“Як пяецца звонка – Родная старонка..”

0
511

Працягваюцца сустрэчы з майстрамі слова Петрыкаўшчыны ў рамках рэалізацыі праекта “Родны край – крыніца натхнення”, прымеркаванага да 100-годдзя Петрыкаўскага раёна.

На бягучым тыдні супрацоўнікі рэдакцыі, работнікі Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк наведалі знакамітую зямлячку, жыхарку Петрыкава Любоў Арлову.

Дамаўляючыся пра сустрэчу, прапанавалі Любові Мікалаеўне пагутарыць у альтанцы на тэрыторыі яе прыватнага дому. Гераіня згадзілася і ніхто не прагадаў ад такога рашэння: цянёк, што забяспечвалі кроны дрэў, духмяны водар кветак дабаўлялі да прыемнай і цікавай размовы пачуццё цеплыні і душэўнасці.

Што значыць Петрыкаўшчына для аўтара амаль трох дзясяткаў зборнікаў вершаў і прозы? Вельмі многае. Як кажа суразмоўца: гэта непаўторная, незабыўная зямля, якая дала старт у жыццё.

– Я нарадзілася ў Капцэвічах. Мае бацькі забралі ў тыя пасляваенныя гады да сябе бабулю-блакадніцу і ў Аголічах будавалі дом для вялікай сям’і. Але бацьку запрасілі на працу ў райцэнтр і будынак набыў іншае прызначэнне: стаў мясцовай школай. У Петрыкаве, у другой гарадской школе я вучылася да сёмага класа. Многія прыярытэты, навыкі і захапленні я набыла менавіта ў тыя часы. Нясу іх праз усё жыццё, – дзеліцца жанчына. – Менавіта тады пад уплывам Вячаслава Мітрафанавіча Часнакова, вядомага спартсмена-земляка, я пачала займацца спортам – лёгкай атлетыкай. Скажу па праўдзе, гэтая спартыўная загартоўка мне не раз дапамагала перамагаць цяжкасці ў жыцці і стала вырашальнай у выбары будучай прафесіі педагога. З лёгкай падачы настаўніцы рускай мовы і літаратуры Тамары Андрэеўны Часнаковай я напісала свой першы верш. Тады ж захапілася фотасправай. Многае пачыналася тут, на Петрыкаўшчыне, у тым ліку і любоў да прыроды – бо нашу рэчку, лес немагчыма не любіць.

З 1962 года па 2007 год Любоў Мікалаеўна пражывала з сям’ёй ва ўкраінскім горадзе Роўна. Успамінае, што не кінула спорт і працягвала займацца літаратурнай дзейнасцю.

А яшчэ прызнаецца: думкамі была на Петрыкаўшчыне і не прапускала магчымасці прыехаць на малую радзіму.

– Большасць маіх твораў пранізаны захапленнем і павагай да палескага краю, людзей, культурнай спадчыны:

Живу я на Родине предков отныне
И нету печалей, и в прошлом унынье.
На Припяти целыми днями рыбачу,
Любуясь закатами, слёзы не прячу.
Таких горизонтов нигде не видала,
Достойны восторгов бескрайние дали.
Добрейшие люди меня окружают,
Дай Бог им здоровья, любви, урожаев!
На красно-зелёном – знакомый орнамент,
Горжусь Беларусью, своими корнями!
И знает пчела, паучок в паутине:
Живу я на Родине предков отныне.

Здзейсніла Любоў Мікалаеўна і сваю даўнюю мару – выдала кнігу пра свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза Мікалая Сяргеевіча Арлова. З яе слоў: на такую вялікую працу сілы надала Петрыкаўшчына. Было жаданне пакінуць напамін моладзі пра страшныя старонкі гісторыі нашага народа, адстаяць праўду пра вайну, захаваць памяць пра яе, пра паўшых і жывых герояў.
– У юбілейныя 100 гадоў раёна жадаю землякам міру, а Петрыкаўшчыне працвітання і дабрабыту, – перадае ў заканчэнні размовы Любоў Арлова.

Паважаная Любоў Мікалаеўна, жадаем вам доўгіх гадоў жыцця, здароўя і натхнення. Вы – гонар Петрыкаўшчыны, яе сапраўдная дачка. Прыхільнікі вашай творчасці памятаюць пра вас, як і вашы калегі, сябры па пяру.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о