Высокія прывагі – вынік карпатлівай працы

0
159

У СУП “Палессе-Аграінвест” не першы год рэалізуецца праграма развіцця малочнай жывёлагадоўлі. У ёй асаблівая ўвага надаецца ўзнаўленню статка і ўтрыманню маладняка. Якія поспехі ў гэтым накірунку маюць работнікі аддзялення “Аголічы”, днямі высвятляла наш карэспандэнт.

– МТФ “Аголічы” ўведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2008 года. У склад аб’екта ўваходзяць 5 беспрывязных жывёлагадоўчых памяшканняў для дойнага статка, вырошчвання маладняка, асемянення цялушак, навес для клетак-домікаў і адкормачнік для быкоў. Пагалоўе МТФ “Аголічы” складае 1230 галоў, – распавяла выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка, вядучы заатэхнік Таццяна Каладзей у час абходу фермы.

Высокія прывагі – вынік карпатлівай працы
Накіроўваемся да клетак-домікаў, дзе шчыруюць жывёлаводы па абслугоўванні цялят Наталля Шарамет і Галіна Краскоўская.
Наталля Антонаўна працуе на прадпрыемстве без малога два гады. Галіна Васільеўна – каля году. Можа, каму здасца і мала, аднак, паназіраўшы, як увішна і старанна жанчыны ўпраўляюцца з маладняком, як клапатліва і ўважліва ставяцца да кожнага свайго падапечнага, разумеем: працаўніцы на сваім месцы.
У дзень нашага наведвання фермы, на абслугоўванні ў жанчын знаходзілася 77 цялятак ва ўзросце ад 0 да 2 месяцаў і 156 жывёл ад 2 да 6 месяцаў.

Высокія прывагі – вынік карпатлівай працыЗразумела, што колькасць іх увесь час вагаецца, нязменнымі застаюцца задачы, якія стаяць перад жывёлаводамі.
Як пазначаюць жанчыны, штодзень галоўным іх клопатам з’яўляецца інтэнсіўны адкорм цялят. Яно і зразумела: зыходзячы з праграмы развіцця малочнай жывёлагадоўлі, МТФ “Аголічы” арыентавана на вырошчванне маладняку высокіх вагавых кандыцый.
“Прымаюць” цялятка жывёлаводы вагой 23-30 кілаграмаў, а ўжо праз два месяцы пераводзяць у памяшканне для вырошчвання маладняка 100-кілаграмовага гадаванца.

Высокія прывагі – вынік карпатлівай працыВажным складнікам прываг і захаванасці статку, па словах вядучага заатэхніка Таццяны Каладзей, з’яўляецца падтрыманне належнага санітарнага стану ў клетках-доміках і хлявах, дзе ўтрымліваецца жывёла.
– Штодзень мы прыбіраем за жывёлай, сочым, каб у іх было чыста і суха. Калі маленькіх пераводзім у памяшканні, то абавязкова домікі белім вапнай, прасушваем, рыхтуем для новых жыхароў, – далучаецца да размовы Наталля Антонаўна. – У абавязковым парадку кожныя дзве гадзіны мы мяняем ім ваду, зімой поім цёплай. Што да кармлення, то і тут усё па навуцы: у кожнай узроставай групы свой рацыён і свае нормы.

Высокія прывагі – вынік карпатлівай працыУважліва сочаць жанчыны і за “міжасобаснымі” ўзаемаадносінамі сваіх падапечных: пашкадуюць і абароняць слабейшага, пракантралююць, каб паеў як след, не быў адціснуты дужым і мацнейшым – літаральна, як клапатлівыя выхавацелі ў дзіцячым садку.
Як адзначаюць нашы гераіні, сваю заработную плату яны фарміруюць самі. А складаецца яна з адказнай і карпатлівай штодзённай працы, з паказчыкаў прываг і захаванасці статку.

Высокія прывагі – вынік карпатлівай працы
Строгае захаванне тэхналагічных нормаў кармлення і ўтрымання жывёлы дазваляе жанчынам з пастаўленай задачай спраўляюцца годна: за красавік, па інфармацыі вядучага заатэхніка Таццяны Каладзей, сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе жывёл, якіх абслугоўваюць нашы гераіні, склала 1026 грамаў.
Ну а дома Наталлю Антонаўну і Галіну Васільеўну чакаюць сем’і, клопаты па гаспадарцы, работа на прысядзібным участку – аднак і там у іх пануе поўны парадак.
Пасля зносін з работнікамі фермы чарговы раз пераканаліся, што менавіта пачуццё асабістай адказнасці і датычнасці да фарміравання ўласнага і калектыўнага дабрабыту робіць працу МТФ “Аголічы” выніковай.
Пажадаем працаўнікам фермы і надалей мець добрыя вытворчыя паказчыкі на працы, а дома – захоўваць утульнасць і дабрабыт.

Галіна КАЗАК,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о