Кожны з нас так ці інакш трапляў у парадаксальную сітуацыю: новым набыткам зараз разжыцца прасцей, чым потым “сплавіць” стары. Прыйшоў час: купіў у краме, напрыклад, умывальнік ці крэсла, прывёз дадому, паставіў і ламаеш галаву, куды прыстроіць рэч, што выйшла з ужытку.
Нехта, вядома, непатрэбнае прадае ці прапануе блізкім, іншыя знаходзяць месца на дачы ці ў гаражы. Калі ў доме ідзе рамонт, сітуацыя спрашчаецца: патэлефанаваў у камунгас і машына вывезла ўсё непатрэбнае. Але не будзеце ж вы пры чарговым абнаўленні інтэр’еру вызываць трактар з прычэпам і ўзгадняць з працаўнікамі свой працоўны графік і прыватныя справы дзеля ўтылізацыі аднаго матрацу… Ды і ўвогуле ўзнікае пытанне: а ці можна пазбавіцца ад буйнагабарытнага смецця неяк больш хутка, але цывілізавана? Маўляў, закінуў у багажнік легкавіка, адвёз на спецыяльную пляцоўку і працягам 10 хвілін вярнуўся дадому.

Пакуль адказ на такое пытанне адмоўны. Пэўна, з гэтай прычыны не мала жыхароў Петрыкаўшчыны вырашаюць праблему па-свойму: ва ўзлесках я часцяком бачыў тэлевізары свайго ўзросту і вагі, а ў ярах можна часам з састарэлай мэблі хоць курані будаваць.

З пытаннем мы звярнуліся да начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Івана Міцуры:
– Згодна са схемай абарачэння адходаў у Петрыкаве павінна быць дзве пляцоўкі для буйнагабарытнага смецця. Па папярэднім плане адна такая прадугледжана непадалёк ад рынка, каля пункту нарыхтоўкі другаснай сыравіны, а другая ў мікрараёне “Ваенны гарадок”. Прыродаахоўная служба не раз дасылала прадпісанні да камунальнай службы, але пакуль гэтыя аб’екты ў эксплуатацыю не ўведзены, хоць мы і назіраем станоўчыя змены на пляцоўцы каля пункту нарыхтоўкі. У бліжэйшы час узгоднім з райжылкамунгасам работу ў гэтым напрамку, і, спадзяюся, пытанне ўтылізацыі буйнагабарытнага смецця, а таксама выкарыстаных пакрышак транспарту, будзе вырашана, што значна спросціць побыт гараджан. Разлічваем, што і смецця такога кшталту ў прыроду выкідацца будзе значна менш.
Падрыхтаваў Арцём ГУСЕЎ.
Оставить комментарий