Выхоўваць любоў да прыроды неабходна з дзяцінства
Упершыню ў Петрыкаве арганізавана дашкольнае лясніцтва. Гэта эколага-адукацыйнае аб’яднанне, у якое ўвайшлі выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Петрыкава, курыруюць работу педагогі цэнтра і спецыялісты Петрыкаўскага лясгасу. Для дзяцей нават пашылі форму, як у дарослых работнікаў.
У час экскурсіі па гадавальніку, яго начальнік Юлія Макарэцкая пазнаёміла рабят з гісторыяй лясной гаспадаркі, распавяла пра дзейнасць лясгасу, захаванне і аднаўленне лясоў, а таксама пра тое, з чаго пачынаецца лес, як вырошчваюцца саджанцы і ажыццяўляецца іх пасадка.
Аб ахове і абароне лясоў, рабоце сістэмы відэаназірання і пажарнай бяспецы ў лесе малыя даведаліся ад начальніка ПХС Віктара Дамасевіча і пажарнага вартаўніка Анатолія Кебца, які расказаў пра важнасць захавання лясоў, іх значэнне, пра людзей, якія прысвяцілі гэтай справе сваё жыццё, пра тое, як шмат трэба ўкласці сіл і часу, каб вырасла дрэва.
“Быць юным лесаводам – гэта вельмі ганарова і адказна, – звярнуўся да дзетак інжынер-лесапаталог Дзяніс Макарэцкі. – Менавіта таму даверыць місію можна толькі самым актыўным і клапатлівым дзецям раёна, якія будуць берагчы родную прыроду і папулярызаваць прафесіі працаўнікоў лясной галіны”.
Вельмі хочацца, каб 20 маленькіх удзельнікаў створанага дашкольнага лясніцтва навучыліся беражліва адносіцца да прыроды і правільна выкарыстоўваць яе багацці, а атрыманыя веды ў будучыні дапамаглі б ім вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху.
Алена Панамарэнка,
загадчык ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці
горада Петрыкава”.
Оставить комментарий