Вясновы дзень год корміць

0
295

 

Днямі наведалі аддзяленне “Вялаўск” СУП “Палессе-Аграінвест”, дзе ўжо завяршаецца падкормка азімай збажыны карбаміда аміячнай сумяссю (КАС). Пра планы на новы сельскагаспадарчы сезон распавёў упраўляючы аддзялення Васілій Казачэнка.

Шлях ад паромнай пераправы да МТФ, дзе дамовіліся сустрэцца з Васіліем Уладзіміравічам, пралягае ўздоўж палеткаў СУП. Па ходу руху аўтамабіля з цікавасцю разглядаю сельгасугоддзі гаспадаркі і для сябе адразу адзначаю неблагую ўсходжасць і захаванасць азімых. На суседнім полі ідзе ўнясенне арганікі, якая тут жа прыворваецца – па ўсім відаць, веснавыя палявыя работы ў аддзяленні ў разгары.
Слушнасць маіх меркаванняў пры сустрэчы пацвердзіў і ўпраўляючы, які распавёў пра планы на бягучы сезон.
– Пасяўныя плошчы сёлета будуць размеркаваны наступным чынам: у планах пасеяць 150 гектараў яравых зерневых, 700 гектараў кукурузы (550 – асноўны пасеў і 150 – пажніўны). 200 гектараў сельгасугоддзяў адвядзем пад шматгадовыя травы, прычым на палове з іх запланавана перазалужэнне, якое ўжо пачалося. Працягваецца падкормка мнагалетніх траў калійнымі ўгнаеннямі.
Што да азімага кліну, то сёлета ён займае 469 гектараў: з іх 75 – азімы трэцякалій і 394 – азімая ярына. Захаванасць палеткаў у нас неблагая і ўсе азімыя зерневыя на сённяшні дзень ужо падкормлены, – пазначыў у час размовы Васілій Казачэнка.
Пад яравы сеў, па інфармацыі ўпраўляючага, з восені ўнесена 10900 тон арганікі. Працягваецца гэта работа і цяпер. Акрамя таго, пад яравы сеў цалкам ужо ўнесены і калійныя ўгнаенні.

Вясновы дзень год корміцьАдначасова ідзе падрыхтоўка палеткаў і пад сяўбу кукурузы: вывозіцца і прыпахваецца арганіка.
– У тэхналагічныя тэрміны мы ўсё паспеем. Затрымак ні па людзях, ні па тэхніцы няма. Забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі і мінеральнымі ўгнаеннямі ў нас 100%. Ды і тэхніка да сезону гатова ў поўным аб’ёме: абслужана, адрамантавана, пройдзены тэхнічны агляд кожнай адзінкі.
У сезон нам на дапамогу прыязджае мехатрад СУП, а пакуль з усім аб’ёмам работ спраўляюцца мясцовыя механізатары, – не без гонару адзначае ўпраўляючы.
З адным з вопытных механізатараў у нас і адбылася сустрэча ва ўрочышчы Клёваніца.

Вясновы дзень год корміцьАляксандр Амельчанка (на здымку) – ураджэнец Вялаўска. Па заканчэнні школы адвучыўся ў Мазырскім палітэху, адслужыў у войску і вярнуўся на малую радзіму. Механізатарам працуе больш за 10 гадоў. Прыйшоў у прафесію наш герой, каб годна працягнуць бацькаву справу, які таксама шчыра і рупліва даглядаў палеткі роднага сельгаспрадпрыемства.
У дзень нашага прыезду механізатар быў заняты на падкормцы азімага трэцякалію. На палетку, што займае плошчу ў 75 гектараў, наш герой, па яго словах, доўга не затрымаецца. Дзень, паўтара – і работы на ім будуць завершаны.

Вясновы дзень год корміць

– Новы трактар, якому толькі 5 гадоў, і набытая сёлета лейка дазваляюць працаваць у добрым тэмпе, не хвалюючыся за тэхнічны стан агрэгатаў, – распавёў Аляксандр Уладзіміравіч.
Поўны парадак у нашага героя і дома: з жонкай, якая працуе сацыяльным работнікам, выхоўваюць трох дзетак. Малодшая наведвае дзіцячы садок, старэйшыя – школу ў Асаўцы.
Шматдзетны бацька ведае кошт сялянскай працы і дабрабыту – трымае гаспадарку, без працы на зямлі не ўяўляе свайго жыцця. Гарадское, ва ўсіх сэнсах лягчэйшае жыццё, ніколі не прываблівала Аляксандра.
З дзяцінства прывучае да працы і сваіх дзетак – кожнаму знойдзецца праца па сілах і па ўзросце.
У хуткім часе вырашыцца пытанне перадачы ва ўласнасць сям’і Амельчанка саўгаснага доміка – адпрацаваўшы ў гаспадарцы больш за 10 гадоў, наш герой мае на гэта права. Пажадаем аддзяленню “Вялаўск” СУП “Палессе-Аграінвест”і Аляксандру Уладзіміравічу ўдалага ва ўсіх сэнсах сельскагаспадарчага году: годных паказчыкаў і высокіх заробкаў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о