У нядаўнім нумары ад 7 снежня мы пісалі, як зацікаўленыя маладыя людзі могуць стаць следчымі. Гэты матэрыял будзе цікавы тым прадстаўнікам маладога пакалення, што маюць намер звязаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў. На нашыя пытанні адказаў намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Яўгеній Моўка.
– Яўгеній Уладзіміравіч, на якія ВНУ трэбы звярнуць увагу будучым абітурыентам, каб стаць праваахоўнікам?
– Вядучым юрыдычным ВНУ краіны па праве з’яўляецца Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў – гэтая навучальная ўстанова мае самую высокую долю прафесарска-выкладчыцкага саставу. Акрамя гэтага, з нядаўняга часу тут значна спрошчаны правілы ўнутранага раскладу: дазволена выкарыстанне тэлефонаў, няма самастойнай падрыхтоўкі, практычна вольны выхад у горад, таксама курсантам дазволена пражываць у горадзе. Што тычыцца побытавых умоў, то і яны з’яўляюцца аднымі з найлепшых: зроблены рамонт у спальных памяшканнях, а рацыён харчавання аналагічны элітным вайсковым падраздзяленням Беларусі.
Магілёўскі інстытут МУС, па сутнасці, з’яўляецца аналагічнай ВНУ, дзе таксама створана годная матэрыяльна-тэхнічная база для навучання і пражывання курсантаў, высока ацэньваецца і састаў выкладчыкаў навучальнай установы. З адрозненняў можна адзначыць тое, што магілёўскія курсанты не так часта задзейнічаны ў ахове грамадскага парадку, як гэта бывае ў Мінску.
– Раскажыце, калі ласка, пра матэрыяльнае забеспячэнне навучэнцаў і арганізацыю іх вольнага часу.
– У абедзвюх з навучальных устаноў курсанты забяспечваюцца рэчавай маёмасцю, а стыпендыя курсантаў складае каля 520 рублёў. Арганізацыі вольнага часу надаецца вялікая ўвага. У наяўнасці сучасныя спартыўныя залы, створаны і паспяхова працуюць навуковыя кружкі пры адмысловых кафедрах, заахвочваецца актыўны ўдзел у медыяасяродку, КВЗ і іншых формах творчасці. У час паступлення на службу актыўнымі курсантамі цікавяцца кіраўнікі падраздзяленняў першачаргова.
Пасля зімовых і летніх іспытаў прадугледжаны адпачынак, а таксама кароткатэрміновыя адпачынкі на святы і добрае навучанне ці іншыя службовыя дасягненні ў службовай дзейнасці.
– Якую спецыяльнасць атрымліваюць курсанты ВНУ МУС?
– Усім выпускнікам выдаецца дыплом дзяржаўнага ўзору па спецыяльнасці “правазнаўства” і прысвойваецца званне “лейтэнант міліцыі”, і ў далейшым яны прызначаюцца на афіцэрскія пасады. Звярніце ўвагу: будучыя афіцэры размяркоўваюцца ў РАУС, адкуль яны накіроўваліся на навучанне. Дарэчы, азнаямленчую і пераддыпломную практыкі яны праходзяць у сваіх жа райаддзелах.
– Што трэба рабіць зацікаў-леным маладым людзям, каб стаць курсантам навучальных устаноў МУС?
– Неабходна звярнуцца ў Петрыкаўскі РАУС да 15 красавіка 2025 года, але рабіць гэта лепей загадзя, каб паспець прайсці медагляд і падрыхтаваць неабходныя дакументы. Улетку здаць Цэнтралізаваны іспыт, тэсціраванне па рускай ці беларускай мове, грамадазнаўстве і замежнай мове. Прыкладны сярэдні бал для юнакоў у 2024 годзе ў Акадэмію МУС складаў ад 225 да 286 балаў, у Магілёўскі інстытут МУС – ад 200 да 211 балаў.
– Растлумачце, калі ласка, правілы паступлення ў Ліцэй МУС.
– Райаддзел унутраных спраў ажыццяўляе прафесійны адбор у Мінскі і Магілёўскі спецыялізаваныя ліцэі МУС навучэнцаў 6-х класаў для паступлення на конкурснай аснове ў 7-мы клас. У ліцэі прымаюцца непаўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь мужчынскага полу.
Навучанне бясплатнае, а навучэнцы забяспечваюцца месцамі для пражывання і бясплатным 4-разовым харчаваннем ды форменным адзеннем.
Пасля медагляду і праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, кандыдаты дапускаюцца прыёмнай камісіяй да ўступных іспытаў:
– кантрольнай работы па матэматыцы, працягам дзвюх акадэмічных гадзін;
– дыктоўкі па рускай альбо беларускай (па выбары) мовах, працягам адной акадэмічнай гадзіны.
Па-за конкурсам, пры атрыманні на іспытах адзнак не ніжэй за 4 балы, у Ліцэй залічваюцца дзеці-сіроты; дзеці, што засталіся без апекі бацькоў; дзеці загінуўшых супрацоўнікаў МУС і ваеннаслужачых. Форма атрымання адукацыі – стацыянарная.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гагарына, 25 – АУС Петрыкаўскага райвыканкама, кабінет № 4 групы кадраў і па нумары тэлефона 2-89-04.
Гутарыў Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий