У канцы мінулага тыдня на базе Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк прайшла прэзентацыя зборнікаў паэтаў Петрыкаўшчыны Антаніны Рыбалка і Любові Арловай.
Наша малая радзіма надзвычай паэтычная і новыя зборнікі землякоў – вялікая падзея для жыхароў раёна. Сваёй творчасцю мясцовыя паэты, пісьменнікі ўслаўляюць на ўсю краіну і за яе межамі нашу Палескую глыбінку. У паэтычнага слова нашых гераінь на працягу многіх гадоў існуе армія прыхільнікаў, іх кнігі служаць падтрымкай у рабоце ўстаноў культуры і адукацыі. У кожным радку, напісаным імі – іх і наша з вамі жыццё.
“Па жыццёвых сцежках” – трэці зборнік вершаў паэткі з пасёлка Муляраўка. У кнігу ўвайшлі вершы апошняга часу, пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, любоў да Радзімы і бацькоўскага дома, прыгажосць роднага краю, працавітых, шчодрых людзей, якія жвыуць на гэтай зямлі, пра каханне, жартоўна-сатырычныя творы. Выданне не пакіне абыякавым ні знаўцаў літаратуры, ні далёкага ад паэзіі чалавека. У аўтара няма выпадковых вершаў, радкоў. Яны ўсе напісаны, як быццам на адным дыханні: глыбокія, выразныя, па-сапраўднаму душэўныя і зразумелыя кожнаму:
У мяне спыталі,
што такое шчасце?
Думала я доўга,
перш чым адказаць –
Шчасце на Радзіме
жыць у роднай хаце,
На ўсходзе промень сустракаць.
Як спяваюць нівы залатыя ў полі,
А над імі птушка белая ляціць.
Гэта значыць – хлеба
на стале даволі,
У дастачы людзі
нашы будуць жыць.
Заключную частку зборніка складаюць вершы дачкі і ўнучкі Антаніны Адамаўны, што даказвае вядомую ісціну: у таленавітых лю-дзей і працяг роду годны.
Жыццё і паэзія для нашай зямлячкі з райцэнтра Любові Арловай – не-падзельныя. З яе падачы свет убачылі мноства зборнікаў паэзіі, тры гады ? таму выйшла кніга, прысвечаная яе бацьку, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Герою Савецкага Саюза. Мабыць, няма такой тэмы, якую б не кранула жанчына ў сваіх творах. Яе місія – гаварыць пра выпакутаванае, перажытае, пра тое, што мае найвышэйшую каштоўнасць. Але ва ўсіх сваіх творах яна верная свайму аптымізму і жыццялюбству. Чарговы зборнік – “Мысли на бумаге”, працягвае дэманстраваць творчыя магчымасці паэткі і складаецца з трох радзелаў. Першы – вершы, кожны з якіх перадае тую ўдумлівасць і чуласць душы, якія характарызуюць аўтара па жыцці. Другі – думы-эсэ. Сама зямлячка прызнаецца: часам у галаву прыходзяць думкі, якія доўгі час акумулююцца ў свядомасці, даюць падставу для разважанняў, назіранняў і аналізу. У выніку нараджаецца адказ, нейкая ісціна, якая кладзецца на паперу. У апошні раздзел увайшлі пераклады вершаў дагестанскай паэткі Эльміры Ашурбекавай, творчасць і жыццёвая паціцыя якой, па словах паэткі, вельмі блізкія ёй. У вершах Любові Мікалаеўны нямала суму, сціплай прыгажосці і непадробнага патрыятызму, яна – паэтка са сваім асаблівым, унікальным гучаннем:
На скорости летят лета,
Жизнь тише, но бурлит.
Была любовь светла, чиста, –
Остался белый лист.
Прошла, не без следа, беда,
Душа ещё болит.
Нет прошлых дней,
но есть всегда
Бумаги белый лист.
Мерапрыемства прайшло ў душэўнай і цёплай атмасферы. Павіншаваць і паслухаць аўтараў прыйшлі прыхільнікі паэзіі, людзі, якія ведаюць паэтычнае слова знутры. Несумненна, што ў новых выданняў з’явіцца вялікая колькасць прыхільнікаў. Пазнаёміцца з творчасцю аўтараў можна ў Петрыкаўскай сетцы публічных бібліятэк. Мы віншуем Антаніну Адамаўну і Любоў Мікалаеўну з выхадам новых зборнікаў і жадаем здароўя, творчых знаходак і натхнення!
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий