Пераможцам конкурсу “Выратавальнік года-2023” у намінацыі “За асабісты ўклад у работу па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці і развіцці добраахвотніцтва, а таксама праяўленую смеласць і навыкі пры выратаванні людзей”, вынікі якога былі падведзены на пасяджэнні аблвыканкама, прызнаны ляснік ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Павел Герасіменка.
Днямі мы сустрэліся з Паўлам Іванавічам, каб выказаць сваё захапленне мужным учынкам земляка і даведацца пра падрабязнасці гераічнага выратавання суседкі. Па нашай просьбе мужчына вярнуўся ва ўспамінах да падзей, што адбыліся 12 кастрычніка мінулага года ў гарадскім пасёлку Капаткевічы.
– У той вечар, як звычайна пасля працоўнага дня, мы завіхалася з жонкай па хатніх справах: я займаўся дробнымі гаспадарчымі момантамі, жонка – укладвала дзяцей спаць. Звычайны сямейны вечар, нічога не прадвяшчала бяды.
Каля 22 гадзін, завяршыўшы ўсе справы, мы выйшлі на вуліцу. Амаль адразу я адчуў у паветры моцны пах гару. Пачаў прыглядацца, спрабуючы зразумець, адкуль ідзе дым. Але ў цемры нічога не было відаць. Мы з жонкай вырашылі прайсціся ў той бок, адкуль ішоў пах. Падышоўшы да дома суседкі, я ўбачыў, што з вокнаў ідзе дым. Ведаў: бабуля-пенсіянерка пражывае адна. Рашэнне прыняў імгненна – суседку трэба ратаваць. Пакуль бег да дзвярэй дома, паспеў крыкнуць жонцы “выклікай пажарных!”.
Дзверы ў хату былі зачынены, а густы дым ішоў з вокнаў.
“Мне трэба яе выратаваць! Мне трэба яе выратаваць!” – толькі гэтыя словы чуў я ў сваёй галаве. Прыкрыўшы нос і рот рукавом курткі, я зайшоў у запоўненае шчыльным дымам памяшканне. Дыхаць было вельмі цяжка, з вачэй цяклі слёзы. Была думка, што і сам страчу прытомнасць. Тады я паўзком, нахіліўшы галаву як мага ніжэй да падлогі, пачаў абследаваць пакой за пакоем. Планіроўка ў хаце была складаная, ды яшчэ і ўсё ў дыме… Бабулю знайшоў навобмацак у самым далёкім пакоі ад выхаду. Яна ляжала на падлозе і была яшчэ ў прытомнасці, але ўжо трымалася з апошніх сіл. “Я павінен выратаваць яе і вярнуцца да сваёй сям’і!” – зноў пранеслася ў маёй галаве. З апошніх сіл я пацягнуў суседку да выхаду. У нейкі момант з’явілася трывожнае адчуванне, што сілы пакідаюць мяне… Аднак сабраў волю ў кулак і папоўз далей – і вось яно, свежае паветра. Мы выбраліся, – з хваляваннем расказвае наш герой.
У той час, калі Павел Іванавіч даставаў з палаючага дома суседку, жонка выклікала выратавальнікаў. Каб прывесці жанчыну ў прытомнасць і сагрэць, Павел накінуў на яе сваю куртку. Праз некалькі секунд пенсіянерка ачуняла. Неўзабаве прыбылі экстраныя службы. Медыкі заняліся бабуляй, а ратавальнікі патушылі пажар.
– Ці было мне страшна? Вядома, было, нават адмаўляць гэтага не буду. Але я дакладна разумеў, што марудзіць нельга і трэба ратаваць чалавека. Я думаю, апынуўшыся на маім месцы, кожны зрабіў гэтак жа, – сціпла зазначыў наш герой.
“Прыемна, што ў нашым калектыве ёсць такія смелыя, рашучыя, неабыякавыя да чужой бяды людзі. Ды што там гаварыць, Павел Іванавіч сапраўдны герой. Без перабольшання, яго своечасовыя, аператыўныя і правільныя дзеянні дапамаглі прадухіліць далейшае ўзгаранне домаўладання і выратаваць пенсіянерку. Па вялікім рахунку, як правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, Павел Іванавіч ведае не па чутках. За 13 гадоў сваёй працы ў лесаахоўнай галіне раёна не аднойчы прымаў удзел у ліквідацыі лясных пажараў, у тым ліку вельмі буйных. Ён пастаянна ўдзельнічае ў рэйдах і іншых мерапрыемствах, накіраваных на навучанне грамадзян асновам бяспекі жыццядзейнасці і папярэджанне пажараў, гібелі лю-дзей ад іх і іншых надзвычайных сітуацый”, – пракаменціраваў нашаму карэспандэнту геройскі ўчынак свайго супрацоўніка дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Іван Торчык.
Нам жа застаецца яшчэ раз падзякаваць Паўлу Іванавічу за геройскі ўчынак і павіншаваць з узнагародай.
Падрыхтавала Галіна КАЗАК.
Фота “Гомельскай праўды”.
Оставить комментарий