У гэтыя выхадныя Нацыянальны парк “Прыпяцкі” стаў пляцоўкай для правядзення Пінскіх міжраённых іспытаў для паляўнічых сабак па падсадным кабане.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць

 

Не сакрэт, што сабака – выдатны памочнік на паляванні. Ён можа ўзяць след звера, дастаць жывёлу з нары або прынесці падстрэленую качку. Аднак, каб чацвяраногі сябра стаў сапраўдным памочнікам гаспадару і кампаньёнам, да яго падрыхтоўкі трэба ставіцца сур’ёзна і адказна.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Менавіта з гэтай мэтай у Нацпарк “Прыпяцкі” ў мінулую суботу з’ехаліся паляўнічыя з Брэсцкага рэгіёну. У спецыяльна для гэтых мэтаў пабудаваным вальеры, які, па меркаванні арганізатараў спаборніцтваў, з’яўляецца лепшай пляцоўкай у рэспубліцы, на працягу двух дзён праходзілі міжраённыя іспыты па падсадным кабане.
У межах мерапрыемства, акрамя вызначэння гатоўнасці сабак “ісці на кабана”, выяўлялі лепшых паляўнічых сабак для племянной работы, даючы ім ацэнку па экстэр’еры.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Што да палявых іспытаў, то, перш чым распавесці пра ход і вынікі, лічу неабходным растлумачыць непадрыхтаванаму чытачу, а тым больш прадузятаму, што ж гэта за мерапрыемства такое – выпрабаванне паляўнічых сабак па падсадной жывёле.
Адказваючы на пытанне навошта яно праводзіцца, скажу так: каб зрабіць паляванне максімальна бяспечным для ўсіх удзельнікаў, да яго трэба рыхтавацца. Так, на базе «Прыпяцкага» жыве кабан, які дапамагае навучаць і выпрабоўваць сабак. Гэта дазваляе сабаку як мінімум пазнаёміцца са зверам і хоць крыху зразумець, чаго ж ад яго хочуць на паляванні.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Што да кабана-“настаўніка”, то жыве ён у прасторным вальеры, па сутнасці – у абгароджаным участку лесу, які адрозніваецца ад яго натуральнага асяроддзя пасялення толькі гарантаваным штодзённым пайком і агароджай з сеткі рабіцы.
Выпрабаванні ж праводзяцца ў іншым, сумежным з жылым, вальеры.
Гаворачы пра ролю сабакі падчас палявання на кабана ва ўмовах Беларусі, эксперты адзначаюць, што ён павінен знайсці ў лесе звера, а затым настойліва і няўхільна яго пераследваць і аблайваць з бяспечнай адлегласці, робячы ў бок кабана агрэсіўныя выпады, даючы магчымасць паляўнічаму ўтойліва падысці да звера на адлегласць стрэлу.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Што непасрэдна да нашых іспытаў, то прайшлі яны згодна існуючага пратаколу, па якім да паляўнічых сабак, прыдатных для выкарыстання на паляваннях, прад’яўляюцца наступныя патрабаванні: сабака, спушчаны з павадка, павінен актыўна і мэтанакіравана абшукаць угоддзі і ў вызначаны рэгламентам час знайсці звера. Знайшоўшы, павінен гучна падаць голас. Звера, які імкнецца ўцячы, неабходна ўсімі сваімі дзеяннямі спрабаваць утрымліваць на месцы да прыходу гаспадара. Пры гэтым сабака павінен быць паслухмяным і пазывістым, спыняць працу па сігнале гаспадара.
Наколькі моцна “пакутуе” кабан падчас выпрабаванняў? Не надта. Бегаць яму, вядома, даводзіцца. Калі сабака настойлівы і смелы, то кабан яшчэ і лычом можа памахаць. У нашым жа выпадку, усё было зве-дзена да “кросу з перашкодамі”. Па словах экспертаў, сабакі кабана часам хапаюць, але гэта здараецца вельмі рэдка, і тое за шчацінне, што дарослым зверам практычна не адчуваецца. Таму што гэта, па-першае, не заахвочваецца паляўнічымі. Па-другое, гэта не заахвочваецца наглядчыкамі вальера і камісіяй, таму што кабана берагуць, ды і разадраны сабака нікому не патрэбны.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Калі ў некага ўзнікла меркаванне, што гэта цкаванне сабак на хатнюю свінку, то гэта не так.
Вальерны падсадны кабан – гэта прафесіянал, які сабак і іх манеры ведае і адчувае вельмі тонка. Менавіта пагэтаму і паводзіў ён сябе ў час іспытаў з кожным сабакам па-рознаму.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць
Па выніках мерапрыемства зразумела адно: калі сабака па-майстэрску працуе з падсадным зверам, то і пры сустрэчы з дзікім ён не падвядзе.
На жаль, не ўсе заяўленыя да выпрабаванняў сабакі атрымалі запаветны дакумент – некаторым варта патрэніравацца яшчэ.

Выпрабаванне на паляўнічую прыгоднасць

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о