Дзіцячы сад часта выклікае ў бацькоў менш заклапочанасці, чым школа. Школа – гэта ўжо адзнакі, якія вызначаюць узровень ведаў. У дзіцячых садках адзнак няма, але гэта не значыць, што дашкольная ўстанова адукацыі толькі для баўлення часу, тут ідзе свой адукацыйна-выхаваўчы працэс.
Карэспандэнты “ПН” завіталі ў ДУА “Капаткевіцкі дзіцячы сад” і пераканаліся, што дашкольная адукацыя – гэта цэлы свет любові да дзяцей, развіцця і творчасці.

З гонарам нам паказалі патрыятычны куточак з дзяржаўнай сімволікай, калекцыяй ваеннай тэхнікі і лялькамі. У дэталях вопраткі невялікіх лялек-вайскоўцаў створана такая дакладнасць, што адразу падумалася пра фабрычнае выкананне. Але не, гэта праца творчых педагогаў, фантазія і майстэрства якіх бязмежныя.

Лялька – асноўны атрыбут дзіцячых гульняў. На паліцах Капаткевіцкага садка (я нават назвала б гэта сцяной лялек) іх вельмі шмат – у народным адзенні, «мотанкі», абярэгі, па адной і групамі. Створана гэта прыгажосць бацькамі разам з дзецьмі. Некаторыя з гэтых лялек – сапраўдныя творы мастацтва і прэтэндуюць нават на музейную паліцу.

А побач выстраіліся ў рад, бы на вясковай вуліцы, міні-хаткі, якія распавядаюць пра жыццё прабабуль і прадзядуляў. Не гледзячы на ўзрост, захацелася пагуляць: пакласці ляльку ў калыску, заслаць посцілку на міні-ложачак, паставіць посуд на міні-столік. Дзеці з задавальненнем спасцігаюць асаблівасці жыцця ў мінулым праз гульні ў гэтых хацінках.

А далей нас запрасілі ў сапраўдны музей беларускага побыту. Здалося, што мы ў казцы пра Алісу ў Залюстроўі: раптам зменшыліся і патрапілі ў адну з тых мілых міні-хацінак. Усё, як там: ложак, вышываныя посцілкі і дываны, печ, прылады працы, посуд, канапы з вышыванымі дыванамі, стужкі саматканых дываноў пад нагамі. А яшчэ і рушнікі з нашымі беларускімі словамі ветлівасці.
Ёсць у музеі і свая “касцюмерная”, дзе дзеці і выхавацелі могуць апрануць адзенне сваіх продкаў і, як на машыне часу, трапіць у мінулае.
Выхаванцы тут “жывуць”, калядуюць, сустракаюць Пасху і іншыя беларускія святы, вывучаюць сівую даўніну. Маленькія беларусы знаёмяцца з прыладамі, ходзяць адзін да аднаго ў госці – і з дзяцінства ўбіраюць у сваю душу, у сваё мысленне багатую народную беларускую культуру.
Зазірнуўшы на некалькі хвілін у Капаткевіцкі дзіцячы сад, карэспандэнты на свае вочы пераканаліся, што там, за сценамі дашкольных устаноў нашага раёна, цэлы дзіцячы свет, у якім выхаванцы пражываюць сваё цікавае і займальнае, карыснае і пазнавальнае жыццё.
А на развітанне загадчык установы Святлана Дашкевіч адкрыла нам ісціну:
“Дзяцей трэба любіць – шчыра, ад усяго сэрца. Іх не ўзяць проста ласкавымі словамі, ліслівасцю, як дарослых, малыя вельмі адчувальныя да фальшы. І калі любоў да дзіцяці не ідзе ад самога сэрца, вы не атрымаеце іх прызнання, яны не захочуць ісці да вас у дзіцячы садок!”
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.







Оставить комментарий