“Я выбіраю…”

0
53

Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня Беларусь адзначае Дзень моладзі і студэнцтва – свята энергіі, крэатыўнасці, творчасці, дапытлівасці і рамантыкі.
Напярэдадні падзеі карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” запытала ў прадстаўнікоў моладзі Петрыкаўшчыны: якія жыццёвыя прыярытэты яны выбіраюць.

Юлія ШУБЕРТ, педагог ДУ “Курыціцкая сярэдняя школа”:
– На першае месца я пастаўлю сваю прафесійную дзейнасць. Веру, што магу дасягнуць поспеху, дзякуючы сваёй працаздольнасці і мэтанакіраванасці. Работа ў школе для мяне – гэта высокая матывацыя і гатоўнасць да самаразвіцця, магчымасць даць падрастаючаму пакаленню не толькі веды, але і ўпэўненасць у сабе, выхоўваць чалавека не абыякавага. Як адзін з прыкладаў: мяне радуе, як мяняюцца адносіны дзяцей да валанцёрскага руху. Сёння ўжо вучні пачатковых класаў, гледзячы на дзейнасць старэйшых школьнікаў, пытаюць, калі можна стаць членам “Міласэрнасці”.
У апошнія гады я пагрузілася ў грамадскую дзейнасць. Гэта для мяне цікава, гэта новыя магчымасці і кантакты. Дзякуючы ўдзелу ў грамадскіх праектах і ініцыятывах, я павышаю сваю “планку” як асоба. У гэтым годзе я заявілася з шасцю праектамі на рэспубліканскія маладзёжныя ініцыятывы. З 800 дасланых работ было адабрана 60, дзве з якіх – мае. У лютым я іх абараняла на сталічнай пляцоўцы. Праекты былі накіраваны на развіццё аграгарадка Курыцічы.


Георгій ШАТЫРЫН, начальнік Петрыкаўскага лесапункту:
– На першым месцы ў мяне – сям’я. Сына і дачку мы з жонкай выхоўваем традыцыйна: пераемнасць пакаленняў, здаровыя і правільныя арыенціры на спрадвечныя беларускія сямейныя каштоўнасці.
На другім месцы – заняткі спортам. Яшчэ будучы старшакласнікам Капаткевіцкай школы, захапіўся гіравым спортам і настольным тэнісам. Калі быў студэнтам БДТУ, накіраваў свой погляд на армрэслінг і паўэрліфтынг. Па гэтых відах спорту на абласным і рэспубліканскім узроўні неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам. Маю званне майстра спорту па гэтых дысцыплінах. Ганаруся тым, што ў апошнім відзе спорту ўстанавіў чатыры рэкорды Беларусі. Яны яшчэ не пабітыя. Каб трымаць зададзены тон, па магчымасці, тры-чатыры разы ў тыдзень займаюся трэніроўкамі.


Анастасія КАРКАЧ, урач акушэр-гінеколаг УЗ “Петрыкаўская ЦРБ”:
– Адны з галоўных прыярытэтаў – здаровы лад жыцця і кар’ерны рост.
Што датычыцца першага – гэта адмаўленне ад дрэнных звычак, рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, умацаванне псіхічнага здароўя, фізічная актыўнасць: зарадка, наведванне спартыўных аб’ектаў. Прынцыпы здаровага ладу жыцця закладваюцца ў раннім узросце, таму раю ўсім маладым людзям прытрымлівацца іх, каб з гадамі не стаць пастаяннымі наведвальнікамі ўстаноў аховы здароўя.
Стаўлю перад сабой задачу стаць высокакласным спецыялістам. На маю думку, кар’ерны рост адыгрывае важную ролю ў асабістым развіцці. Ён дапамагае чалавеку раскрыць свой патэнцыял, развіць новыя навыкі і ўмацаваць упэўненасць у сабе. Для дасягнення мэты я “не стаю на месцы”: пераймаю вопыт калег, займаюся самаадукацыяй, вывучаю дадатковую літаратуру, цікаўлюся навінкамі, выязджаю на практыкумы і семінары.


Арцём КІСЯЛЁЎ, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонту будынкаў і збудаванняў ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас”:
– Больш за тры гады таму, пасля заканчэння Мазырскага ліцэя будаўнікоў, я прыйшоў працаваць на прадпрыемства. Яшчэ тады вызначыў для сябе мэту: накапіць грошай для набыцця ўласнага дома. А затым буду думаць і пра сям’ю. Паступова іду да рэалізацыі задуманага. Стараюся працаваць на вынік, ад ніякай працы не адмаўляюся.
Таксама ў прыярытэце актыўны адпачынак – рыбалка, лес. Такія віды дзейнасці ў параўнанні з пасіўным баўленнем часу даюць магчымасць пабываць на свежым паветры і зарадзіцца энергіяй.
Як бачым, маладыя суайчыннікі выбіраюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, асабістае развіццё, актыўную грамадзянскую пазіцыю і здаровы лад жыцця. А гэта яркі паказчык стабільнасці і дабрабыту беларускага грамадства.
Калектыў рэдакцыі віншуе ўсіх маладых землякоў са святам. Зычым творчага натхнення, добрага летняга адпачынку і цудоўнага настрою. Няхай вашы ідэі і ініцыятывы знаходзяць падтрымку і ўвасабляюцца ў жыццё!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о