У рэдакцыю “Петрыкаўскіх навін” патэлефанавала жыхарка пасёлка Муляраўка Антаніна Рыбалка. Прычына звароту – расказаць пра неабыякавага, добрасумленнага земляка, майстра ўчастка аварыйна аднаўленчых работ цеплавой гаспадаркі КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Яўгена Занкевіча.
“З гэтым чалавекам лёс, а дакладней сказаць – складаныя абставіны, зводзілі мяне не адзін раз. Некалькі гадоў таму здарылася ў доме аварыйная сітуацыя з водазабеспячэннем. Патэлефанавала на лінію Петрыкаўскага камунгаса і да мяне была накіравана брыгада спецыялістаў пад кіраўніцтвам Яўгена Іванавіча. Пасля ўхілення непаладкі папрасіла ў майстра нумар тэлефона для магчымай кансультацыі. Так здарылася, што па прычыне хваробы ўсю мінулую восень і зіму правяла ў дачкі. Па прыездзе на малую радзіму сутыкнулася з камунальнымі непаладкамі. Нягледзячы на тое, што дом знахо-дзіцца на балансе мясцовага Аграсэрвісу, знайшла нумар тэлефона, дадзены мне некалі, і патэлефанавала. Паз кароткі перыяд часу маршрут брыгады камунальнікаў быў пракладзены бліз нашага пасёлка. Майстар не забыў пра мяне, заехаў, выправіў аварыйную сітуацыю, даў парады. Усё гэта чалавек зрабіў на абсалютна бескарыснай аснове, губляючы свой асабісты час і для таго, каб умовы жыцця, малавядомага яму чалавека, сталі на-дзейнымі і камфортнымі”, – па-дзялілася Антаніна Адамаўна. На думку суразмоўцы, так важна адчуваць, асабліва калі ты пражываеш адзін, што не будзеш пакінуты з праблемай. Жанчына просіць падзякаваць праз старонкі газеты спецыялісту.
Карэспандэнты газеты не ўпусцілі магчымасці пазнаёміцца з работнікам камунгаса. Яўген Іванавіч сустрэў нас са здзіўленнем. Ухіляць непаладкі – яго праца. А тое, што аказаўся побач у неабходны час і дапамог ад чыстага сэрца жанчыне – нічога дзіўнага няма: для людзей яго прафесіі гэта справа звыклая. За гады працы такіх выпадкаў – не злічыць. А камунальнай справе наш герой аддаў больш за пятнаццаць гадоў. Пазнаёміўшыся са спецыялістам бліжэй, становіцца зразумелым: чалавек лягчэйшых шляхоў у жыцці не шукаў. Сам родам з Рубчы. Пасля школы атрымаў вышэйшую інжынерную адукацыю, прайшоў службу ў арміі на Паўночным Урале. За гады прафесійнай дзейнасці бываў на розных пасадах: ад інжынера да начальніка ўчастка – якія патрабавалі адказнасці і прыняцця важных рашэнняў. Пасля рэарганізацыі на прадпрыемстве займае пасаду майстра ўчастка аварыйных работ.
– У маім падпарадкаванні чатыры брыгады, у састаў кожнай з якіх уваходзяць слесар і зваршчык. Наша дзейнасць звязана з рамонтам, будаўніцтвам і мадэрнізацыяй вода- і цепласістэм. Тры брыгады мабільныя – забяспечаны аўтамабільным транспартам і ўсім неабходным для вытворчасці работ на тэрыторыі Петрыкаўшчыны, – дзеліцца суразмоўца. – Па першаму выкліку, незалежна ад часу, дня, тыдня выязджаем на аб’ект для ўхілення непаладкі. Таксама ў полі нашай дзейнасці 48 кацельняў і прылеглыя да іх цеплатрасы.
Яўген Іванавіч кажа, што працы хапае і часу на адпачынак практычна няма. Але калі выпадае магчымасць дапамагчы чалавеку – чаму ж гэта не зрабіць? Майстар не хавае: Антаніну Адамаўну памятае і запэўніў нас, што яму хапіла ад жанчыны шчырых слоў падзякі, сказаных асабіста. Мужчына жадае зямлячцы ўтульнага і спакойнага пражывання і запэўнівае: разумеючых людзей, здольных спачуваць, на Петрыкаўшчыне досыць многа.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий