повар складае ведамасці на харчаванне. Кіраўніцтва гаспадаркі дае дакладныя звесткі пра колькасць працуючых у полі, і дзе людзі будуць знаходзіцца ў абед.
На палетках “кухню” чакаюць. Прафсаюзны лідар цікавіцца настроем мужчын і, канешне, просіць падзяліцца меркаваннем наконт харчавання:
– Кормяць нас годна. Я нават не магу сказаць, якія стравы мне больш падабаюцца, бо ўсё, што прапануе наш кухар, прыгатавана смачна, – дзеліцца трактарыст Вячаслаў Майсюк. – Прывозяць усё гарачае, духмянае. Дарэчы, заўсёды прапануюць дабаўкі.
– Нараканняў на смак ці якасць страў, за шэсць гадоў, што я працую кухарам, не было, – дадае Святлана Генадзьеўна.
Завіталі мы і на кухню Петрыкаўскага аграсэрвісу, якая размясцілася ў кафэ “Бяседа” пасёлка Муляраўка. Тут абеды для работнікаў КСУП “Запаветы Ільіча”, ААТ “Курыцічы”, ААТ “Пціч-Агра” гатуе Марына Майнуленка. У час нашага прыезду, транспарт з раздатчыцамі з дадзеных сельгасгаспадарак ужо адбыў на палеткі.
– Рыхтую прыкладна каля пяцідзесяці порцый. Хачу адзначыць, што за тыдзень стравы не паўтараюцца. Плюс да ўсяго у нас свая выпечка, – дзеліцца Марына Юр’еўна. – Большасць прадуктаў харчавання набываем у мясцовай краме. Па мясных прадуктах на прамую ўзаемадзейнічаем з Калінкавіцкім мясакамбінатам.
Яшчэ жанчына падзялілася прыемнай навіной: раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК хадатайнічала перад абласной прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК у набыцці электрапліты для гатоўкі ежы для аграрыяў. Новае абсталяванне ўжо дастаўлена ў Муляраўку і задзейнічана ў тэхналагічным працэсе.
– Неабходна адзначыць яшчэ і тое, што кіраўніцтва, прафсаюзныя камітэты гаспадарак зацікаўлены ў паляпшэнні ўмоў працы аграрыяў. Калі гаварыць пра харчаванне, то “Курыцічы” аплочваюць за паўнавартасны абед 70% яго кошту, “Пчіч-Агра” – 80%, “Навасёлкі” і “Курыцічы” – 90%. Прыкладны кошт харчавання на дзень у разліку на аднаго чалавека складае каля двух беларускіх рублёў, – адзначыла лідар райарганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Алена Галеня.
Зразумела, што арганізаванае якаснае харчаванне напаўняе сіламі і надае жаданне працаваць. Пажадаем нашым аграрыям настрою і добрага надвор’я. Дзякуй за вам за адданую працу на зямлі.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий