Напрыканцы мінулага тыдня Петрыкаўшчыну наведаў Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа.
Тэатральны калектыў прыехаў з пастаноўкай “Тёща от первого брака или брак поневоле”. Спектакль пастаўлены па п’есе Ліліі Люцар, імя якой уваходзіць у дзясятку лепшых расійскіх пісьменнікаў-гумарыстаў, а рэжысёрам выступіў не менш вядомы беларускі рэжысёр Юрый Вутта. Вясёлая гісторыя гледачом была ацэнена па заслугах: смех, апладысменты, бурныя авацыі – у зале не было ніводнага свабоднага месца. Прысутныя разам з персанажамі траплялі ў заблытаныя і анекдатычныя сітуацыі. Назіралі, як у жыцці адной сям’і ўсё перамяшалася, і як героі знаходзяць выйсце з сітуацый. Энергетыка акцёраў, іх цудоўная перадача вобразаў у спалучэнні з музыкай, дэкарацыямі рабілі дзеянне цікавым і захапляльным. Артысты змаглі прывабіць гледача з першай хвіліны пастаноўкі і трымаць у неабходным тонусе больш за гадзіну. Дарэчы, пастаноўкі мазырскіх тэатралаў карыстаюцца поспехам не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Калектыў неаднаразовы лаўрэат прэстыжных конкурсаў, уладальнік нацыянальных прэмій і па праве карыстаецца любоўю прыхільнікаў тэатральнай творчасці.
Словы падзякі гасцям выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер. “Вы падаравалі нам цудоўны свет тэатральнага мастацтва, прыемныя і незабыўныя імгненні. Прыміце ў знак падзякі і захаплення вашай творчасцю ад петрыкаўчан гэты букет кветак. Разам з ім мы адрасуем жыхарам Мазыршчыны пажаданні міру, дабра і росквіту”, – адзначыў прадстаўнік улады.
Пасля спектакля ў фае Дома культуры гледачы не спяшаліся разыходзіцца дадому – для аматараў тэатра гэты вечар быў незабыўны. Прыхільнкі мастацтва абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся навінамі культурнага жыцця краіны. Многія прысутныя наведалі прадстаўленне сем’ямі, што дазволіла бесклапотна адпачыць ад працоўных будняў, удосталь пасмяяцца. Што прыкметна: на спектакль прыйшло і шмат людзей ва ўзросце, што дэманструе цікавасць да свецкага жыцця рознаўзроставых катэгорыйжыхароў раёна.
Назіраючы за землякамі, прыйшла да высновы, што такія мерапрыемствы, безумоўна, робяць жыццё больш яркім, прыемным, а наш глядач адкрыты да новых сустрэч.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий