Як арыгінальна аформіць музейную экспазіцыю, ведаюць у Капаткевічах

0
798
Кожнаму кіраўніку школьнага музея хочацца, каб яго экспазіцыя была адметнай, сучаснай і, самае галоўнае, цікавай для наведвальнікаў. У Капаткевіцкай сярэдняй школе Петрыкаўскага раёна добра ведаюць, як арыгінальна аформіць экспазіцыю, паведамляе карэспандэнт  “Настаўніцкай газеты”.

Як арыгінальна аформіць музейную экспазіцыю, ведаюць у Капаткевічах

Яшчэ ў 1985 годзе ў школе быў створаны музей баявой славы, прысвечаны партызанскаму руху. За тры гады асноўны фонд папоўніўся прадметамі не толькі ваеннага часу, таму ў 1988-м музей набыў статус гісторыка-краязнаўчага. У 2003 годзе з’явілася новая экспазіцыя. Мінула два дзесяцігоддзі, і, безумоўна, узнікла неабходнасць абнавіць стэнды.

— Калі мы задумалі рамонт у музеі, то ў нас было два шляхі: або стварыць стандартныя стэнды з сучасных матэрыялаў, або прыдумаць нешта сваё, адметнае, — расказвае былы кіраўнік музея і вядомы капаткевіцкі краязнавец Надзея Адамаўна Сігай. — Можна было выбраць першы шлях, аднак трэба разумець ­адзін нюанс. Прыходзіць дзіця ў кабінет біялогіі і бачыць стэнд, на якім расказваецца пра будову малюска. Прыхо­дзіць у кабінет мовы, а там вісіць такі ж стэнд з правіламі арфаграфіі. Калі мы павесім і ў музеі падобныя стэнды, то яны не зачэпяць увагу вучня. А ў нас была ідэя перавярнуць уяўленне дзіцяці пра музей. Таму мы вырашылі сваімі рукамі зра­біць нешта такое, каб навучэнцы зайшлі і сказалі: “Ого!”

Да таго ж трэба было падумаць пра змяншэнне кошту экспазіцый і магчымасць другаснага выкарыстання матэрыялаў. Таму асноўныя работы выконвалі самі разам з вучнямі. У іх ліку і мая дачка, Сняжана Еўтушэнка, якая зараз працуе майстрам у Мазырскім дзяржаўным каледжы геалогіі і право­дзіць экскурсіі ўжо ў музеі каледжа.

У словах маёй суразмоўніцы “мы” — гэта сама Надзея Адамаўна, а таксама яе сястра настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Адамаўна Каліцька, якая ў гэтым навучальным годзе пераняла эстафету кіравання музеем. А вось “нешта сваё, адметнае” — гэта, напрыклад, стэнды ў выглядзе абгарэлых драўляных рам. Прысвечаны яны трагічным старонкам Вялікай Айчыннай вайны, калі Капаткевічы і некаторыя навакольныя вёскі былі спалены карнікамі. Такая ідэя ўзнікла ў Надзеі Адамаўны пасля таго, як яна купіла вясковы дом.

Як арыгінальна аформіць музейную экспазіцыю, ведаюць у Капаткевічах

— Былыя гаспадары замянілі старыя вокны на сучасныя шклопакеты, а старыя акуратна склалі ў хляве. Не прападаць жа такому багаццю, вось і вырашылі выкарыстаць іх пры рэканструкцыі музея. Цікава, што ўсе рамы розныя па памерах, хоць і знахо­дзіліся ў адным доме. Пабудаваны дом у 1947 го­дзе ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Мацвеем Гумарам. Магчыма, ветэран сам іх рабіў і фарбаваў. Яны памята­юць яго працавітыя рукі. Як абпа­ліць рамы, нам падказаў настаўнік працоўнага навучання. Лічу, што неабходнага эфекту дасягнулі, бо дзеці, калі захо­дзяць першы раз у музей, выказва­юць сваё здзіўленне, — паведаміла Надзея Адамаўна.

Праз шыбы абгарэлых вокнаў, нібы праз смугу часу, на нас глядзяць старыя фотаздымкі жыхароў Капаткевіч. Побач стэнды, аформленыя педагогамі і вучнямі ў стылі дэкупаж, абклееныя пенапластам, абтынкаваныя, пафарбаваныя. Такіх, напэўна, няма больш ні ў адным школьным музеі. А іх у Беларусі амаль паўтары тысячы!

Для асновы гэтых стэндаў, дарэчы, выкарыстоўваліся стэнды з былых экспазіцый (другаснае выкарыстанне), што дазволіла ­сэканоміць на матэрыялах.

Калі ўважліва прыгледзецца да фотаздымка, то за спінай На­дзеі Адамаўны можна заўважыць фігуру чырвонаармейца (у вобраз салдата ўпісаліся і музейныя прадметы — пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна і ручная граната). Фігура салдата размясцілася амаль на ўсю сцяну і нагадвае знакаміты Ржэўскі мемарыял. Такое рашэнне невыпадковае. Падчас пошукавай работы педагогамі былі зной­дзены звесткі пра двух ураджэнцаў былога Капаткевіцкага раёна, якія ваявалі пад Ржэвам, трапілі там у нямецкі палон і загінулі…

Каб арыгінальна аформіць экспазіцыю, кіраўніку музея патрэбны жаданне, творчы падыход, працавітыя рукі і вольны час. Калі ўсё ўдала складзецца, то ў выніку з’явіцца арыгінальнае дызайнерскае рашэнне, а кожны наведвальнік, пераступіўшы парог музейнай залы, абавязкова скажа ў думках або ўголас: “Вось гэта экспазіцыя!”

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Источник nastgaz.by

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о